Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Без гукавой апаратуры сцэнар “Эўрапейскага маршу” можа зьмяніцца


Любоў Лунёва, Менск Гарадзкія ўлады адмовіліся паведамляць пра “Эўрапейскі марш”, правядзеньне якога дазволілі. Арганізатары акцыі сутыкнуліся зь перашкодамі з боку ўладаў у справе тэхнічных сродкаў. Тым часам у Менску і ў рэгіёнах міліцыянты затрымліваюць актывістаў дэмакратычнага руху. У маладзёнаў на вуліцах даглядаюць рэчы і забіраюць інфармацыйныя матэрыялы пра дазволеную акцыю.

Старшыні аргкамітэту ў падрыхтоўцы “Эўрапейскага маршу” Віктару Івашкевічу не далі гукаўзмацняльнай апаратуры.

Адказны за ідэалягічную працу чыноўнік Менгарвыканкаму Генадзь Курбека быў параіў яму наведаць менскую радыёсетку, каб там яму выдалі аўтобус з гукаўзмацняльнай апаратурай на 14 кастрычніка. Але там сказалі, што ўсе аўтобусы будуць занятыя на кірмашах.

Гаворыць Віктар Івашкевіч:

“Вельмі дзіўна, што ў Менгарвыканкаме адмаўляюцца забясьпечыць гукаўзмацняльнай апаратурай мітынг, які самі ж дазволілі. Мы прыкладзем намаганьні і знойдзем сваю гукаўзмацняльную апаратуру і спадзяемся, што ўлады ня будуць рабіць наступных правакацыяў: адключаць энэргію падчас мітынгу ці, наагул, затрымліваць нашу апаратуру і трымаць яе паўмесяца, як гэта ўжо было раней.

Калі ў арганізатараў ня будзе магчымасьці праз гукаўзмацненьне кіраваць мітынгам, то тады людзі, якія там зьбяруцца, пойдуць у іншае месца, дзе ім будзе цікавей”.

За “Эўрапейскім маршам” будуць назіраць амбасадары краінаў Эўразьвязу і ЗША. Эўрапарлямэнтары заплянавалі візыты ў Менск. Яны зьвярнуліся па беларускія візы, і заўтра, 12 кастрычніка, стане вядома, ці ўсе іх атрымалі.

Гаворыць Аляксандар Мілінкевіч:

“Запрошаныя дэпутаты Эўрапарлямэнту, якія цікавяцца сытуацыяй у Беларусі. Даволі вялікая група людзей. Таксама дэпутаты парлямэнтаў суседніх Літвы і Польшчы. Пажадалі прыехаць дэпутаты з Чэхіі, Нямеччыны. На жаль, на сёньняшні дзень мы ня ведаем, ці ўсе атрымалі беларускія візы. Мы спадзяемся, што ўсе прыедуць. Апроч таго, запрошаныя лідэры дэмакратычнага руху Расеі”.

Паколькі ўлады пастанавілі не рэклямаваць апазыцыйную акцыю, старшыня аргкамітэту Віктар Івашкевіч пойдзе да прахадных заводаў і навучальных установаў, каб раздаць людзям копіі дазволу Менгарвыканкаму на правядзеньне “Эўрапейскага маршу” 14 кастрычніка.

Толькі ў Менску за распаўсюджваньне інфармацыйных матэрыялаў і эўрапейскай сымболікі за краты трапілі каля дзясятка актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху. Сярод іх Аляксандар Атрошчанкаў, Леанід Навіцкі, Зьміцер Бародка, Яўген Афнагель ды іншыя.

У некаторых навучальных установах ад студэнтаў запатрабавалі падпісацца пад абавязаньнем ня ўдзельнічаць у акцыі 14 кастрычніка. Патрулі спэцназу міліцыі ў форме і ў цывільным затрымліваюць маладзёнаў на вуліцах і правяраюць іх рэчы. Налепкі й эўрапейскую сымболіку забіраюць, а маладзёнаў адпускаюць без складаньня пратаколаў.

Ад 10 кастрычніка міліцыянты прыходзяць у кватэры моладзевых актывістаў. Яны цікавяцца ў бацькоў, дзе іх дзеці і ці пойдуць яны на “Эўрапейскі марш”.

• “Эўрапейскі марш” мае прайсьці ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор, 10.10.2007 • Уціск актывістаў апазыцыі перад Эўрапейскім маршам узмацніўся, 9.10.2007 • В.Івашкевіч: Чыноўнікі маўчаць, бо ня хочуць рэклямаваць апазыцыйнай акцыі, 9.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG