Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзь увечары адзначыць Дзень салідарнасьці


Любоў Лунёва, Менск Сёньня дзень салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьнямі. А восьмай вечара моладзевыя актывісты зьбяруцца на сумесную малітву ў Менску каля кляштару бэрнардынцаў.

Актывісты традыцыйна запаляць сьвечкі на знак салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьнямі. Роўна два гады таму, 16 кастрычніка, адбылася першая акцыя салідарнасьці.

Сьвятлана Завадзкая, муж якой — апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі — зьнік пры загадкавых абставінах, прыгадала:

“Амапаўцы вельмі жорстка разагналі мірную акцыю. Тады Мікіта Сасім зьняў сваю джынсавую кашулю і зрабіў зь яе сьцяг. Пасьля гэтага прайшла ініцыятыва кожны месяц 16-га адзначаць дзень салідарнасьці. Ведаеце, для нас, сваякоў зьніклых, гэта вельмі важны дзень, бо, калі нават нехта й не запальвае гэтай сьвечкі, але ён памятае пра тое, што здарылася з гэтымі людзьмі”.

Акцыі салідарнасьці адзначаліся штомесяц 16-га чысла ў розным фармаце. На пачатку сябры аргкамітэту Ірына Халіп, Ірына Красоўская і Мікіта Сасім заклікалі людзей у гэты дзень выключаць у восем вечара на пятнаццаць хвілінаў сьвятло і запальваць у вокнах сьвечкі.

Пазьней акцыі пачалі ладзіць на вуліцах — у розных месцах зьяўляліся расьцяжкі з патрабаваньнем вызваліць палітвязьняў.

А праз чатыры месяцы пасьля пачатку акцыі моладзевыя актывісты расклейвалі партрэты зьніклых і палітвязьняў у людных месцах і запальвалі каля іх сьвечкі. Некалькі акцыяў салідарнасьці правялі на Кастрычніцкай плошчы і каля расейскай амбасады. Здараліся і затрыманьні.

Сёньня моладзевыя актывісты традыцыйна зьбяруцца каля кляштару бэрнардынцаў.

Гаворыць актывістка незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Кася Галіцкая:

“Акцыю салідарнасьці мы мусім праводзіць, і моладзь яе праводзіць, нягледзячы ні на якія пагрозы затрыманьняў ці нават зьбіцьцё міліцыянтамі і амапаўцамі. Моладзь праяўляе сваю салідарнасьць ня толькі з палітвязьнямі. Мы молімся за лёс усёй Беларусі й традыцыйна цягам апошняга часу зьбіраемся каля кляштару бэрнардынцаў. Будзем маліцца таксама за вернікаў усіх канфэсіяў, якія сёньня церпяць перасьлед у сёньняшняй Беларусі”.

Маладзёны не выключаюць, што падчас сумеснай малітвы іх могуць затрымаць.

• Удзельнікі акцыі ля кляштару бэрнардынцаў вызваленыя зь міліцыі, 16.05.2007 • У Магілёве і Асіповічах адзначылі Дзень салідарнасьці, 16.05.2007 • У Насты Азаркі патрабавалі назваць прозьвішчы й адрасы актывістаў, 17.05.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG