Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Такі чалавек ня мог застацца ў жывых у сёньняшні час”


Юры Дракахруст, Прага У першую гадавіну сьмерці пра Ганну Паліткоўскую ўспамінаюць удзельнікі драматычных падзей у “гарачых кропках” Расеі, пра якія журналістка пісала свае артыкулы для “Новой газеты”.

У кастрычніку 2002 году ўзброеная групоўка на чале з Маўсарам Бараевым захапіла ў закладнікі больш за 800 чалавек у Тэатральным цэнтры на Дуброўцы ў Маскве. Ганна Паліткоўская ўдзельнічала ў перамовах з захопнікамі. У выніку штурму будынку загінула 130 закладнікаў.

“Асноўны боль Ганна брала на сябе...”

Для ахвяраў “Норд-Осту” Паліткоўская была ня толькі журналістам, які апісвае трагічныя падзеі. Гаворыць былая закладніца Ірына Фадзеева, якая страціла на Дуброўцы свайго 15-гадовага сына:

Фадзеева: “Я ў царкву хадзіла першыя дні, да сьвятароў, з адным пытаньнем: дзе, як і што? Мне ніхто не адказваў. А вось зь ёй я чамусьці адчула, што мы будзем разам чакаць. Ганна напісала амаль пра ўсіх дзяцей, што загінулі ў “Норд-Осьце”. Яна да нас прыходзіла, ратавала. Калі яна зьяўлялася, яна была , як фільтар, бо асноўны боль брала на сябе”.

“У Дагестане яе параўноўвалі з нацыянальнай гераіняй”

У Дагестане журналістку параўноўвалі са сваёй нацыянальнай гераіняй. Гаворыць грамадзкі дзяяч Умар Джаўтаеў.

Джаўтаеў: “У Дагестане, калі Паліткоўская ўзьнімала вострыя праблемы, яе параўноўвалі з Парту Пацімой – гэта легендарная дзяўчына, якая падняла атрад на барацьбу з ворагам. Паціму параўноўвалі з Жаннай Д’Арк, а Паліткоўскую – з Парту Пацімой. Яна шукала праблемы, пра якія баяліся казаць услых нават свабодныя СМІ. Такі чалавек ня мог застацца ў жывых у сёньняшні час”.

На падзеі ў Бэслане Паліткоўская ня здолела патрапіць з прычыны загадкавага атручэньня ў самалёце. Але потым яна шмат пісала пра гэтую трагедыю, сустракалася з закладнікамі, і зь сем’ямі загіблых. Гаворыць жыхар Бэслану Руслан Тэтаў:

Тэтаў: “Яна была нібыта адсюль. Мы зь ёй двойчы сустракаліся, і я не адчуваў таго непаразуменьня, якое звычайна бывае, калі з цэнтру прыяжджаюць. Яна гэта адразу схапіла. У той жа час яе мяккасьць дазваляла ёй пранікаць у такія глыбіні нашага сьветаўсьведамленьня, што мы самі дзівіліся”.

“Такога журналіста я ніколі больш не сустракала”

Зімой 2004 году ў Башкартастане міліцыя на працягу 4 дзён праводзіла спэцапэрацыю ў Благавешчанску і навакольных вёсках. Акцыя па барацьбе з масавым бандытызмам вылілася ў жорсткае зьбіцьцё прыкладна тысячы чалавек, многія зь іх патрапілі ў шпіталі.

Як кажуць мясцовыя журналісты, Паліткоўская здолела раскапаць пра драму ў Благавешчанску тое, што не маглі знайсьці яны. Мясцовая жыхарка Галіна Баброва, у якой падчас падзеяў быў зьбіты сын:

Баброва: “Абяцалі шмат, яна нічога не абяцала, мы проста размаўлялі. Ды я б зь ёй і зараз з задавальненьнем паразмаўляла, распавяла пра дзяцей, пра тое, што сын пойдзе ў першую клясу... Такога журналіста я ніколі больш не сустракала. Гэта ня кожнаму дадзена”.

Ганна Паліткоўская. 1958 - 2006. Фотагалерэя, 6.10.2007 7 кастрычніка – гадавіна забойства журналісткі Ганны Паліткоўскай, 6.10.2007 Гадавіна забойства Паліткоўскай: “Людзі згубілі шанц даведацца праўду пра Чачэнію”, 4.10.2007 Расея найбольш небясьпечная для журналістаў пасьля Іраку і Альжыру, 12.10.2006 "Ганна была адзінай, хто казаў праўду пра жахі ў Чачні...", 11.10.2006
XS
SM
MD
LG