Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскім кнігарням загадана гандляваць цыгарэтамi


Радыё Свабода, Віцебск Чыноўнікі віцебскага гарвыканкаму, якія выходзяць на "прэзыдэнцкую лыжню" і ўсялякім іншым чынам дэманструюць, што на дзяржаўным узроўні змагаюцца за здаровы лад жыцьця, бяз спрэчак выдалі кнігарням ліцэнзію на гандаль тытунём. Цяпер цыгарэтамі гандлююць усе кніжныя крамы ў Віцебску, апрача недзяржаўных.

Вітрыны з тытунёвымі вырабамі ў віцебскіх кнігарнях прамінуць нельга. У кнігарні "Равесьнік" яна месьціцца каля стэнду з вучнёўскімі сшыткамі якраз за касай. У кнігарні "Глёбус" цыгарэты стаяць побач з віншавальнымі паштоўкамі. А ў кнігарні "Букініст" абураныя загадам гандляваць цыгарэтамі гандляркі паставілі побач з цыгарэтнымі шэрагамі кніжку Алена Кара "Лёгкі спосаб кінуць паліць". Іншага шляху, каб пратэставаць супраць загаду начальства, а заадно й пакпіць з яго, працаўніцы крамы не знайшлі.

Віцебск, 03.10.2007. У кнігарні У кнігарні "Букініст"

"Гэта ўвогуле жах – цыгарэты ў кнігарні! – гаворыць гандлярка крамы "Букініст". – Гэта рашэньне гарвыканкаму, каб прыбыткі большыя былі. Таму адмовіцца было нельга. Ну, а як у кіёсках "Саюздруку"? Там прадаюцца і газэты – нашыя палітычныя выданьні, і цыгарэты, і шампунь – усё разам!"

Гаворку пра асаблівасьці асартымэнту працягвае калега з крамы "Равесьнік":

"Тут у нас цыгарэты, там "Плэйбой", хутка, мусіць, ужо й віно сюды прывязуць! Чаго толькі не панапрыдумляюць дзядзечкі ва ўтульных крэслах! Калі нам ліцэнзію далі, гарвыканкам жа пра ўсё гэта ведае. Вось каб прэзыдэнт пра гэта даведаўся! Як яму яшчэ пра такое не паведамілі? Хай бы ўжо хутчэй ён дазнаўся!"

За 25 хвілін, якія мне давялося правесьці ў кнігарні "Равесьнік", цыгарэтаў ніхто не набываў. Напэўна, пакупнікі яшчэ не прызвычаіліся да такога нетрадыцыйнага для кнігарні тавару. Прыпыніўшыся недалёка ад кнігарні , пытаюся ў мінакоў, як яны ставяцца да таго, што разам з кніжкамі тут пачалі гандляваць тытунёвымі вырабамі.
”Тут у нас цыгарэты, там "Плэйбой", хутка, мусіць, ужо й віно сюды прывязуць!”
"Я да гэтага стаўлюся даволі адмоўна, – гаворыць спадар сярэдняга веку. – Гэта такая ненавязьлівая рэкляма цыгарэтных вырабаў. І незразумела: на афіцыйным узроўні праводзіцца прапаганда супраць паленьня, а меркантыльныя інтарэсы гандляроў відавочна пярэчаць дзяржаўнай палітыцы".

"Цыгарэты ў кнігарні – гэта нелягічна, – кажа дзяўчына, якая выходзіць з крамы зь нейкім школьным дапаможнікам у руках. – У школе нам кажуць, што паліць шкодна. А прыходзіш у кнігарню набыць сшытак ці дзёньнік ды бачыш цыгарэты. Няўжо імі больш няма дзе гандляваць, і трэба рабіць гэта нават у кнігарні?"

Пра тое, чаму кніжным крамам стала патрэбна гандляваць цыгарэтамі, распавёў дырэктар прадпрыемства "Віцебсккніга" Станіслаў Даманеўскі:

"Нам трэба выконваць абавязацельствы, якія даводзяцца Саветам Міністраў па тэмпах росту тавараабароту. Мы ўжо "вырасьлі" са сваіх крамаў – ужо дзясяткі год не разьвіваецца гандлёвая сетка. Нагрузка на наяўныя гандлёвыя плошчы вялікая, таму што цесна – а тавараабарот давай-давай-давай. А вось для цыгарэтаў якраз дадатковыя плошчы непатрэбныя. На касе іх паставіў – і ўсё!"

Як распавёў спадар Даманеўскі, прыбыткі ад продажу цыгарэт аказаліся не такія вялікія, як чакалі, хоць па ўсёй Віцебскай вобласьці цыгарэтамі забавязалі гандляваць 15 дзяржаўных кніжных крамаў. Недзяржаўныя кнігарні, якіх у абласным цэнтры дзьве, абыходзяцца бяз гэтага. Яны маюць стабільныя прыбыткі, бо закупляюць кнігі на пакупніцкі попыт, а не паводле разнарадкі кіраўніцтва. На паліцах там ня ўбачыш ні томікаў пад назвамі накшталт "Ідэалёгія і дзяржава", ні пачкаў "Прымы", "Marlboro" i "Winston".

• У Віцебску ў падземным пераходзе завяліся карасі , 5.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG