Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму расьце колькасьць псыхічна хворых у Беларусі?


Віталь Цыганкоў, Менск Сёньня адзначаецца Ўсясьветны дзень псыхічнага здароўя. Апошнім часам штогод у Беларусі колькасьць зноў выяўленых псыхічна хворых перавышае 50 тысячаў чалавек. Больш дакладныя дадзеныя знайсьці вельмі цяжка. Чаму расьце колькасьць псыхічна хворых у Беларусі? Паводле якіх крытэрыяў чалавек можа быць прызнаны псыхічна хворым? Віталь Цыганкоў гаворыць з псыхіятрам менскага гарадзкога псыханэўралягічнага дыспансэра Ігарам Сарокіным.

Цыганкоў: “Якая дынаміка колькасьці псыхічна хворых у Беларусі, становіцца такіх людзей больш альбо менш? Якія асноўныя тэндэнцыі ў сёньняшняй псыхіятрыі?”

Сарокін: “Колькасьць псыхічна хворых расьце ў Беларусі ва ўсіх узроставых катэгорыях – ад дзетак да асобаў пэнсійнага ўзросту. Прычыны гэтага я бачу ў п’янстве, ужываньні наркотыкаў, у тым, што людзі страчваюць менавіта эмацыйны кантакт паміж сабой. Асабліва моладзь жыве галоўным чынам у віртуальным сьвеце – праз Інтэрнэт, мабільную сувязь страчваюць жывыя чалавечыя кантакты. Ва ўсім сьвеце расьце колькасьць хворых на дэпрэсіі, і Беларусь гэта не мінула.

Што да тэндэнцыяў, то ва ўсім сьвеце псыхіятрычныя службы імкнуцца як мага раней пераводзіць пацыентаў не на шпітальныя формы, а на дзённыя стацыянары, ці ўвогуле пазашпітальныя формы аказаньня псыхіятрычнай дапамогі. У нас, на жаль, гэта атрымліваецца вельмі павольна, бо не хапае грошай на арганізацыю пазашпітальнай службы”.
”Калі кіравацца законам “Аб аказаньні псыхіятрычнай дапамогі”, то правы грамадзянаў – як здаровых, гэтак і псыхічна хворых – будуць абароненыя.”
Цыганкоў: “У сьвеце ўсё больш зьмякчаюцца парамэтры прызнаньня людзей псыхічна хворымі. Паняцьце нормы ўсё больш пашыраецца. Калі вы прымаеце рашэньне, што такі чалавек мае патрэбу ў лячэньні – што адыгрывае галоўную ролю, якімі парамэтрамі вы карыстаецеся?”

Сарокін: “Ёсьць два тыпы крытэрыяў: мэдычны і сацыяльны. Мэдычны – гэта тое, што можа выклікаць пагаршэньне псыхічнага здароўя чалавека і нанесьці шкоду альбо яму, альбо іншым людзям. Тады, безумоўна, трэба прымаць досыць актыўна захады па лячэньні – і ў гэтым здаровы сэнс. Ва ўсім сьвеце менавіта гэтым крытэрыем карыстаюцца, каб вызначыць ступень неабходнасьці ўмяшаньня.

Вы маеце рацыю – крытэрыі моцна зьмякчаюцца. Калі, да прыкладу, раней гаварылі пра трансвэстытаў як пра нейкую сур’ёзную паталёгію і спрабавалі лячыць тых асобаў, якія настойвалі на зьмене полу, дык цяпер да гэтага ставяцца сыходзячы з меркаваньня здаровага сэнсу. Калі неаказаньне псыхіятрычнай дапамогі не пагаршае псыхічны стан такога чалавека, то гаварыць пра тое, што трэба яго стацыянарна лячыць ці аказваць любыя іншыя спосабы псыхіятрычнай дапамогі – не выпадае”.

Цыганкоў: “Ці дастаткова сёньня заканадаўчай базы для таго, каб правы людзей у гэтым далікатным пытаньні былі абароненыя? Ці спрыяе заканадаўства таму, што ніхто ня можа быць прымусова шпіталізаваны?”

Сарокін: “У нас прыняты закон “Аб аказаньні псыхіятрычнай дапамогі”. Я перакананы, што калі ім кіравацца, то правы грамадзянаў – як здаровых, гэтак і псыхічна хворых – будуць абароненыя. На мой погляд, усе магчымыя лазейкі для таго, каб нейкім чынам выкарыстоўваць карную псыхіятрыю, гэтым законам перакрытыя. Галоўнае – каб ён працаваў, бо ў нас шмат законаў не працуе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG