Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У судзе “Надзея” запатрабавала дзяржаўных гарантыяў


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня Вярхоўны Суд пачаў разглядаць пазоў Мін’юсту аб ліквідацыі Беларускай жаночай партыі “Надзея”. Партыя ўваходзіць у кааліцыю Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Міністэрства настойвае на ліквідацыі “Надзеі” — нібыта з-за шматлікіх грубых парушэньняў заканадаўства.

На пачатку працэсу прадстаўнікі партыі “Надзея” паспрабавалі падаць сустрэчную позву да Мін’юсту — аб забесьпячэньні дзяржаўных гарантыяў у дзейнасьці партыяў.

Кіраўніца “Надзеі” Алена Яськова сказала:

“Мы выклалі свае патрабаваньні й папрасілі суд разгледзець гэтую позву адначасова зь першай. І прымусіць Міністэрства юстыцыі забясьпечыць гарантыі дзейнасьці. Падчас судовага паседжаньня позву разгледзелі”.

Прадстаўнік Мін’юсту Аляксандар Харытон выказаўся супраць. А пракурор падтрымаў прыняцьце да вытворчасьці гэтай позвы і разгляд яе разам зь першай. Аднак судзьдзя прыняў рашэньне не далучаць і не пачынаць грамадзянскай справы на пазоў партыі.

Пасьля гэтага быў доўгі выступ у судзе супрацоўніка міністэрства Аляксандра Харытона.

Паводле Алены Яськовай, матываў для ліквідацыі партыі ў яго выступе не відаць:

“На дадзены момант, калі аб’ектыўна ацэньваць сытуацыю, папярэджаньне, якое ў нас было за гэты год, гэта было наконт правядзеньня ўстаноўчай канфэрэнцыі Саюзу левых партыяў у Чарнігаве. А цягам году ў нас няма парушэньняў, якія прадугледжвае закон аб палітычных партыях. Таму сёньня ён вельмі падрабязна казаў пра 57-ы артыкул Грамадзянскага кодэксу, дзе за грубыя парушэньні ліквідуюцца юрыдычныя асобы. Бо падставы ў законе аб палітычных партыях — слабаватыя”.

У сваім выступе прадстаўнік Мін’юсту некалькі разоў згадваў справу аб прыпыненьні дзейнасьці ПКБ. Алена Яськова сказала:

“Таму падтэкст гэты зразумелы. Прычынай выхаду з позвай аб ліквідацыі партыі зьяўляецца стварэньне Саюзу левых партыяў. І спадзявацца на справядлівае рашэньне суду цяжка”.

Фармальна “Саюз левых партыяў” утварыўся напрыканцы мінулага году ў Чарнігаве. У канфэрэнцыі ўдзельнічалі дэлегаты ад Партыі камуністаў Беларускай, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і партыі жанчын “Надзея”.

Мін’юст адмовіў у рэгістрацыі гэтага саюзу. Асноўная прычына — устаноўчы сход новай арганізацыі праходзіў за межамі краіны. Сёлета адбыўся яшчэ адзін, ужо на тэрыторыі Беларусі. Пасьля чаго неабходныя для рэгістрацыі дакумэнты зноў накіравалі ў міністэрства.

Працэс у справе ліквідацыі жаночай партыі “Надзея” працягнецца заўтра аб 11 гадзіне ў Вярхоўным судзе. Прадстаўнікі партыі зьбіраюцца падаць хадайніцтва аб запрашэньні сьведак і выезьдзе па юрыдычным адрасе. 2 жніўня на паўгоду прыпынілі дзейнасьць Партыі камуністаў беларускай. У Беларусі цяпер афіцыйна зарэгістравана сямнаццаць палітычных партыяў. • “Надзея” ня траціць надзею перамагчы ў спрэчцы зь Мінюстам , 12.09.2007 • Мінюст настойвае на ліквідацыі "Надзеі" , 12.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG