Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Дракахруст: “Беларускія ўлады чакаюць ад Эўропы крокаў у адказ”


Радыё Свабода Якія асаблівасьці ў сёньняшняй апазыцыйнай акцыі? Чым яна адрозьнівалася ад папярэдніх? Меркаваньні аналітыка Радыё Свабода Юр’я Дракахруста.

Галоўная асаблівасьць, на мой погляд, гэта надзвычай лібэральныя паводле беларускіх мерак паводзіны ўладаў.

Зразумела, гэтыя паводзіны не былі ўжо зусім траваеднымі. Напярэдадні маршу прэвэнтыўна затрымалі ў Менску і рэгіёнах каля пяцідзесяці актывістаў. У пятніцу і суботу тэлебачаньне паказвала стужкі, якія дыскрэдытавалі актывістаў Мікіту Сасіма і Крысьціну Шацікаву.

Але ўсё ж паводле беларускіх мерак… Сабраліся людзі на Кастрычніцкай, іх не разганялі, плошча не была блякаваная, пайшлі з плошчы да акадэміі, калёну суправаджалі толькі супрацоўнікі дарожна-патрульнай службы (не спэцназ), ад акадэміі група моладзі пайшла на бібліятэку, выйшлі на праспэкт — і тут разгону не было. Калі параўнаць зь мінулымі падзеямі — суцэльны цуд.

Так выглядае, што сакрэт гэтага цуду — у нядаўняй прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнкі для расейскіх журналістаў, у тых жорсткіх ацэнках палітыкі Расеі й асабіста Пуціна, якія прагучалі тады з вуснаў кіраўніка Беларусі.

Фігуральна кажучы, пасьля такіх заяваў разганяць “Эўрапейскі марш” было недарэчна. Недарэчна ў тым сэнсе, што заявы Лукашэнкі пра Пуціна — памежны бой новай беларуска-расейскай энэргетычнай вайны, якая разгорнецца ўзімку. Афіцыйнаму Менску ў гэтай вайне патрэбна палітычная і ўсякая іншая падтрымка Эўропы.

І таму хацелася Эўропе, каб марш прайшоў ціха-мірна — калі ласка. І заявы Лукашэнкі пра аўтарытарызм Пуціна, і сёньняшні марш — гэта такі дыялёг паміж Менскам і Эўропай паводле змоўчаньня. Мы робім тое, што вам трэба, і чакаем крокаў у адказ.

Я мяркую, што паўплываў на тое, што сёньняшні марш прайшоў мірна, і ліст ягоных арганізатараў да намесьніцы кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Натальлі Пяткевіч. Хаця фармальна спадарыня Пяткевіч абмежавалася адпіскай, насамрэч дыялёг-такі адбыўся, але таксама паводле змоўчаньня.

Арганізатары акцыі далі зразумець, што ня хочуць канфрантацыі, і тыя ва ўладзе, хто ня супраць скарыстаць апазыцыю для паляпшэньня дачыненьняў з Эўропай, гэтае пасланьне атрымалі і зразумелі.

“Эўрапейскі марш” адбыўся. Што далей? Тут варта сказаць пра іншую асаблівасьць сёньняшняй акцыі — колькасьць удзельнікаў. Паводле ацэнак, у “Эўрапейскім маршы” ўзялі ўдзел каля 5 тысяч чалавек. Гэта шмат — гэта, можа, больш, чым удзельнічалі, скажам, у акцыі на Дзень Волі.

Але для дэманстрацыі маштабу праэўрапейскіх памкненьняў беларускага народу — гэта няшмат.

Дарэчы, магчыма, таму на акцыі ня выступілі прадстаўнікі пасольстваў краінаў той самай Эўропы. Цяжка сказаць, у якой ступені адносная малалюднасьць акцыі — віна яе арганізатараў. Паводле апошніх зьвестак незалежных сацыёлягаў, цяпер у Беларусі назіраецца мінімум праэўрапейскіх настрояў за апошнія гады. Гэтак жа, як і мінімум прарасейскіх настрояў.

Так што пасьля сёньняшняй акцыі наўрад ці ва ўлады ўзмоцніцца жаданьне весьці дыялёг з апазыцыяй, якая здолела пад сьцягам свайго сымбалю веры вывесьці на вуліцы 5 тысяч чалавек. Але скарыстаць мірнае правядзеньне сёньняшняй акцыі для дыялёгу з Эўропай, найперш наконт энэргетычнай праблемы, якая пагрозьліва насоўваецца з надыходам зімы, улада безумоўна паспрабуе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG