Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пойдзеш на “Эўрапейскі марш” — можаш пісаць заяву на звальненьне”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Праз тыдзень, 14 кастрычніка, апазыцыя плянуе правесьці ў Менску масавую акцыю — “Эўрапейскі марш”. Напярэдадні маршу ў сталіцы і рэгіёнах міліцыя пачала затрымліваць апазыцыйных актывістаў. Многіх пакаралі арыштамі й штрафамі за распаўсюд улётак, налепак і газэт з інфармацыяй пра акцыю.

Пра тое, як улада рыхтуецца да “Эўрапейскага маршу”, паведамляюць у сваіх лістах і слухачы “Свабоды”.

Нам піша Эдвард Мікуліч зь Менску:

“На працы начальнік папярэдзіў: пойдзеш на “Эўрапейскі марш” — можаш пісаць заяву на звальненьне. Папярэдзіў ня толькі мяне — усіх. Раней многія пра гэты марш нават ня ведалі.

Ці пойдуць пасьля гэтага людзі на вуліцу? Думаю, не. Праца ў нас стабільная, заробкі параўнальна неблагія. Калі выганяць — дзе ўладкуесься?

Людзей можна зразумець: кожны вымушаны думаць пра сваю сям’ю, дзяцей, пра заўтрашні дзень. Вядома, многія хацелі б бачыць сваю краіну разьвітай эўрапейскай дзяржавай, езьдзіць бязь візаў у Эўразьвяз, уладкоўвацца ў эўрапейскія краіны на працу. Але на сёньня гэта выглядае чымсьці далёкім і нерэальным.

Сёньня ў Беларусі гайкі заціснутыя так, што апазыцыя іх наўрад ці можа адкруціць”.

У закручваньні гаек, спадар Мікуліч, ёсьць і небясьпека. Зацісьнеш празьмерна — сарвеш разьбу, і тады распадаецца ўсё мацаваньне, на якое патрачана столькі сілаў. У палітыцы гэта правіла актуальнае гэтак жа, як і ў мэханіцы.

Палітычная актыўнасьць грамадзтва ў сёньняшняй Беларусі ня надта высокая. Але ўлада ўжо цяпер спрабуе не дапусьціць ніякіх праяваў масавага незадавальненьня, прадчуваючы, што наступствы энэргетычнага крызісу ў бліжэйшы час будуць нарастаць і адаб’юцца на ўзроўні жыцьця ў Беларусі.

Нашага слухача Міколу Канаховіча з Пружанаў зацікавіла паведамленьне пра тое, што першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч вылучаны на Нобэлеўскую прэмію.

Спадар Канаховіч з гэтай нагоды піша:

“Сёньня зь беларускіх палітыкаў Нобэлеўскай прэміі варты толькі Зянон Пазьняк. Ён, шараговы дэпутат, зрабіў для Беларусі непараўнальна больш, чым сьпікер Станіслаў Шушкевіч. Ужо тое, што сваімі дзеяньнямі спадар Шушкевіч затрымаў роспуск Вярхоўнага Савету, калі было сабрана больш як 600 тысяч подпісаў, — дзяржаўная здрада.

А чаму ён ганарыцца тым, што аддаў Расеі ядзерную зброю безь ніякіх папярэдніх умоваў і кампэнсацыяў? Трэба ж было патрабаваць за гэта грошы, альбо прадаць зброю любой іншай ядзернай дзяржаве.

Трэцяя здрада — адмова ад патрабаваньня ад Расеі як пераемніцы СССР кампэнсацыяў за чарнобыльскую катастрофу і за саюзную маёмасьць.

А цяпер штосьці і партыі Шшкевічавай не відаць і не чуваць на вуліцах Менску. Я сумняюся, што 14 кастрычніка спадар Шушкевіч выведзе сваю партыю на вуліцы Менску. Ён ня здольны нават спагнаць для сябе паводле закону заслужаную пэнсію. Калі Лукашэнка зьдзекуецца з Шушкевіча, дык што —за гэта даваць Нобэлеўскую прэмію? Абсурд нейкі!”

Штогод на Нобэлеўскую прэмію міру ў сьвеце вылучаюць дзясяткі й нават сотні асобаў. Ніхто не забараняе вылучыць на яе і Зянона Пазьняка — калі знойдуцца ўплывовая міжнародная інстытуцыя альбо ляўрэат Нобэлеўскай прэміі, якія маюць права на такое вылучэньне (Станіслава Шушкевіча, нагадаю, вылучыў нобэлеўскі ляўрэат Лех Валэнса).

Іншая рэч, што прэтэндэнтаў у сьвеце шмат, а прэмія — адна. І атрымліваюць яе, як правіла, вядомыя ў сьвеце асобы, якія шмат зрабілі дзеля міжнароднай бяясьпекі.

Што да папрокаў на адрас Станіслава Шушкевіча. Былы старшыня Вярхоўнага Савету ня раз на іх адказваў.

Заўважу, што сыстэма ўлады ў Беларусі на пачатку 1990-х гадоў была зусім іншай, чым цяпер. Існаваў рэальны падзел уладаў, і многія важныя для дзяржавы рашэньні (напрыклад, пра рэфэрэндум і пра вывад ядзернай зброі) аднаасобна ў Беларусі тады ніхто не вырашаў. Без уліку гістарычнага кантэксту асуджаць сёньня тых альбо іншых асобаў наўрад ці варта.

Сумная навіна стала нагодай для допісу і развагаў нашага сябра Кастуся Сырэля з Вушачаў:

“26 верасьня, у двары пяціпавярховага дому нумар 4, што па вуліцы Камсамольскай у Вушачах, гулялі трое сямігадовых хлопчыкаў — гушкаліся на арэлях. Адзін зь іх саскочыў, а арэлі былі не замацаваныя: ад штуршка пахіснуліся і перакуліліся разам з другім хлопчыкам, нейкім чынам упалі яму на ногі, пераламаўшы абедзьве галёнкі.

Дзіця даставілі ў шпіталь, адкуль тэрмінова адправілі ў Віцебск. Двое другіх хлопчыкаў атрымалі моцны псыхалягічны шок, адзін зь іх скардзіцца на галаўны боль, мочыцца праз кожныя некалькі хвілін.

У нас могуць завярнуць кіроўцу з тэхагляду за пратэрмінаваную ўпакоўку анальгіну ў аўтааптэчцы (ну, вельмі ўжо небясьпечна езьдзіць у аўто з пратэрмінаваным анальгінам).

Могуць давесьці да рэанімацыі інваліда-чарнобыльца толькі за тое, што хацеў задаць пытаньне прэзыдэнту.

Могуць абвінаваціць глуханямога юнака ў тым, што выкрыкваў антыпрэзыдэнцкія лёзунгі.

Могуць зьбіць і кінуць за краты пятнаццацігадовага пацана за тое, што выйшаў на вуліцу зь бел-чырвона-белым сьцяжком і крыкнуў “Жыве Беларусь”.

Могуць заканапаціць сірату-дзяўчынку Віку Мароз ў дзіцячы дом, абы толькі яна не жыла паводле свайго жаданьня са сваімі названымі бацькамі ў Італіі.

А вось зрабіць людзкую пляцоўку для дзяцей у дзяржавы не стае часу. Чыноўнікі ня могуць дапетрыць, што дзіцячая пляцоўка павінна мець тэхпашпарт і праходзіць штогод куды больш пільны тэхагляд, чым “Масквіч” ці “Запарожац” якога-небудзь вясковага дзядзькі. Што павінны быць нейкія стандарты на гэтыя пляцоўкі — матэрыялы, дыямэтар трубаў, пакрыцьцё, памеры — нічога ж гэтага няма, усе лепяць хто на што здатны, кожны на свой капыл.

Нашыя будаўнікі, здаецца, ня ведаюць пра існаваньне дзяцей наагул. Зайдзіце ў любую кватэру і паглядзіце, на якой вышыні знаходзяцца электрычныя выключальнікі. Каб трохгадоваму дзіцяці ўключыць сьвятло ў прыбіральні, трэба або стаць на крэсла, або прасіць дарослага. Можа, дзе небудзь у гарадах у новых кватэрах па-іншаму, ня ведаю. Але я такіх кватэраў у нас пакуль ня бачыў.

Бачыў у ЗША, дакладней, у Каліфорніі. Там выключальнікі ставяць на вышыні далоні апушчанай рукі. Арэлі ў парках, бадай, не адолее й танк, пакрыцьцё пляцоўкі пад імі мяккае. Дзіцячыя горкі — зь нержавеючай сталі, гладзенькія, аж зіхацяць. У рэстаране, калі наведнік зь дзецьмі, у першую чаргу абслужаць дзяцей — пакладуць на стол паперу й каляровыя алоўкі.

Ну, ня веру я ніводнаму ні прэзыдэнцкаму, ні чыноўніцкаму слову наконт любові да дзяцей! Ды й наконт астатняга — таксама.

Вы скажаце: “Пры чым тут прэзыдэнт да дзіцячых пляцовак?”

А пры тым, што гэта ён стварыў сыстэму ўлады, пры якой усё гэта магчыма. Калі замкнуў усё на сябе, то хай і адказвае. А то як ляўры пажынаць — ён тут як тут. А як адказнасьць несьці — гэта ня ён”.

Дзякуй вам, Кастусь, за цікавыя развагі, за неаьыякавы погляд на праблему, якая, сапраўды, надзвычай актуальная для Беларусі.

Думаю, аднак, што адказнасьць тут кладзецца ня толькі на цяперашнюю ўладу. Доўгія дзесяцігодзьдзі і ў дзяржаве, і ў грамадзтве не надавалі значнай увагі бясьпецы людзей увогуле і дзяцей у прыватнасьці.

Гэта не лічылася першараднай задачай. Калі трэба было выбіраць паміж датэрміновай здачай якога-небудзь аб’екту да гадавіны бальшавіцкай рэвалюцыі і недаробленай сыстэмай бясьпекі гэтага аб’екту — чыноўнікі не задумваючыся ігнаравалі недаробкі.

Так было на кожным кроку: і на гіганцкіх будоўлях кшталту Чарнобыльскай АЭС, і на маленькай дзіцячай пляцоўцы ў двары “хрушчоўкі”. І ў грамадзтве не было нецярпімага стаўленьня да такой сытуацыі. Чыноўнікі атрымлівалі ордэны за датэрміновую здачу аб’ектаў, а людзі моўчкі за ўсім гэтым назіралі.

Ці не таму сталі магчымымі і вялікая трагедыя — у Чарнобылі ў 1986 годзе; і маленькае няшчасьце — у двары вушацкага дому напрыканцы сёлетняга верасьня?

На заканчэньне — кароткі ліст, які пакіну без камэнтару.

Нам піша Вольга Данчанка зь Медзельскага раёну:

“Халодным восеньскім вечарам, седзячы ля напаленай печы, так міла чуць далёкі і родны голас “Свабоды”. Адкуль яшчэ ў нас можна даведацца праўдзівыя навіны? Заставайцеся і далей зь людзьмі, расказвайце ўсю праўду, беражыце нашу родную мову. Так мала засталося асяродкаў, дзе яна гучыць”.

Дзякуй, спадарыня Данчанка, за цёплыя словы вам, а таксама ўсім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і суботу. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG