Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Бялкоўскі: “Пуцін вырашыў застацца. На трэці, чацьвёрты, пяты тэрмін”


Радыё Свабода Дырэктар расейскага Інстытуту нацыянальнай стратэгіі Станіслаў Бялкоўскі назваў “калясальнай памылкай” рашэньне Ўладзіміра Пуціна ўзначаліць выбарчы сьпіс “Адзінай Расеі”. Паводле палітоляга, гэты факт азначае, што Пуцін, пакідаючы пасаду прэзыдэнта, мае намер дэ-факта працягваць кіраваць краінай. “Расея пазбаўляецца гістарычнай пэрспэктывы, - кажа Бялкоўскі. – Зьнікаюць хоць нейкія спадзяваньні на трансфармацыю Расеі ў вялікую дзяржаву ХХІ стагодзьдзя”.

Карэспандэнт: “Як вы пракамэнтуеце рашэньне Уладзіміра Пуціна ўзначаліць сьпіс “Адзінай Расеі”?”

Бялкоўскі: “Відаць, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін расчараваўся ў ідэі стаць пэрсанальным пэнсіянэрам сусьветнага значэньня. Ён усё ж вырашыў застацца на трэці тэрмін, а таксама на чацьвёрты, пяты й шосты, бо ён ня бачыў ніякага мірнага сцэнару транзыту ўлады ў Расеі пасьля свайго сыходу.
”Пуціншчына расьцягваецца на бясконца даўгі тэрмін, што ня можа не прывесьці да краху і развалу Расеі.”
Я лічу, што гэта калясальная памылка, бо прэзыдэнт Расеі ня можа быць партыйным, у яго зусім іншы статус. І хоць Пуцін заяўляе пра тое, што ён фармальна ня ўвойдзе ў партыю “Адзіная Расея”, але для ўсяго народу ягонае рашэньне ўзначаліць сьпіс партыі, безумоўна, азначае, што ён ёй належыць, а партыя – яму. Таму, мне здаецца, што адбыўся вельмі сур''ёзны паварот у палітычнай сыстэме Расеі, што фактычна апэрацыя “Пераемнік” сапраўды становіцца абсалютна тэхнічнай”.

Карэспандэнт: “На вашу думку, ці будзе ажыцьцёўлена і замацавана пераразьмеркаваньне паўнамоцтваў, каб прэзыдэнт быў сапраўды слабы, а прэм''ер – моцны?”

Бялкоўскі: “Цяпер ужо амаль відавочна, бо інакш Уладзіміру Пуціну ня варта было б узначальваць сьпіс “Адзінай Расеі”. Гэта значыць канстытуцыйная рэформа ў дзеяньні, і гэтая канстытуцыйная рэформа закране Ўладзіміра Пуціна, які фармальна не застанецца на трэці тэрмін,але фактычна, відаць, вырашыў кіраваць краінай да канца.
”Ідзе татальнае абрэжнявеньне сёньняшняга рэжыму.”
Думаю, што гэта адлюстроўвае ў значнай ступені пазыцыі яго памочнікаў, якія ня бачылі ніякага іншага варыянту захаваньня сваёй уласнасьці і капіталаў у сытуацыі любога іншага наступнага прэзыдэнта. Я лічу, што для краіны гэта вялікая драма, калі не сказаць болей. Расея пазбаўляецца гістарычнай пэрспэктывы, любой надзеі на зьмену ўлады. Гэта сьведчыць пра поўны крах любых спадзяваньняў на трансфармацыю Расеі ў вялікую дзяржаву ХХІ стагодзьдзя”.

Карэспандэнт: “Значыць, гэта – пераход ад аўтарытарнага рэжыму фактычна да таталітарнага?”

Бялкоўскі: “Не, я б, вядома, ня стаў тут раскідвацца такімі жорсткімі тэрмінамі. Гэта толькі кажа пра тое, што ўся гэтая закасьнелая, бессэнсоўная, бяздарная, пазбаўленая якой бы то ні было творчай, стваральнай энэргіі пуціншчына расьцягваецца на бясконца даўгі тэрмін, што ня можа не прывесьці да краху і развалу Расеі”.

Карэспандэнт: “У апазыцыі няма ніякіх шанцаў?”

Бялкоўскі: “Ані найменшых. Уласна кажучы, у апазыцыі ня проста няма шанцаў, яна адсутнічае як гэткая. У краіне і ў грамадзтве адсутнічае крытычная маса людзей, якая можа сказаць “не”, таму, што адбываецца ў краіне. Нават ня ў форме актыўных публічных выступаў, а проста ў форме няўдзелу, неспрыяньня ўсёй той брыдоце, якая чыніцца навокал. А ў такой сытуацыі чагосьці дасягнуць немагчыма. Ідзецца пра татальнае абрэжнявеньне сёньняшняга рэжыму і закасьцяненьне з папраўкай толькі на тое, што запасу трываласьці, які быў у Савецкага Саюзу 40, 30 гадоў таму, не існуе, краіна стаіць на мяжы пагібелі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG