Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парлямэнцкія выбары ва Ўкраіне: прагнозы аналітыкаў


Сяргей Абламейка, Прага У нядзелю, 30 верасьня, украінскія грамадзяне возьмуць удзел у парлямэнцкіх выбарах. Ці вернуцца да ўлады празаходнія сілы, якія некалі ўзначалілі аранжавую рэвалюцыю? Або пераможцам выйдзе прарасейскі прэм’ер Віктар Януковіч?

Датэрміновыя выбары 30 верасьня стануць чацьвёртымі агульнанацыянальнымі выбарамі за апошнія тры гады. На думку многіх аналітыкаў, пасьля таго, як бюлетэні будуць падлічаныя, у краіне мала што зьменіцца. Хутчэй за ўсё парлямэнт Украіны застанецца слабым, краіна падзеленай, палітыкі працягнуць бясконцыя спрэчкі, а народ застанецца расчараваным.

Тым ня менш, на думку аналітыка Радыё Свабода Яна Максімюка, людзі прыйдуць на выбарчыя ўчасткі, і яўка можа скласьці болей за 70 працэнтаў.

Максімюк: “Я думаю, што агулам украінцы стаміліся ад палітыкі, і яны не чакаюць, што гэтыя выбары шмат што зьменяць. Яны, вядома, пойдуць на ўчасткі і прагаласуюць, але не за праграмы (бо яны ня вераць у праграмы), а для таго, каб сымбалічна падтрымаць тры харызматычныя постаці ва ўкраінскай палітыцы. І гэта ўсё”.

Асноўных партыяў тры. Гэта кіруючая Партыя рэгіёнаў на чале з прэм’ер-міністрам Віктараім Януковічам, апазыцыйны блёк Юліі Цімашэнкі і прапрэзыдэнцкі блёк “Наша Украіна – Народная Самаабарона”. Чакаецца, што менавіта гэтыя партыі атрымаюць месцы ў новым парлямэнце.

Максімюк: “Паводле сацыялягічных апытаньняў, сытуацыя можа быць такой жа самай, як год або два назад. Будзе такі-сякі балянс паміж аранжавымі сіламі (Блёк Юліі Цімашэнкі і “Наша Ўкраіна” Віктара Юшчанкі) і Партыяй рэгіёнаў. І мы будзем бачыць новы-стары варыянт складаньня кааліцыі, як гэта было і ў 2006 годзе”.

Цяпер ва Ўкраіне распаўсюджана меркаваньне, што на выбарах будзе шмат фальсыфікацыяў, нехта рыхтуецца аспрэчыць вынікі ў судзе. Напярэдадні выбараў сацыёлягі прадказвалі, што Партыя рэгіёнаў набярэ 30-40 працэнтаў галасоў, Блёк Юліі Цімашэнкі – 20-30, а прыхільнікі Віктара Юшчанкі – каля 20 працэнтаў. Чакаецца таксама, што меншыя партыі – камуністы і сацыялісты – будуць балянсаваць на мяжы 3-працэнтнага бар’еру, які дазваляе трапіць у парлямэнт.

Тысяча дэманстрантаў выйшла ў Кіеве падтрымаць Блёк Цімашэнкі 13.08.2007 На выбарах ва Ўкраіне пераважае тэма эканомікі 9.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG