Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія ўмовы чакаюць Андрэй Клімава ў Мазырскай калёніі?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Былога дэпутата Андрэя Клімава накіравалі адбываць пакараньне ў Мазырскую калёнію строгага рэжыму. У якіх умовах правядзе Андрэй Клімаў наступныя паўтара году свайго жыцьця?

Міліцыянт Юры Барынкоў, які выконвае абавязкі начальніка дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, адмовіўся паведаміць карэспандэнту “Свабоды”, куды накіравалі апазыцыйнага палітыка.

Аднак у Менскім сьледчым ізалятары, дзе былога дэпутата трымалі болей за паўгоду, удалося атрымаць дакладныя зьвесткі адносна Клімава: учора, 10 кастрычніка, яго накіравалі ў Мазырскую калёнію строгага рэжыму.

У якіх умовах палітыку давядзецца жыць паўтара года?

Вось што паведаміў пра Мазырскую калёнію строгага рэжыму журналіст Сяргей Л., які некалькі гадоў таму наведваў калёнію як супрацоўнік мясцовай газэты:

“Раней там быў прафілякторый для алькаголікаў. Знаходзіцца калёнія ня ў горадзе, а за горадам. Я бачыў там вытворчасьць — нейкі дрэваперапрацоўчы цэх і жалезабэтонную вытворчасьць. Нас заводзілі ў пакоі, дзе жыве прыкладна дваццаць чалавек. Памятаю, што вязьні скардзіліся на недахоп адвакатаў і прававой дапамогі”.

Парадак у калёніі падаўся майму суразмоўцу дастаткова строгім. Паводле яго, на тэрыторыі усё было разьмежавана платамі, з аднаго сэктару ў другі хадзіць забаранялася.

Журналіст таксама згадаў уражаньні ад карцару — адмысловага памяшканьня, дзе трымаюць тых, хто парушыў унутраную дысцыпліну:

“Сядзелі яны бязь дзённага сьвятла, толькі слабая лямпачка. Цёмна было. Нават чытаць там было немагчыма”.

Лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валер Леванеўскі, які адбыў у беларускіх калёніях два гады паводле абвінавачаньня ў паклёпе на прэзыдэнта, кажа, што Мазырская калёнія мае рэпутацыю “ня вельмі жорсткай”.

“Мне невядома, каб там за апошнія гады былі бунты вязьняў ці нейкія надзвычайныя здарэньні”, — кажа Валер Леванеўскі. Паводле яго зьвестак, у калёніі трымаюць каля 2,5 тысяч вязьняў, якія падзеленыя на 24 атрады.

У спэцаддзеле Мазырскай калёніі паведамілі, што Андрэя Клімава ў калёнію яшчэ не прывезьлі. “Чарговы “этап” будзе заўтра, 12 кастрычніка”, — сказаў міліцыянт.

Нагадаем, былы дэпутат Андрэй Клімаў адбывае ўжо трэцяе пакараньне. У канцы 1990-х гадоў яго асудзілі паводле артыкулу аб эканамічным злачынстве, і ён адбыў за кратамі болей за тры гады.

Многія ў Беларусі й сьвеце лічаць, што ўжо тое пакараньне было помстай за апазыцыйную дзейнасьць былога дэпутата.

Потым болей за паўтара году Андрэй Клімаў адбыў на “хіміі” ў Крупках і Рэчыцкім раёне паводле абвінавачаньня ў арганізацыі несанкцыянаванага мітынгу.

Вызваліўся палітык толькі ў сьнежні 2006 году, а ўжо ў красавіку 2007-га яго арыштавалі. Гэтым разам Андрэя Клімава пакаралі за антыўрадавы артыкул у інтэрнэце.


• Тацяна Клімава: “Суд праходзіў без Андрэя”, 3.10.2007 • Сёньня ў палітвязьня Андрэя Клімава дзень народзінаў, 17.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG