Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Юшчанка і Цімашэнка ня зьвязаныя абяцаньнямі экспартаваць дэмакратыю ў Беларусь”


Віталь Цыганкоў, Менск Як доўга можа пратрымацца “памаранчавая” кааліцыя ва Ўкраіне? Як украінскі ўрад на чале з Юліяй Цімашэнка будзе выбудоўваць адносіны з афіцыйным Менскам? Гэтыя пытаньні наш аглядальнік Віталь Цыганкоў абмяркоўвае з палітолягам Віталям Сіліцкім.

Цыганкоў: “16 кастрычніка было аб’яўлена пра фармаваньне “памаранчавай” кааліцыі ва Украіне. І адразу ж аналітыкі пачалі задавацца пытаньнем, наколькі трывалым будзе гэты ўурад, улічваючы ня вельмі ўдалы досьвед папярэдняй аранжавай кааліцыі. Віталь, наколькі моцнай будзе гэтая вэрсія “памаранчавай” кааліцыі,колькі яна можа пратрымацца?”

Сіліцкі: “Безумоўна, вельмі моцнай яна ня будзе, бо іхняя перавага ў Вярхоўнай Радзе – усяго некалькі галасоў, і гэта можа зьмяніцца пры самых нечаканых абставінах. Хаця я ня стаў бы прагназаваць імгненнага распаду кааліцыі, бо яе зьяўленьне шмат у чым адлюстроўвае волю выбарнікаў. А што можа здарыцца, калі працуеш “па паняцьцях”, прадэманстраваў лёс Сацыялістычнай партыі Мароза. Так што стымул прытрымлівацца волі выбарнікаў у украінскіх палітыкаў зараз, відавочна, ёсьць”.

Цыганкоў: “Ці можна канстатаваць, што гэты “памаранчавы” урад будзе аб’ектам даволі жорсткага ціску з боку Масквы? Ці не перашкодзіць гэта нармальнай працадзейнасьці кааліцыі?”

Сіліцкі: “Натуральна, будзе. Але ён будзе аб’ектам жорсткага ціску Масквы ня больш, чым любы урад, напрыклад, Латвіі ці Эстоніі. Ціск ужо пачаўся на наступны дзень пасьля парлямэнцкіх выбараў, калі раптам усплыла праблема доўгу за газ.

Але гэты ціск украінскія палітыкі скарыстоўваюць у якасьці самалегітымізацыі на унутраных украінскім палітычным полі. Так што не заўжды ён настолькі непажаданы. Бо любы канфлікт – гэта інфармацыйная нагода і сродак мабілізаваць нацыю”.

Цыганкоў: “Як гэта ня дзіўна, але менавіта пасьля перамогу Віктара Юшчанкі на прэзыдэнцкіх выбарах зьявілася тэндэнцыя паляпшэньня беларуска-ўкраінскіх эканамічных дачыненьняў. Яна падмацаваная ростам таваразвароту паміж двума краінамі, які сёлета дасягне 3 мільярдаў даляраў. З гэтага парадаксальнага факту, як могуць скласьціся адносіны паміж новым украінскім урадам і кіраўніцтвам Беларусі?”

Сіліцкі: “Ведаеце, а чаму парадаксальнаму? Ані Юшчанка, ані Цімашэнка ня зьвязаныя абяцаньнямі экспартаваць дэмакратыю ў Беларусь. Ёсьць прагматычныя пытаньні, і ў першую чаргу процістаяньне тым выклікам, якія нясе расейская палітыка да сваіх заходніх суседзяў. І тут якраз інтарэсы любой беларускай і любой украінскай улады будуць спалучацца.

Лукашэнка хутчэй наладзіць адносіны з “памаранчавым” урадам, чым з Януковічам, які паводле духу нібыта яму больш блізкі. Не гледзячы на рыторыку і празаходнюю арыентацыю, “памаранчавы” урад будзе ставіцца да Беларусі ня менш прагматычна, чым, напрыклад, амэрыканцы да Азэрбайджану альбо эўрапейцы да Лібіі”.

• Украіна: Ці доўга пражыве новая аранжавая кааліцыя?, 16.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG