Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маркс, Ленін і Ўсяслаў Чарадзей


Радыё Свабода, Полацак На пачатку верасьня ў Полацак, як пісалі газэты, вярнуўся славуты князь Усяслаў. Гэтым разам адліты з бронзы й на пародным арабскім рысаку. У момант вяртаньня на тварах палачанаў і на твары заснавальніка беларускай дзяржаўнасьці адбілася зьдзіўленьне.

Палачане падзівіліся: адкуль у ХІІ стагодзьдзі зьявіліся пародныя рысакі — князі ж тады гойсалі на кудлатых манголках. А князь відавочна дзівіўся: чаму вуліца, што бяжыць поруч, называецца Кастрычніцкай і ня носіць ягонага вялікакняскага імя.

Добра яшчэ, што рысак Усяславаў стаіць незварушна. Калі б ён праехаў у цэнтар места, абураны Чарадзей відавочна выцягнуў бы меч з похваў і скіраваў каня да мясцовага гарвыканкаму.

Полацкую тапаніміку іначай як абразаю здаровага сэнсу не назавеш. Тут табе й Карл Маркс, і Ўладзімер Ленін, і нікому невядомыя Сака з Ванцэцьці, і Войкаў, і Сьвярдлоў, і Дзяржынскі, і іншыя бальшавіцкія кіраўнікі.

Мясцовыя адраджэнцы змучыліся пісаць лісты ў інстанцыі, прапануючы вярнуць вуліцам іхныя пракаветныя назвы ці надаць ім імёны годных людзей.

Аднаго разу, хаваючыся ад міліцыянтаў, нават зладзілі сымбалічнае вяртаньне вуліцы “Жалезнага Фэлікса” старой назвы — Віленская.

Магчыма, полацкія вуліцы насілі б яшчэ добрую тысячу гадоў імёны Сьвярдлова ды Войкава, але тут прысьпела ўрадавая пастанова аб наданьні месту статусу міжнароднага турыстычнага цэнтру.

Каб тапаніміка не палохала замежных гасьцей, пастанавілі вярнуць некаторым цэнтральным магістралям старыя назвы.

Пачаць вырашылі з праспэкту Карла Маркса, назваўшы яго Пакроўскім бульварам. Назваць, што праўда, ня ўвесь праспэкт, а толькі яго палову.

Паводле эскізаў мастака Ігара Куржалава зрабілі маляўнічыя шыльды, але на гэтым усё і скончылася. Праспэкт па-ранейшаму носіць імя Маркса, а шыльды ўжо два гады ляжаць у кладоўцы жыльлёва-камунальнай канторы.

Наступнай на чарзе перайменаваньня стала вуліца Леніна. Зь пісьмовых крыніцаў было вядома, што яшчэ на пачатку XVII стагодзьдзя яна называлася Вялікай — гэтую назву і вырашылі вярнуць.

Падлічылі выдаткі, зьвязаныя зь перайменаваньнем. Атрымалася, што “Белінвэстбанку” гэта будзе каштаваць 12 мільёнаў, гарадзкой бальніцы — 170 тысяч, гістарычна-культурніцкаму запаведніку — 500, камунальным службам — 560 тысяч рублёў.

Лічбы давялі да ведама жыхароў гораду. На загад ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму апыталі 9858 гараджанаў. Пыталіся: ці згодныя яны вярнуць вуліцы Леніна яе пракаветны назоў? 77,6 адсотка сказалі “так”. Здавалася б, пытаньне вырашанае?

У мясцовай газэце разгарнулася на гэты конт палкая дыскусія. Тлустую кропку ў ёй паставіў першы сакратар гарадзкой арганізацыі КПБ таварыш Прыбышчук. Паводле сакратара, перайменаваньне вуліцы Леніна (а назву гэтую яна носіць з 1919 году) — крок непрадуманы і амаральны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG