Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На страйк прадпрымальнікаў у Менску прыехалі гарадзкія чыноўнікі


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Менску частка прадпрымальнікаў страйкавала. Каля двухсот прадстаўнікоў некалькіх рынкаў сабраліся каля гандлёвага цэнтру “Паркінг”, які сёньня таксама не працаваў.

Сёньня раніцай прадпрымальнікі перадалі каля тысячы подпісаў у Палату прадстаўнікоў са сваім патрабаваньнем разгледзець на сэсіі закон аб разьвіцьці прадпрымальніцтва.

Бізнэсоўцы таксама выступаюць супраць прэзыдэнцкага ўказу №760, згодна зь якім ад новага году індывідуальныя прадпрымальнікі ня змогуць наймаць работнікаў (за выключэньнем членаў сям’і і сваякоў).

У першай палове дня прадпрымальнікі пачалі зьбірацца каля ўваходу ў гандлёвы цэнтар “Паркінг”.

Паводле аднаго зь лідэраў Алеся Макаева, сёньня не працавалі радыёрынак і будаўнічы рынак у “Ждановічах”, часткова не працаваў “Мир моды”, гандлёвыя цэнтры “Эўропа”, “Купалаўскі” і “Паркінг”.

Да страйкоўцаў прыехаў начальнік упраўленьня прадпрымальніцтва Менгаравыканкаму Аляксандар Каліноўскі. Адбылася такая размова:

Прадпрымальнік: “Тут прадпрымальнікі выпадкова сабраліся”.

Каліноўскі: “Я разумею, як выпадкова. Улёткі цягам двух тыдняў выпадкова раздавалі і рыхтавалі вашу сустрэчу. Я тры аб’екты аб’ехаў — “Дынама”, “Чэрвеньскі”, “Аэрадромны”, усюды людзі працуюць, усё спакойна. Патэлефанавалі – вось тут людзі сабраліся”.

Прадпрымальнік: “Дыскусіяў ня трэба. Вы проста скажыце, што людзям далей рабіць?Людзі чакаюць нечага добрага...”

Каліноўскі: “Вы што — чакаеце, што я вазьму ды адмяню ўказ №760?Я ня маю гэткай улады. Я адпраўлю ўсе дакумэнты ў вашых пытаньнях на імя таго ж Кабякова. Гэтыя пытаньні будзем вырашаць разам ва ўрадзе.

Пазыцыя Менскага гарвыканкаму такая — усе павінны працаваць. Гаворка ідзе пра што? Спыніць завоз у Рэспубліку Беларусь невядома якіх тавараў без дакумэнтаў — і ўсё”.

Прадпрымальніца: “Мы хочам плаціць “растаможку”, падаткі, мы хочам спаць спакойна. Мы хочам сумленна працаваць. Але стварыце нам такія ўмовы. Для ўсіх аднолькавыя. Мы сядаем і лічым — там заплаціць, тут заплаціць, у нас не застаецца ніякага прыбытку. Ні-я-ка-га”.

Прадпрымальніца: “У нас абарот — капейкі!”

Прадпрымальнік: “Нас абмежавалі трыма наёмнымі асобамі!”

Каліноўскі: “Абароты капейкі?! А 130 эўра за квадратны мэтар плаціць арэнднай платы толькі — нармальна. Гэта нармальна?! Я вось паслухаю пра вашы капейкі, пагляджу, што на “мэрсах” езьдзяць і кватэры скупляюць, няўжо я гэтага ня бачу?”

Спадар Каліноўскі запрасіў усіх ахвочых сабрацца заўтра ў гарадзкі цэнтар нерухомасьці і абмеркаваць усе пытаньні.

Каля гандлёвага цэнтру “Паркінг” у Менску міліцыянты затрымалі аднаго зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Алеся Макаева. Яго і Алеся Поклада адвезьлі ў Савецкі райаддзел унутраных справаў Менску.

Супрацоўнікі міліцыі патлумачылі, што нібыта пайшлі чуткі, што прадпрымальнікі зьбіраюцца перакрыць вуліцу. Аднак такіх заклікаў не было, сказаў карэспандэнту “Свабоды” Алесь Макаеў.

Пасьля высьвятленьня асобы спадароў Макаева і Поклада адпусьцілі.

А да “Паркінгу” падагналі “аўтазак”, вялі апэратыўныя здымкі.

• Фотарэпартаж са страйку прадпрымальнікаў, 2.10.2007 • В.Гарбачоў: “У страйку ўдзельнічаюць 30 000 прадпрымальнікаў”, 2.10.2007 • У Салігорску міліцыя і КДБ сочаць за рынкамі, 2.10.2007 • Менск: Прадпрымальнікі зьбіраюцца ля гандлёвага цэнтру "Паркінг", 2.10.2007 • У Слуцку спынена праца на асноўных рынках, 2.10.2007 • У Бабруйску страйкуе болей за тысячу прадпрымальнікаў, 2.10.2007 • Слонім: Не працуе ніводны з трох рынкаў, 2.10.2007 • Прадпрымальнікі перадалі подпісы ў Палату прадстаўнікоў, 2.10.2007 • Беларускія прадпрымальнікі маюць намер страйкаваць, 2.10.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG