Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Ухналёў: Усё роўна людзі даведаюцца пра “Сацыяльны марш”


Любоў Лунёва, Менск Арганізатары “Сацыяльнага маршу” меркавалі правесьці 30 верасьня сотні пікетаў, каб паведаміць людзям пра акцыю і сабраць подпісы да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў супраць скасаваньня льготаў. Улады забаранілі пікеты й накіравалі міліцыянтаў у кватэры заяўнікаў, каб папярэдзіць іх пра адказнасьць.

Цягам апошніх сутак міліцыянты наведваюць кватэры заяўнікаў пікетаў і патрабуюць пісьмова адмовіцца ад удзелу ў несанкцыянаваных акцыях.

У Менску ды ў іншых гарадах Беларусі апазыцыянэры падалі больш за чатыры сотні заявак у мясцовыя выканкамы. Пасьля забароны пікетаў арганізатары вырашылі правесьці інфармацыйную кампанію ў іншым фармаце.

Гаворыць старшыня аргкамітэту “Сацыяльнага маршу” Валер Ухналёў:

“У большасьці пікеты адбудуцца, можа, толькі ня ў тых формах, што звычайныя пікеты. Падстаўляць нашых актывістаў пад суткі й вялікія штрафы мы ня будзем. Але людзі выйдуць з інфармацыйнымі матэрыяламі, якія зробленыя з улікам беларускага заканадаўства.

Што тычыцца газэты “Товарищ”, то гэта пэрыядычнае выданьне, зарэгістраванае ў Рэспубліцы Беларусь. Яго можна распаўсюджваць безь якіх-небудзь перашкодаў. Акцыі пройдуць ва ўсёй краіне. Толькі ў Менску іх будзе каля пяцідзесяці”.

У кватэру актывіста Аляксандра Сьцепаненкі двойчы прыходзілі міліцыянты. Яны паведамілі бацькам Аляксандра, што будуць прыходзіць нават ноччу, пакуль не засьпеюць іхнага сына.

Аляксандар заявіў “Свабодзе”, што ніякіх расьпісак пісаць ня будзе.

“Ніякіх расьпісак я даваць ня буду. Гэтыя расьпіскі абсалютна незаконныя, і нават абсурдныя. З такім жа посьпехам міліцыянты могуць браць расьпіскі аб тым, што я буду чысьціць зубы, хадзіць у краму ці выносіць сьмецьце... Вельмі непрыемна, што ўвесь час яны прыходзяць да маіх бацькоў нават уначы. Дарэчы, абяцалі яшчэ прыйсьці”.

Яшчэ адзін заяўнік пікету, актывіст арганізацыі “Маладыя дэмакраты” Аляксандар Сергіенка, лічыць, што міліцыянты парушаюць заканадаўства.

“Ясна, што ўсё гэта робіцца, каб запалохаць людзей — напрыклад, нашых маладых партыйцаў. Ёсьць і рознае стаўленьне іх бацькоў да палітычнай дзейнасьці. Некаторыя падтрымліваюць, але баяцца. Міліцыянты ж адразу, як ім адчыняюць дзьверы, заходзяць у хату. Лезуць паўсюль, асабліва калі ўбачаць нейкія налепкі ці плякаты... Трэба падаваць скаргі, каб зафіксаваць факты парушэньня заканадаўства супрацоўнікамі МУС”.

Заяўнікі забароненых пікетаў не выключаюць, што ў нядзелю каля іх кватэраў ці пад’ездаў дамоў будуць дзяжурыць супрацоўнікі міліцыі, каб ня даць вынесьці інфармацыйныя матэрыялы для распаўсюду.

Старшыня Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін лічыць, што міліцыянты могуць затрымаць некалькіх чалавек, абвінаваціўшы іх у дробным хуліганстве, як гэта часта робяць напярэдадні масавых акцыяў.

Старшыня аргкамітэту “Сацыяльнага маршу” Валер Ухналёў паведаміў “Свабодзе”, што толькі ў Менску 30 верасьня зьбярэцца каля двухсот чалавек.

Яны будуць зьбіраць подпісы грамадзянаў, каб перадаць іх у Палату прадстаўнікоў. Актывісты супраць таго, каб дэпутаты прымалі закон, які скасуе льготы для сацыяльна неабароненых грамадзянаў.

• Як ідзе падрыхтоўка да Сацыяльнага маршу?, 28.09.2007 • Міліцыянты патрабуюць распіскі наконт “Сацыяльнага маршу”, 27.09.2007 • Горадня: пікетаў супраць адмены льготаў не дазволілі, 27.09.2007 • В.Івашкевіч: “Няма нікога, хто б выступіў супраць правядзеньня “Эўрапейскага маршу”, 21.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG