Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Такінданг: “Я веру ў простага Бога, якога малююць на абразах”


Радыё Свабода Андрэй Такінданг – удзельнік праграмы “Ў што я веру”

У што я веру? Думаў адказаць прыгожа, альбо мудра ці, прынамсі, не банальна. Толькі пытаньне такое, што не выпадае іншага, як вызнаць проста: “Веру ў Бога”. Тут бы і кропку паставіць, хапіла б гэтых слоў на перадачу, жыцьцё і вечнасьць. Веру ў Бога – гэтага досыць.

Бацька мой многа чытаў Біблію, Эвангельле, сьвятых апосталаў. Запісваў у нататнік цытаты. За гэтую дзіцячую смагу па слове яму аддзячыла мудрасьць. Мая прабабуля малілася спраўна – каронку, літаньні, ружанец – і неяк у падмогу веры пабачыла Божыя знакі на небе.

У што я ня веру? Я ня веру ў розум касьмічны, век залаты, абстрактную сілу сусьвету. Я веру ў простага Бога, якога малююць на абразах, які ўсяісны, які ёсьць любоў. Вось, бадай, і ўсё з асноўнага аб маёй веры. Калі казаць даўжэй і разважаць падрабязнасьці, ёсьць рызыка ўпасьці на духоўную прафанацыю, прагаварыць Бога. Таму міжволі зьбіваюся на верш.

Здараецца, ты цар, а потым раптам – не, Шызафрэнія нас пільнуе і крадзе, І дзеліць нас мячом карціна Пікасо – Багата ўсяго, і толькі босы Бог Адзін, такі, як ёсьць, саскочыў на зямлю, Прайшоўся басанож – вось і лягчэй крыху.

Андрэй Такінданг – студэнт, будучы мастак-рэстаўратар, лідэр гурту экспэрымэнтальнай музыкі “Recha”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG