Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Івашкевіч: “Да “Эўрапейскага маршу” ўсё гатова”


Любоў Лунёва, Менск Сябры аргкамітэту ў падрыхтоўцы “Эўрапейскага маршу” паведамілі, што вырашылі ўсе неабходныя пытаньні. Інфармацыйныя матэрыялы распаўсюджаныя, акцыя будзе забясьпечана тэхнічнымі сродкамі, дэпутаты Эўрапарлямэнту прыедуць назіраць за хадой акцыі.

Старшыня аргкамітэту ў падрыхтоўцы “Эўрапейскага маршу” Віктар Івашкевіч паведаміў “Свабодзе”, што, нягледзячы на ператрусы, дагляд рэчаў на вуліцах і затрыманьні распаўсюджвальнікаў улётак і налепак з заклікам прыйсьці 14 кастрычніка на “Эўрапейскі марш”, інфармацыйная кампанія прайшла пасьпяхова.

Гаворыць Віктар Івашкевіч:

“Прадукцыя ў прынцыпе ўся распаўсюджана, інфармацыя ў інтэрнэце і ў газэтах прайшла, – і аб дазволеным месцы, і аб тым, што Мілінкевіч заявіў, што прыйдзе на Кастрычніцкую плошчу...”

Аргкамітэт запрасіў на “Эўрапейскі марш” прадстаўнікоў амбасадаў краінаў Эўразьвязу і ЗША, а таксама эўрапарлямэнтароў. Дэпутаты парлямэнтаў Польшчы, Літвы, Нямеччыны зьвярнуліся ў беларускае МЗС па візы. Лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка ў аргкамітэце адказвае за міжнародныя стасункі. Ён паведаміў, што пакуль ня мае інфармацыі наконт таго, ці ўсе жадаючыя атрымалі беларускія візы. Але дакладна ведае, што ў візе адмовілі Хрыстасу Пургурыдэсу.

“Мы запрасілі сяброў дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў справах Беларусі, запрасілі тых дэпутатаў нацыянальных парлямэнтаў, якія ў міжнародных структурах займаюцца Беларусьсю, ну і сёньня дакладна вядома, што Хрыстасу Пургурыдэсу, кіпрскаму дэпутату, які ўваходзіць у Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы, візы не далі. Думаю, што гэта дастаткова красамоўна, і мяркую, што ён будзе не адзін”.

Ад 12 кастрычніка па менскіх вуліцах дэманстратыўна езьдзяць аўтазакі і машыны спэцназу, у якіх возяць затрыманых удзельнікаў вулічных акцый. Віктар Івашкевіч лічыць, што гэта апошняе, што можа зрабіць улада, каб застрашыць тых, хто вагаецца.

Каля двух дзесяткаў актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху прэвэнтыўна трапілі за краты. Віцебская кватэра Паўла Севярынца заблякаваная супрацоўнікамі міліцыі. На кватэры моладзевых актывістаў наведаліся міліцыянты, але нікога там не засьпелі, бо маладзёны зрабілі высновы пасьля леташніх падзеяў.

Гаворыць Віктар Івашкевіч:

“Дзеяньні ўлады з гэтымі аўтазакамі і гэтак далей – я лічу, што гэта яны робяць страшныя рожыцы для маленькіх дзетак, каб напалохаць, каб яны не пайшлі на вуліцу. У прынцыпе, ладзіць нейкія шырокамаштабныя зачысткі ўладам нявыгадна, таму што вельмі пільная ўвага ўсясьветнай супольнасьці да гэтага дня”.

Намесьнік кіраўніка Менскай міліцыі Аляксандар Найдзенка праз дзяржаўныя СМІ папярэдзіў Аляксандра Мілінкевіча пра адказнасьць, калі той пойдзе на Кастрычніцкую плошчу. Нагадаем: арганізатары акцыі заклікалі людзей прыйсьці 14 кастрычніка ў 14 гадзінаў на Кастрычніцкую плошчу, каб адтуль прайсьці праспэктам Францішка Скарыны да Нацыянальнай бібліятэкі. Улады за пяць дзён да маршу далі на яго дазвол, але ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор.

Аляксандар Мілінкевіч паведаміў, што, паколькі гарадзкія ўлады самі не далі ніякай інфармацыі пра дазвол на акцыю, ён пойдзе на Кастрычніцкую плошчу, каб там сустрэць людзей і разам зь імі прайсьці на санкцыянаванае ўладамі месца збору.

Эўрапейскі марш са "Свабодай", 13.10.2007 Апытаньне ў Менску: ці пойдзеце вы на Эўрапейскі марш?, 13.10.2007 Заўтра – Эўрапейскі марш, 13.10.2007 Аляксандар Мілінкевіч можа быць прыцягнуты да адказнасьці, 12.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG