Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сынкавіцкай царкве сёньня гучаў “Магутны Божа”


Радыё Свабода Сёньня, напярэдадні сьвяткаваньня 600-годзьдзя Сынкавіцкай царквы, у гэтым храме ўпершыню на Беларусі адбыўся Дзень духоўнай хрысьціянскай паэзіі. Школьнікаў зь мясцовай Елкаўскай школы на мэрапрыемства ня пусьцілі.

А 12-й гадзіне ў царкве пачаўся малебен. Адразу адчулася, якая цудоўная тут акустыка. Усё ж царква непаўторная ня толькі сваёй зьнешняй незвычайнай архітэктурай. Той, хто будаваў яе, думаў, як будзе гучаць тут голас.

Настаяцель айцец Арцемій вельмі гучна чытаў малебен, а замест хора сьпявалі два сэмінарысты з Жыровічаў. Іх голас так і плыў па храму, ствараючы цудоўную атмасфэру.

Айцец Арсеній перад гэтым не хаваў свайго хваляваньня, праўда, заўважыў, што мерапрыемтва адбываецца ў даволі камэрнай атмасфэры, паколькі школьнікаў зь Елкаўскай школы сюды не пусьцілі, а прыхаджанаў зусім няшмат.

Айцец Арсені: “Мясцовае насельніцтва не зусім адчула адказнасьць перад Богам, што ён падараваў ім такую царкву. Ведаеце, вельмі мала людзей сюды ходзіць”.

Арганізавалі Дзень духоўнай хрысьціянскай паэзіі паэт Міхась Скобла й пісьменьнік, краязнаўца Сяргей Чыгрын – яны абодва паходзяць з Зэльвенскага раёна. А дабраславіў імпрэзу япіскап Арцемій з Горадні.

Міхась Скобла прадастаўляў словы паэтам: Алесь Клышка й Зьніч прэзэнтавалі новую кніжку “Шлях да Жыровіч”, Вольга Іпатава чытала вершы пра Сафію, паколькі пра Сынкавічы ў яе пакуль не напісана, але сказала, што піша зараз кнігу пра Вітаўта, які мае самае непасрэднае дачыгненьне да царквы. Усё адбывалася ў храме, перад алтаром, усе стаялі й слухалі, быццам казаньне, якое чытае сьвятар.

Анатоль Вярцінскі з настроем зазначыў, што знаходзіцца пры адкрыцьці новай традыцыі: чытаньня вершаў у беларускіх храмах. Рыгор Сініца падараваў царкве карціну, якую намаляваў на далёкай выспе ў Эгейскім моры. На ёй толькі кляштар і мора. Сяргей Чыгрын распавядаў, як у дзяцінстве бавіў час вакол царквы.

Зала цалкам заціхла, калі пачала сьпяваць салістка менскай філярмоніі Тацяна Матафонава. Яна сьпявала “О, Беларусь, мая шыпшына”, на словы Уладзімера Дубоўкі.

Міхась Скобла падараваў айцу Арцемію кніжку Ларысы Геніюш, сказаў колькі цёплых слоў пра яе. Скончылася імпрэза тым, што Тацяна Матафонава засьпявала “Магутны Божа”.

Пасьля ўрачыстасьці я папрасіў Вольгу Іпатаву падзяліцца сваімі ўражаньнямі.

Іпатава: “Ведаеце, у мяне добрае ўражаньне, і хаця тут не было вучняў, якія павінны былі прыйсьці сюды, вы самі чулі, тут гучала паэзія хрысьціянская, духоўная. Я думаю, людзі перададуць сваім дзецям, унукам, калі прыдуць дадому, гэтую часьцінку нашай любові й нашай высокай узнёсласьці, якая панавала ў гэтым старадаўнім храме”.

Увесь дзень побач з царквой шчыравалі рабочыя: на званіцы зьмянілі бляху, побач з храмам усталявалі сцэну, разьбілі палаткі, нават на жывёлагадоўчай фэрме, якая знаходзіцца ў 20 мэтрах, даяркі фарбавалі вокны. Заўтра ў Сынкавічы на сьвяткаваньне 600-годзьдзя царквы прыедзе мітрапаліт Філарэт.

Дзень духоўнай хрысьціянскай паэзіі, Сынкавічы, 29 верасьня 2007 г.

Дзень духоўнай хрысьціянскай паэзіі, Сынкавічы, 29 верасьня 2007 г.

У Сынкавічах адбыўся фэстываль хрысьціянскай паэзіі, 29.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG