Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яўген Будзінас: “Хочацца хаця б на старасьці гадоў гаварыць пра каханьне”


Іна Студзінская, Менск Сёньня памёр вядомы беларускі пісьменьнік і публіцыст Яўген Будзінас. Пра яго згадваюць людзі, якія яго добра ведалі.

Яўген Будзінас часта апярэджваў час: раней за іншых ён станавіўся камэрсантам, мэнэджэрам, прыватным выдаўцом.

Кажа паэт Генадзь Бураўкін:

Генадзь Бураўкін: “Гэта быў чалавек з прынцыпамі, вельмі дакладным адчуваньнем праўды і справядлівасьці”
“Для мяне ён быў калегам-журналістам, выдатным, глыбокім. Бо і ў тыя застойныя часы ён спрабаваў “ўлезьці” у глыбіню праблемы. Дудуткі, якія ён, так бы мовіць, арганізаваў і якія ў яго потым адабралі – гэта вельмі цікавы досьвед (які, думаю, будзе яшчэ дасьледаваны) – якія парасткі новага нараджаліся і як, на жаль, іх затапталі тупыя, глухія чыноўнікі. І тое, што ў цяжкія часы для Саюзу пісьменьнікаў ён застаўся ў нашым Саюзе беларускіх пісьменьнікаў, сам пішучы па-расейску – ён разумеў, што ў літаратуры ёсьць сьвятыя рэчы, якімі нельга ні гандляваць, ні тым больш хітраваць, сьведчыць, што гэта быў чалавек з прынцыпамі вельмі дакладным адчуваньнем праўды і справядлівасьці”.

Журналістка Ірына Халіп ўпершыню пабачыла Яўгена Будзінаса ў кастрычніку 1988-га, пасьля першага паходу ў Курапаты, калі людзей жорстка разганялі вадамётамі і газам “чаромха”. Тады ў Чырвоным касьцёле (тагачасным Доме кіно) адбыўся ўстаноўчы зьезд “Мартыралёгу”.

Ірына Халіп: “Ягоныя словы, ягоная аратарская манэра проста заварожвалі...”
“Ён быў такім цудоўным прамоўцам, ягоныя словы, ягоная аратарская манэра проста заварожвалі... Мяне ўразіла неверагодная энэргія гэтага чалавека: яму тады было 45, у яго быў маленькі чатырохмесячны сын, Будзінас пісаў тады кнігу, працаваў уласным карэспандэнтам часопісу “Дружба народов”, і яшчэ ён апантана займаўся грамадзкай дзейнасьцю. Ён пасьпяваў усё – хацеў пасьпець зрабіць тое, што не пасьпявае ніхто з нас. Чалавек такога тэмпэрамэнту – пісьменьніцкага, чалавечага, грамадзкага, мужчынскага – шчыра кажучы, мне вельмі шкада, што я павінна гэта казаць. Я хацела б ніколі ня ведаць пра яго сьмерць...”

Палітоляг Аляксандар Фядута захапляецца незвычайным аптымізмам Яўгена Будзінаса:

“Гэты чалавек вельмі любіў жыцьцё. Ён быў вельмі вялікі і вельмі яркі. Калі ты зь ім кантактаваў, разумеў, што маеш справу з сапраўдным чалавекам, высокай постацьцю, вельмі выбітнай. Ён быў вельмі патрабавальны і да сябе, і да іншых. Ён ня ўмеў штосьці рабіць напалову... Калі такія асобы сыходзяць, вельмі цяжка”.

Музыказнаўца, вядомая тэлевядучая Элеанора Язерская кажа:

Элеанора Язерская: “Яго любілі ўсе: былыя жонкі, шматлікія дзеці, унукі”
“И произносятся для истории нежные речи в крематории...” – гэта радкі расейскага паэта Яўгена Еўтушэнкі, які быў сябрам Жэні Будзінаса і быў вельмі ўдзячны яму за тое, што папрацаваў у бліскучым будзінаўскім праекце “Строфы века”. Будзінас быў і пісьменьнікам, і журналістам, і ўзначальваў выдавецтва. І яшчэ ён падарыў усім нам Дудуткі. Сёньня Дудуткамі ганарыцца Беларусь. Яго любілі ўсе: былыя жонкі, шматлікія дзеці, унукі. Я бачыла, як яму прызнаюцца ў любові Андрэй Вазьнясенскі, Барыс Забораў. Гэтага сьветлага, добрага, чыстага чалавека нам будзе вельмі не хапаць...”

У прадмове да кнігі Яўгена Будзінаса “Давайце, дзяўчаты!” паэт Яўген Еўтушэнка піша: “У сваёй споведзі, якая апавядае пра каханьне, пакуты, надзеі, Яўген Будзінас застаўся верны высокай паэзіі, здолеўшы нават пра самае інтымнае сказаць узьнёсла, з паэтычным майстэрствам”.

Чаму апошнюю кнігу Яўген Будзінас напісаў менавіта пра каханьне? Сам ён незадоўга да сьмерці патлумачыў так:

Яўген Будзінас: “Палітыка – гэта задворкі розуму”
“Палітыка – гэта задворкі розуму. Яна абсалютна нецікавая нідзе нармальным людзям. Шчасьлівая тая краіна, дзе людзі нават ня ведаюць, хто ў іх прэзыдэнт. А мне надакучыла ўсё жыцьцё жыць на гэтых задворках. І хочацца, у рэшце рэшт, хаця б на старасьці гадоў гаварыць аб каханьні”.

Яшчэ адзін блізкі сябар Будзінаса пісьменьнік Анатоль Стрэляны піша:

“Калісьці я перагарнуў апошнюю старонку “Лаліты” з пачуцьцём гора. Гэтакае ж пачуцьце я спазнаў і прачытаўшы кнігу майго сябра. І зноў задумаўся пра тое, што меў на ўвазе Пушкін, кажучы, што паэзія вышэйшая за мараль”.

• Вянок памяці: Яўген Будзінас, 4.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG