Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Белсат” здымае “Тутэйшых”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У польскім гарадку Тыкоцін, што на Падляшшы, завяршаюцца здымкі тэлефільму паводле п’есы Янкі Купалы “Тутэйшыя”. Фільм здымае менскі рэжысэр Валер Мазынскі на замову новага спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”.

Рэжысэр пастаноўкі Валер Мазынскі кажа, што зьнятыя ўжо тры чвэрці тэлефільму. Паводле ягоных словаў, праца ідзе ў вельмі добрай атмасфэры.

“Зь вялікай прыемнасьцю мы тут робім гэтую справу. Канешне, як заўсёды, у такой творча-вытворчай працы ёсьць нейкія накладкі, але вельмі цёплая атмасфэра і добрае чалавечае стаўленьне. Увогуле, мы вялікае задавальненьне атрымліваем ад таго, што робім”.

Сцэны з “Тутэйшых” здымаюцца як у памяшканьні, так і пад акрытым небам, ёсьць сцэны з так званымі “масоўкамі”, у адмыслова пабудаваных дэкарацыях.

“Мы на вуліцы здымаем цяпер, шмат аўто езьдзіць, так што дарогу трэба перакрываць. Масавыя сцэны яшчэ будуць, будзе сцэна з базарам – “барахолкай”. Тры чвэрці зробленыя ўжо, адна дзея засталася.

М.Рабчынін: “Тое, што мы робім, можа мець вельмі вялікае значэньне”

Актор Мікола Рабчынін грае ролі спраўніка і жабрака.

“Цудоўна працуецца. Такі тандэм, як Мазынскі і польскі рэжысэр Дарыюш, яны вельмі добра адзін аднаго дапаўняюць”.

Спадар Рабчынін лічыць, што тэлефільм паводле “Тутэйшых” можа мець вельмі вялікі розгалас у Беларусі.

“Паводле маштабу гэта сярэднія здымкі, не такія ўжо вялікія. Але тое, што мы робім, можа мець вельмі вялікае значэньне, стрэліць, як напрыклад, ну каго ж тут ўзгадаць... ну, напрыклад, як “Вайна і мір!”.

А.Рамашэўска: “Тэатар – найлепшая школа жывой мовы”

Між тым, дырэктар каналу “Белсат” Агнешка Рамашэўска-Гузы сказала нашаму радыё, што праект тэлевізыйнага тэатру, тэлефільму, вельмі важны для новага тэлебачаньня.

“Канал “Белсат” хацеў бы даць магчымасьць паказаць сябе, папрацаваць беларускім творцам. На дадзены момант для іх не хапае прасторы ў Беларусі, а тэатральная творчасьць павінна мець гледача. Таму мы вырашылі, што нягледзячы на высокія кошты, мы будзем здымаць такія пастаноўкі. Тэатар – гэта найлепшая школа жывой мовы, а па-другое, веданьне клясыкі неабходнае дзеля існаваньня культуры краіны. Гэта важна і для інтэлектуалаў, і для шырокага гледача”.

А ці плянуе “Белсат” здымаць чарговыя спэктаклі?

Рамашэўска: “Наколькі гэта будзе магчыма, мы пабачым. Як атрымаецца ў нас скончыць гэты экспэрымэнтальны праект са спэктаклем паводле “Тутэйшых”, мы будзем гэта рабіць далей. Мы ня маем шмат сродкаў, але ў наступным годзе паспрабуем працягваць. Можа, атрымаецца ў нас абвясьціць конкурс на сучасную тэатральную п’есу. Мы абмежаваныя ў выдатках, а такія пастаноўкі каштуюць шмат, але мы ўпэўненыя, што гэта вельмі патрэбна і важна. Я, як полька, не ўяўляю сабе, каб была краіна, дзе нельга паглядзець ў тэатры творы нацыянальнай клясыкі. Па-мойму, мы робім рэч, якая зьяўляецца відавочнай”.

“Белсат”: “Мы думаем ня толькі пра колькасьць, але і пра якасьць кліпаў”, 13.09.2007 Дамэн belsat.by не прадаецца!, 13.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG