Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Апазыцыя дзейнічае ні на беларускую, ні на замежную аўдыторыю, яна “рэч у сабе”


Віталь Цыганкоў, Менск Як можна ацаніць вынікі “Эўрапейскага маршу”? Ці дасягнула апазыцыя сваіх мэтаў? Чаму ўлады не пайшлі на разгон гэтай акцыі? Гэтыя ды іншыя пытаньні абмяркоўваюць у перадачы “Экспэртыза Свабода” рэдактар інтэрнэт-выданьня “Салідарнасьць” Аляксандар Старыкевіч і аглядальнік газэты “Белорусы и рынок” Паўлюк Быкоўскі.

Цыганкоў: “Як можна ацаніць вынікі “Эўрапейскага маршу”? Арганізатары кажуць пра посьпех, іншыя заяўляюць, што 5 тысяч удзельнікаў – ня тая лічба, якую можна лічыць посьпехам. Магчыма, апазыцыя занадта завысіла плянку гэтай падзеі, калі заяўляла, што той, хто ня прыйдзе на “Марш” – не эўрапеец?”

“Апазыцыя сёньня здольная ў лепшым выпадку мабілізаваць уласны актыў, але не прыцягнуць нейкіх новых людзей”

Старыкевіч: “Калі апазыцыйныя лідэры выказваюць задаволенасьць вынікамі маршу, то, значыць, яны не маняць. Сапраўды, тыя задачы, якія яны перад сабой ставілі, вырашаныя.

Іншая размова пра вартасьць гэтых мэтаў: які сэнс выводзіць на вуліцы 3-5-7 тысячаў чалавек. Але гэта тэма асобнай гутаркі.

Апазыцыя сёньня здольная ў лепшым выпадку мабілізаваць уласны актыў, але не прыцягнуць нейкіх новых людзей. Таму дасягнуць некага прынцыпова іншага выніку яна наўрад ці магла. Усё робіцца па адной схеме – “Эўрапейскі марш”, зараз будзе “Сацыяльны марш”, – і гэта будуць адны і тыя ж людзі без пэрспэктываў пашырэньня. Мяркую, што з такім становішчам лідэры апазыцыі пагадзіліся, і ім цяпер галоўнае пазьбегнуць правалаў у мабілізацыі актыву”.

Быкоўскі: “Я прыгадваю, што 8 чэрвеня старшыня аргкамітэту “Эўрапейскага маршу” Віктар Івашкевіч казаў пра тое, якія будуць крытэры эфэктыўнасьці акцыі. Сярод гэтага гучалі і дадзеныя сацыёлягаў, што большасьць мусіць падтрымліваць прапановы Эўразьвязу, большасьць будзе на карысьць эўраінтэграцыі. Але гэта яшчэ трэба чакаць. Вянцом пяцімесяцавай інфармацыйнай кампаніі назвалі менавіта “Эўрапейскі марш”, і ён мусіў сабраць 20 тысячаў чалавек. Было ж максымум 5 тысячаў.

Таму ў сваім артыкуле ў газэце “Белорусы и рынок” я напісаў “Марш на пяцёрку – па 20-бальнай шкале”.

Цыганкоў: “Такім чынам, для вас колькасьць удзельнікаў – гэта адзіны крытэр вызначэньня эфэктыўнасьці акцыі? Нейкія іншыя акалічнасьці вас не цікавяць?”

Быкоўскі: “Гэта, безумоўна, не адзіны крытэр. Згадвалі таксама і сацыёлягаў, але гэтага яшчэ трэба пачакаць, і шмат залежыць ад таго, як паставіць пытаньне пра эўраінтэграцыю. Але ўпершыню апазыцыя абвясьціла, паводле якой шкалы яна прапануе сама сябе ацэньваць. Калі прымаць іхнія ж крытэрыі, то я магу рабіць такую выснову – гэта ў чатыры разы меней, чым яны хацелі”.

Старыкевіч: “Сёньня апазыцыя існуе ў нейкай сытуацыі, калі яна дзейнічае ані на беларускую, ані на замежную аўдыторыю, яна “рэч у сабе”. Штогод выконваецца прыкладна адна і тая ж праграма, мяняюцца толькі назвы – Быў “Марш свабоды”, цяпер “Эўрапейскі”, “Сацыяльны”. Выкарыстоўваюцца тыя ж сродкі – налепкі, аб’явы, што мы зьбярэм вялікую колькасьць людзей. Пры тым, думаю, што ніхто зь лідэраў усур’ёз на гэтую вялікую колькасьць не разьлічвае, гэта проста спосаб мабілізацыі. Пазытыву ў маім стаўленьні ніякага няма, бо няма ўжо і ніякіх чаканьняў ад тых кіраўнікоў апазыцыі, якія ёсьць сёньня”.

Цыганкоў: “Аляксандар, вось вы ўсё зьвярнулі да праблемы кіраўнікоў. Калі б былі іншыя кіраўнікі (ня ведаю, адкуль бы яны зьявіліся, з Марсу, з замежжа?) – была б іншай колькасьць удзельнікаў Маршу?”

Старыкевіч: “Віталь, ну гэта гіпатэтычнае пытаньне. Праблема якраз у тым, што асаблівых кандыдатаў на тое, каб зьмяніць тых, каго мы сёньня крытыкуем, не праглядаецца. Чаргі ахвотных не стаіць пад дзьвярмі БНФ, АГП і гэтак далей”.

“Глядзіце, мы перамоваздольныя, мы можам нешта рабіць”

Цыганкоў: “Чаму ўлада не пайшла на разгон Маршу, хаця частка ягоных удзельнікаў парушылі дазволены маршрут і літаральна гулялі па горадзе?”

Быкоўскі: “Гэтае тлумачэньне было зроблена на дзяржаўных тэлеканалах, дзе прагучалі словы: “Па просьбе замежных дыпляматаў полк міліцыі асаблівага прызначэньня ня быў задзейнічаны”. Зь іншага боку, было сказана, што ўлада як быццам не перашкаджае апазыцыі выказаць свае погляды.

Тое, што адбывалася за межамі акцыі – затрыманьні людзей, што распаўсюджвалі агітацыйныя матэрыялы, затрыманьні і арышты актывістаў напярэдадні акцыі, – гэтага грамадзкасьць ня бачыла.

Што тычыцца паводзінаў саміх уладаў у дзень акцыі, то гэта ім хацелася прадэманстраваць. І гэта будзе верагодным аргумэнтам на нейкіх перамовах з прадстаўнікамі Эўразьвязу, – маўляў, глядзіце, мы перамоваздольныя, мы можам нешта рабіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG