Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Таўстыка: чыноўнікаў “бярэ зайздрасьць” да прадпрымальнікаў


Валер Каліноўскі, Прага Госьць "Начной Свабоды" – менскі прадпрымальнік Аляксандар Таўстыка, сябра аргкамітэту арганізацыі "За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва".

Каліноўскі: “Сп.Аляксандар, вы сёньня таксама страйкавалі?”

Таўстыка: “Я б хацеў крышачку ўдакладніць, што гэта на самой справе было сьвята-страйк прадпрымальнікаў, таму што была прапанова зрабіць 2 кастрычніка сьвятам прадпрымальнікаў у Беларусі, і канечне, я ўдзельнічаў у гэтым сьвяце”.

Каліноўскі: “А як вы сьвяткавалі на вашым рынку ў Ждановічах, дзе вы працуеце?”

Таўстыка: “Я не магу дакладна сказаць, бо я знаходзіўся ў іншым месцы, і мы зь сябрамі-прадпрымальнікамі сьвяткавалі ў цэнтры гораду”.

“Лічу, што сьвята ўдалося”

Каліноўскі: “Наколькі аб''яднаным быў сёньняшні страйк-сьвяткаваньне, наколькі зьяднаныя пайшлі прадпрымальнікі адстойваць свае правы?”

Таўстыка: “Я лічу, што сьвята ўдалося, і сапраўдныя прадпрымальнікі на самай справе аб''ядналіся, але мы ведаем, што становішча ў Беларусі такое: камусьці падабаецца бел-чырвона-белы сьцяг, камусьці – чырвона-зялёны, такое ж можа назірацца і сярод прадпрымальнікаў... Але ж мы ведаем дакладна, што спадар Шумчанка і яго "Пэрспэктыва" ніяк не падтрымалі гэтае сьвята, хаця калісьці самі заклікалі: “Прыходзьце да нас, падтрымайце”. Самі яны лічаць сябе прадпрымальнікамі, але вось гэтае сьвята яны не падтрымалі”.

Каліноўскі: “Яны штрэкбрэхеры, па-вашаму?”

Таўстыка: “ Ня ведаю, ці можна называць іх штрэйкбрэхерамі...”

Каліноўскі: “Сп.Макаеў, прынамсі, так назваў Анатоля Шумчанку...”

Таўстыка: “Тады правільна назваў”.

“Чыноўнікі з улады могуць набываць, а прадпрымальнікі не?”

Каліноўскі: “А вось начальнік упраўленьня прадпрымальніцтва Менгарвыканкаму Аляксандар Каліноўскі сёньня ў размове сказаў, што прадпрымальнікі "на мэрсах езьдзяць і кватэры скупляюць". Скажыце, а ў вас таксама ёсьць мэрсэдэс і некалькі кватэраў?”

Таўстыка: “Не, няма, я сам ежджу на нямецкай машыне "Опэль Вэктра" 1995 году выпуску. Але самае галоўнае, што сп.Каліноўскі на самой справе ўжо як сьледчы цікавіцца гэтым, і яго бярэ нейкая зайздрасьць – калі чалавек зарабіў грошы, дык што, ён не павінен набываць сабе “Мэрсэдэс” ці тую ж кватэру? Чыноўнікі з улады могуць гэта набываць, а прадпрымальнікі не?”

Каліноўскі: “Ён проста мяркуе, што ў вас ніякіх праблем няма, што вы і так багатыя, можаце яшчэ больш плаціць...”

Таўстыка: “Я лічу, што мы, людзі якія гандлююць, багатыя ня толькі грашыма, але і тым, што мы адукавана гандлюем, мы маем сем''і – існуе такая прымаўка, што той, хто мае больш дзяцей, той самы багаты чалавек на сьвеце. У нашых сем’ях шмат дзяцей, і яны адукаванымі растуць”.

Каліноўскі: “А ў вас колькі дзяцей?”

Таўстыка: “У мяне двое”.

“Плошчу Каліноўскага стваралі прадпрымальнікі”

Каліноўскі: “Адзін з наведнікаў форуму TUT.by заўважыў пра ваша сёньняшняе сьвята: "Выходзіць гэтым 30 тысячам трэба было, калі мы стаялі на плошчы Каліноўскага ў сакавіку мінулага году. А то вось, прачнуліся..." Якая вашая рэакцыя на такі закід?”

Таўстыка: “Магу адказаць гэтаму чалавеку – мне таксама было балюча за плошчу Каліноўскага, але стваралі яе прадпрымальнікі, і дзякуючы ім, скажу гэта зь вялікім гонарам, тыя намёты, якія там стаялі, былі ад прадпрымальнікаў, і падтрымка была ад прадпрымальнікаў”.

Каліноўскі: “І вы асабіста там былі?”

Таўстыка: “Канечне”.

Каліноўскі: “Ці пагаджаецеся вы зь меркаваньнямі некаторых менчукоў, што эфэкту ад страйку няма і ня будзе?”

Таўстыка: “Я скажу так: калі ўжо спадар Каліноўскі, якога не запрашалі на гэтае сьвята, прыйшоў сам на гэтае месца, то ведаеце, гэта ўжо крок з боку ўлады. Ён прапаноўваў правесьці нейкія перамовы з прадпрымальнікамі і паабяцаў вырашыць нейкія пытаньні ўсё-ткі – я лічу, што гэта ўжо невялічкая перамога, а такая невялічкая перамога дае яшчэ і яшчэ падобныя перамогі. І яшчэ мы зьвярнуліся ў камісію пры Палаце прадстаўнікоў з прапановай, каб стварыць закон аб малым і сярэднім бізнэсе, і мы таксама будзем чакаць адтуль зьвестак – можа, дэпутаты хоць у свае апошнія працоўныя дні падтрымаюць нас і нешта створаць...”

“Мы на нейкія хвіліны былі аб''яднаныя з тымі самымі міліцыянтамі...”

Каліноўскі: “Вы – адзін з герояў фільму "Урокі беларускай мовы". Не прыгадаеце, як вы былі паказаныя ў гэтым фільме?”

Таўстыка: “На самой справе, я і ня ставіў мэту быць адным з галоўных герояў гэтага фільму, але я патрапіў у кадр, і ён атрымаўся вельмі дакладны, бо я насамрэч размаўляў там зь людзьмі па-беларуску, сапраўднымі беларусамі, якія таксама перажывалі за гэтыя падзеі... У той момант, які паказаны ў фільме, мы зь сябрамі з нашага намёта паехалі набылі смажаных курэй, нічога іншага не маглі прыдумаць, думалі, што гэта было б вельмі добра ў сьцюдзёны вечар...

У першыя дні дзеяньні праваахоўных органаў не былі такімі мэтанакіраванымі – у кожнага стаяла пытаньне, што далей, што будзе праз пэўны час, і, можа, мы на нейкія хвіліны былі аб''яднаныя з тымі самымі міліцыянтамі... Я лічу, што гэтак было, і мы скарысталі гэты момант”.

“Я зьбіраю грошы цэлы год, каб вывезьці сям''ю на адпачынак...”

Каліноўскі: “Раскажыце, якім бізнэсам вы займаецеся, ці выгадна вам гэта і ці не перашкаджаюць вам улады?”

Таўстыка: “Канечне, бізнэсам гэта нельга назваць... Як кожны з прадпрымальнікаў, мы займаемся продажам абсталяваньня да кампутарнай тэхнікі, маем кропку ў Ждановічах”.

Каліноўскі: “Можна з гэтага жыць?”

Таўстыка: “Існаваць можна, але на самай справе я зьбіраю грошы цэлы год, каб вывезьці ўлетку сваю сям''ю на адпачынак...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG