Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 15 кастрычніка


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва

На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць вынікі "Эўрапейскага маршу", які прайшоў у Менску 14 кастрычніка.

“У гэтай сытуацыі нешта мяняць вельмі складана. Хоць апазыцыя стараецца – ня ўчора ж гэта пачалося. Улада ўпарта ўмацоўвала сябе ўлюбёную цягам 13 год, а апазыцыя ўвесь гэты час жавала жуйку. А цяпер, калі ўлада ўмацавалася рукамі й нагамі, дастаць яе з гнязда будзе вой як складана. Думаць трэба было ня зараз, а ў 96-ым, калі й на мітынгі па 50 тысячаў прыходзіла, і прэса была незалежная, і радыё... а цяпер адзін чорт – сабраліся дзьве тысячы раз на паўгода. Жывыя мы, і дзякуй богу... і разышліся па хатах. Сумна ўсё, спадарства”.

“Тое, што не жыве – ужо практычна зразумела. Тое, што не Беларусь – ужо таксама відавочна. Увогуле, краіне, у якой прымаецца столькі антыбеларускіх законаў, называцца Беларусьсю неяк непрыстойна”.

“Пытаньне: чаму ў нашай краіне апазыцыя ня мае магчымасьці тлумачыць свой пункт гледжаньня ў СМІ? Адказ на гэтае пытаньне растлумачыць, чаму прайшла ўчора гэтая акцыя. І на маю думку, прайшла нармальна (наколькі гэта магчыма ў гэтых умовах). І я думаю, што лідэрам апазыцыі трэба дамагацца магчымасьці адстойваць свае меркаваньні на ТБ”.

Блогер Яўген Ліпковіч адшукаў на сайце НІСЭПІ вынікі сацыялягічнага апытаньня сярод беларусаў: “Як Вы ставіцеся да таго, каб празь некаторы час пераемнікам Аляксандра Лукашэнкі на пасту прэзыдэнта Беларусі стаў ягоны сын?” Станоўча адказалі каля 16 адсоткаў апытаных, адмоўна – амаль 68, а 16,5 адсоткаў устрымаліся ад адказу. Чытачы блогу камэнтуюць:

“Нічога, папросту піяр Іх Высокасьці яшчэ не пачаўся”.

“А я веру, што расьце вартая зьмена. Дзяржаваўтваральныя людзі ў нас не перавяліся! Будзем унукам сваім апавядаць, што бачылі прэзыдэнта маладым!”

Блогер L_u_f_t вырашыў выпадковым чынам зьмяшаць тэксты старшыні Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага ды тэлевядучай Люсі Лушчык. На думку L_u_f_t’a, горш ня стала, стала нават больш асэнсавана. Вось урывак з гэтага шэдэўру:

«Поющие королевы» летась не захацелі ўзяць ганарар, калі працавалі на юбілеі майго таты, гэта вынятак з правілаў. І што, вось з гэтым да народу, на парлямэнцкія і/ці прэзыдэнцкія выбары? Выступы на карпаратыўных імпрэзах беларускім артыстам добра аплачваць ня хочуць. Ну, прыходзьце, мажарытарная сыстэма любіць, калі кандыдаты выражаюцца яшчэ круцей. А ўжо калі плацяць, дык лічаць, што аплацілі ня толькі выступ, але й нефармальнае камунікаваньне – пасядзець за сталом, «пазнаёміцца зь сябрам», прылюдна абняцца для фотаздымку на памяць. Хоць у цэлым «Матэрыялы» – кніга добрая, у духу Ўінстана Чэрчыла, які казаў, што няма нічога лепшага за добрую кнігу. Асабліва, калі спатрэбяцца пыжы для патронаў. Для чаго трэба абдымацца зусім чужым людзям?»

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG