Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канцылярыя прэм’ер-міністра Расеі можа пераехаць у Крэмль


Сяргей Абламейка, Прага Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, выступаючы ў панядзелак на зьезьдзе пракрамлёўскай партыі “Адзіная Расея”, заявіў, што ён мог бы ўзначаліць выбарчы сьпіс гэтай партыі і стаць у будучым прэм’ер-міністрам.

Аналітыкі зьвяртаюць увагу, што, улічваючы фінансавыя, адміністрацыйныя і мэдыяльныя рэсурсы, якія Крэмль прадставіў партыі “Адзіная Расея”, для Пуціна ажыцьцявіць агучаныя ім пляны не складзе ніякай праблемы. Усе камэнтары сыходзяцца на адным – учорашнія заявы Пуціна сьведчаць, што ён вырашыў трымаць уладу ў сваіх руках і надалей. Як доўга? Вось думка расейскага палітоляга Станіслава Бялкоўскага:

“Відаць, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін расчараваўся ў ідэі стаць пэрсанальным пэнсіянэрам сусьветнага значэньня. Ён усё ж вырашыў застацца на трэці тэрмін, а таксама на чацьвёрты, пяты й шосты, бо ён ня бачыў ніякага мірнага сцэнару транзыту ўлады ў Расеі пасьля свайго зыходу”.

У сьвятле новых заяваў Пуціна больш зразумелым выглядае і прызначэньне Віктара Зубкова на пасаду прэм’ер-міністра. Цяпер палітолягі называюць гэта “апэрацыяй пераемнік” і адзначаюць несамастойны характар постаці Зубкова.

На думку Станіслава Бялкоўскага, для Расеі гэта вялікая драма. Расея, паводле яго, пазбаўляецца гістарычнай пэрспэктывы, любой надзеі на зьмену ўлады. Гэта сьведчыць, лічыць палітоляг, пра поўны крах любых спадзяваньняў на трансфармацыю. Бялкоўскі прадказвае распад Расеі.

Іншы экспэрт, Вольга Крыштаноўская лічыць, што Пуцін, атрымаўшы каля 70 працэнтаў дэпутацкіх месцаў у Думе, можа пайсьці на зьмену канстытуцыі для ўзмацненьня ролі прэм’ер-міністра і перадачы пад яго кантроль сілавых ведамстваў. На думку Крыштаноўскай, нават канцылярыя прэм’ер-міністра Расеі можа пераехаць у Крэмль:

“Было б лягічна, каб Пуцін застаўся у тым самым офісе, у якім ён працуе цяпер. І гэта азначае, што павінны адбыцца сур’ёзныя зьмены ў законе”.

Вольга Крыштаноўская кажа, што цяпер трэба сачыць за зьменамі заканадаўства, у прыватнасьці, за тым, хто, паводле пасады, будзе галоўнакамандуючым Узброенымі сіламі Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG