Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дамова аб будучыні


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Удзельнічае пісьменьніца Вольга Іпатава. Эфір 11 кастрычніка 2007 году.

“Іх коні спыніліся адначасна, нібы іх тарганулі адной усемагутнай рукой. Спыніліся і абодва картэжы, што разам з уладарамі ўваходзілі ў Вострава з двух бакоў адначасна. Так было дамоўлена загадзя, бо ніводзін зь іх не давяраў другому: ані Вітаўт Ягайлу, ані Ягайла Вітаўту.

І ўсё ж так павярнуліся абставіны, што даверыцца было неабходна, бо за кожным зь іх стаялі тысячы вояў, гатовых зноў рынуцца ў віхуру змаганьня і сьмерці, у вогненныя нетры вайны, грознай і нялітасьцівай да трапяткой чалавечай душы, якая хацела жыць. За кожным зь іх была свая сіла, свая праўда і свае памкненьні, і яны былі розныя.

За Ягайлам была дзяржава, якая імкнулася ўцягнуць у сябе суседнія землі, іх плоднасьць і нетры, і моц людзей, якія там жылі, і бары, якія імкнулі да неба свае магутныя кроны – і ўсё гэта абярнуць на карысьць сабе, сваёй велічы і сваёй будучыні.

За Вітаўтам дыхала сасьпелымі жытнімі каласамі, мядзянай смалой соснаў і прахалодай празрыстых азёраў і рэчак краіна, якая хацела заставацца свабоднай і несьці далей, у вякі, сваё Слова і сваю Веру, і сваю роднасьць з прашчурамі, і сваё каханьне, і сваю веліч, здабытую продкамі.

Ды паміж тымі, хто іх прадстаўляў, чорнай сьцяной паўсталі здрада і вераломства, сьмерці і адступніцтвы, роспач і нянавісьць. І праз ўсё гэта трэба было пераступіць, забыцца, каб пачаць дамаўляцца аб будучыні, у якой ня будзе братазабойчай вайны і ў якой будзе сама яна -- Будучыня...”

Вячаслаў Ракіцкі: “Я пачаў перадачу ўрыўкам з новага рамана Вольгі Іпатавай “Знак вялікага магістра”. І зараз пісьменьніца ў менскай студыі. Спадарыня Вольга, Вітаўт і Ягайла стала выклікаюць цікавасьць беларускіх пісьменьнікаў. І ў вас яны -- цэнтральнымі пэрсанажамі твору. Чаму?”

Вольга Іпатава: “Таму што на лёсах гэтых гістарычных пэрсанажаў мне хацелася разабрацца пра адказнасьць уладароў краіны перад тысячамі і мільёнамі людзей, перад будучыняй. Думаючы пра краіну, трэба ўмець пераступіць праз нейкія этычныя нормы, праз кроў і сьмерць. Гуляючы ў гульні зь іншымі дзяржавамі, трэба вельмі дакладна разумець, наколькі гэта небясьпечна, бо, працягнуўшы лапку, каб у яе нешта паклалі, можна гэтую лапку і згубіць, трапіць у пастку”.

Ракіцкі: “Вітаўт пражыў доўгае жыцьцё. А вы ў сваім рамане колькі і якіх гадоў ягонага жыцьця разглядаеце?”

Іпатава: “Гэта найбольш важныя, з майго гледзішча, чатыры гады, а менавіта – 1388 – 1392 гады, пачынаючы ад ягоных уцёкаў да крыжакоў, каб у няспыннай барацьбе, жорсткай і крывавай, адваёўваць тое, што, на думку патрыётаў Вялікага Княства Літоўскага, страчвалася ў выніку Крэўскай уніі 1385 году – незалежнасьць краіны– і да таго моманту, калі мэта была дасягнутая. Бо якраз 5 жніўня 1392 году ў Востраве, што пад Лідай, адбылося славутае пагадненьне паміж стрыечнымі братамі -- каралём польскім Ягайлам і князем гарадзенскім і троцкім Вітаўтам, якое зрабіла Вітаўта ня проста вялікім князем літоўскім, а валадаром агромністай краіны ад Чорнага да Балтыйскага мора”.

Ракіцкі: “Сапраўды, Вітаўт вельмі высока ўзьнёсься. Дык для яго першасным была прага ўлады, ці інтарэсы краіны?”

Іпатава: “Безумоўна. Была барацьба за спадчыну, за тое, што належала ягонаму бацьку. І, натуральна, за ўладу. А ў выніку – усё тое, што ён рабіў абярнулася для дзяржавы незалежнасьцю. Прыватныя інтарэсы супалі зь інтарэсамі краіны. Таму ён і стаў героем”.

Ракіцкі: “Незалежнасьць стала вынікам кампрамісу? “Пагадненьне – гэта заўсёды кампраміс”.

Іпатава: “Ён прымусіў Ягайлу лічыцца з сабой. Кім ён быў? Усяго толькі князем гарадзенскім і троцкім. Ужо было адно пагадненьне, і Ягайла яго шукаў. І тады ён сабраў усе рэсурсы, якія мог, змусіў Ягайлу пайсьці сабе насустрач -- і перамог. А гэта было неверагодна цяжка зрабіць. Менавіта з Востраўскага пагадненьня пачалася незалежнасьць беларуска-літоўскага гаспадарства. З гэтага часу пачаўся найвялікшы ўздым нашай дзяржавы, яе бясспрэчны аўтарытэт у сьвеце. Вось як пра гэта пісалі летапісы:

“ Тады цэсар Рымскі зь Вітаўтам у вялікай міласьці быў... І каторыя землі на ўсходзе альбо на захадзе ўсе прыходзячы кланяліся вялікаму князю Вітаўту: і цар турэцкі даваў яму гонар вялікі і дары шматкаштоўныя прысылаў да моцнага гаспадара Вітаўта, і другі цар Царгародскі зь ім у вялікай ласцы быў. І Чэскае каралеўства, і Вугорскае, і Польскае вялікую чэсьць трымалі над слаўным гаспадаром Вітаўтам. І кароль Дуньскі вялікую славу і дары даваў таму слаўнаму гаспадару... І цары татарскія служылі яму і самі сваімі галовамі на помач яму хадзілі і слухалі яго.”

І далей узгадваецца і маскоўскі цар, і княжаты нямецкія, і гаспадар зямлі малдаўскай, і ваявода валоскі. А яшчэ – Вялікі Ноўгарад і Вялікі Пскоў, і князі вялікія разанскія і князі Адаеўскія, якія ў Вітаўта “у вялікім паслушэнстве былі.” Менавіта з Востраўскага пагадненьня пачаліся тыя трыццаць сем гадоў, якія лёс адвёў Вітаўту і нашай зямлі на мірнае будаўніцтва, на разьвіцьцё культуры і міжнародныя дасягненьні”.

Ракіцкі: “Але ж незалежнасьць дэ-юрэ дасягнутая ўсё ж не была. Так лічаць многія гісторыкі. Вітаўт прызнаў сябе васалам польскага караля, і статус вялікага князя дадзены быў яму толькі пажыцьцёва. Ягайла выдатна ведаў, што ў ягонага праціўніка (а Вітаўт заўсёды быў той сілай, якая магла выбухнуць у любы момант) не было нашчадкаў, і ўладу сваю перадаць спадкаемцу ён ня мог...

Іпатава: “Так, Вітаўт мусіў прызнаць сябе васалам караля. Але калі каралева Ядвіга патрабавала з ВКЛ даніны ( паколькі Ягайла па ўмовах уніі аддаваў ёй многія землі ў так званае вена), то Вітаўт, а разам зь ім і паны – рада адмовілі ёй у гэтым, прычым з фармулёўкай, што “нашая краіна была заўсёды незалежнаю”, і даніну плаціць яна нікому ня будзе. Ці ж гэта не незалежнасьць?“

Ракіцкі: “Дык ці было Вялікае Княства Літоўскае аформленае як самастойная эўрапейская дзяржава? Пытаньне не выпадковае. Да сёньня гісторыкі маюць розныя на яго адказы.

Іпатава: “Вітаўта ніколі не пакідала думка аб юрыдычным афармленьні незалежнасьці Княства, і дамагаўся гэтага ўвесь час свайго ўладараньня. І ў 1430 годзе, калі ён паміраў, яго мучыла, мабыць, толькі адно – карону, якую яму везьлі у Луцк на каранацыю і якая сымбалізавала поўную незалежнасьць і разрыў уніі з Польшчай, як пішуць летапісы, “згамавалі пане паляцы.” Яны проста перахапілі яе. Хвалявала яго тое, што і што справа незалежнасьці Княства пасьля ягонай сьмерці апынаецца пад пагрозай. Гэта пасьля і здарылася – неаформленасьць ВКЛ як асобнага эўрапейскага каралеўства прывяла пасьля да аднаўленьня доўгай і пакутлівай барацьбы за незалежнасьць, што распачаў менавіта Вітаўт, які добра разумеў – у адной хаце двум гаспадарам ня ўжыцца. Але гэта будзе пасьля, А пакуль тут, у Востраве, стрыечныя браты напружана ўслухоўваліся ў фармулёўкі пагадненьня, бо нават коска ці няправільная літара маглі сказіць агульны сэнс, і гэтае скажэньне зноў абярнулася б вайной, пажарамі, крывёй”.

Ракіцкі: “Вы кажаце – Востраўскае пагадненьне 1392 году адбылося пад Лідай. Але ж ёсьць і меркаваньне польскага боку, што адбылося яно пад Люблінам, у Польшчы. Увогуле – у чым тут прынцыповая розьніца, дзе яно адбылося? Чаму столькі спрэчак?”

Іпатава: “Думаю, што магло яно быць толькі на беларускай зямлі, і менавіта на мяжы ўладаньняў Ягайлы і Вітаўта, паміж Лідаю і Горадняй. Пра Востраў пад Лідай піша найперш Тэадор Нарбут, і сучасныя гісторыкі абапіраюцца на ягонае сьцьверджаньне. Аднак апошнім часам зьявілася новая гіпотэза, і яе я пачула нядаўна, калі пабывала на 600-годзьдзі Сынкавіцкай царквы, якая, паводле паданьняў, была пабудаваная Вітаўтам недзе ў 1407 годзе, і нібыта ў гонар ягонага цудоўнага выратаваньня з Крэўскай вежы, дзе ён быў асуджаны Ягайлам да задушэньня. Сынкавічы – гэта Слонімскі раён, што зусім блізка каля Зэльвы, і тут, недалёка ад самога храма, ёсьць таксама Востраў. Як сьцьвярджаюць мясцовыя аматары гісторыі, там ёсьць вялікія пустоты пад зямлёй каля храма, падобныя да падземных лазаў альбо сховішчаў. Ёсьць там і сьляды велізарнага замка – гэтак жа, як і ў Востраве пад Лідай. Магчыма, у гэтай гіпотэзе, у гэтай легендзе і ёсьць праўда. Але патрэбна дзяржаўнае зацікаўленьне ў праўдзівай, а не сфальшаванай гісторыі, дзе Вітаўт, нарэшце, зойме адпаведнае ягонай постаці і справам пачэснае месца”.

Ракіцкі: “Але ці такая ўжо бясспрэчна гераічная постаць Вітаўта? Як і ў Ягайлы, у яго былі і перахрышчваньні, прычым двойчы, – ён быў то праваслаўным, то каталіком. Ён пераступаў цераз клятвы і абяцаньні, і нездарма ў Востраве патрабавалі ня толькі ягонага подпісу пад пагадненьнем, але гарантыю таго, што ён выканае ўсе ўмовы, дала таксама і ягоная жонка Ганна – тая самая, якая разам са служанкай Аленай выратавала яго зь вязьніцы ў Крэўскай вежы”.

Іпатава: “Ведаеце, у Ягайлы, які сёньня велічна ляжыць у пышнай капліцы ў Кракаве і пра якога напісана безьліч кнігаў (канешне, толькі ня ў Беларусі), былі грахі нязьмерна большыя. Гэта ён ашуканствам завабіў у Вільню Вітаўта і ягонага бацьку Кейстута. На ягоны загад быў у Крэўскай вежы задушаны Кейстут і павінен быў загінуць Вітаўт. Ён аддаў загад зьнішчыць Біруту, маці Вітаўта, і ўсіх яе родзічаў. І шмат іншага было ў яго на асабістым сумленьні. Вітаўт жа рабіў нейкія непапулярныя для нашага часу крокі – напрыклад, тое ж перахрышчваньне – толькі ў інтарэсах справы, а гэтаю справаю была незалежнасьць. Каталіцтва дапамагала прыпыняць агрэсію крыжакоў, а дзякуючы праваслаўю ён атрымліваў падтрымку бальшыні насельніцтва. У дадзеным выпадку мы павінны яго апраўдваць”.

Ракіцкі: “Любым шляхам да мэты?”

Іпатава: “Канешне, не. Але ж ён быў адважным воінам, чаго ня скажаш пра Ягайлу. Ён быў сапраўдным рыцарам. Я, прачытаўшы шмат літаратуры пра той час і пра нашага героя, дзівілася толькі аднаму факту. Усюды пісалі, што нібыта неўзабаве пасьля жаніцьбы Ягайлы зь ліцьвінкай Соф’яй Гальшанскай, якая дала каралю даўгачаканага спадчыньніка – сына, а пасьля яшчэ двух сыноў, Вітаўт публічна абвінаваціў каралеву, прычым сваю родзічку па жонцы, у тым, што яна здраджвае каралю, і гэта не ягоныя дзеці. Гэта ніяк не стасавалася зь ягонымі, Вітаўта, учынкамі і паводзінамі. І як жа я ўзрадавалася, калі нарэшце ў кнізе польскіх дасьледчыкаў прачытала, што гэта было інтрыгай крыжакоў, якія не маглі дараваць Вітаўту таго, што ён, дзякуючы ім, іхняй падтрымцы інтрыганаў, якія як маглі аслаблялі і Польшчу, і ВКЛ, дапамагаючы то тым, то другім, прымусіў Ягайлу да мірнага пагадненьня і фактычна перамог яго”.

Ракіцкі: “А што было б, калі б не было Востраўскага пагадненьня 1392 году, і Вітаўт мусіў працягваць барацьбу за вялікакняскі пасад і за незалежнасьць ВКЛ?”

Іпатава: “Магло б быць што заўгодна. Уявіце, што Вітаўта неўзабаве забілі б у адным са шматлікіх рэйдаў ці паходаў, паколькі ён не шкадаваў сябе і ваяваў напоўніцу, не хаваючыся за падначаленых. Крэўская ўнія 1385 году, вобразна кажучы, непазьбежна паглынула б нашу краіну, бо сярод усіх Ягайлавічаў і, як час паказаў, Кейстутавічаў, не было нікога роўнага паводле сілы духу, настойлівасьці і мужнасьці менавіта Вітаўту. Калі Ягайла вымушаны быў прапанаваць яму замірэньне, у крыжакоў у закладніках заставаліся два сыны Вітаўта -- Іван і Юры, а таксама і малодшы брат Жыгімонт Кейстутавіч. І, нягледзячы на гэта, Вітаўт выступіў супраць крыжакоў і страціў абодвух сыноў. І, магчыма, не было б самага галоўнага – бітвы 1410 году і разгрому самага магутнага ў Эўропе Тэўтонскага ордэну пад Грунвальдам, у якой, як адзначаюць нават не надта літасьцівыя да Вітаўта польскія дасьледчыкі, менавіта ён адыграў вырашальную ролю. А гэта перапыніла нямецкую агрэсію на нашы землі аж да ХХ стагодзьдзя!

І сёньня карта сьвету была б зусім іншаю. Цалкам магчыма, што на ёй не было б ані Польшчы, ані сёньняшняй незалежнай Літвы, ані незалежнай Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG