Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўсе дактары і кандыдаты навук атрымаюць даплаты за ступені і званьні?


Іна Студзінская, Менск Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 450 “Аб усталяваньні даплат за навуковыя ступені і званьні”. З 1 студзеня 2008 года выкладчыкі ВНУ, якія маюць навуковыя ступені доктара і кандыдата навук, а таксама акадэмікі і члены-карэспандэнты Нацыянальнай акадэміі навук павінны атрымаць істотныя прыбаўкі да заробкаў.

Згодна з указам, акадэмікі і члены-карэспандэнты Нацыянальнай акадэміі навук, уключна з непрацуючымі пэнсіянэрамі, атрымаюць дадаткова да заробку альбо пэнсіі адпаведна 14 і 12 тарыфных ставак першага разраду. Прафэсарска-выкладчыцкі склад ВНУ – дактары навук і кандыдаты – адпаведна 6 і 4 стаўкі першага разраду.

Даплаты за навуковыя ступені былі і да прэзыдэнцкага ўказу. Колькі навукоўцам даплачваюць цяпер, тлумачыць начальнік аддзелу зарплаты прафэсарска-выкладчыцкага складу БДУ

“Пакуль кандыдату даплачваюць тры базавыя велічыні, а доктару – шэсьць. То бок гэта 93 тысячы і 186 тысяч адпаведна. За навуковую ступень. А вось за пасаду – гэта месца ў тарыфнай сетцы, падвышальны каэфіцыент можа быць”.

Такім чынам, пакуль існуюць фіксаваныя даплаты толькі за навуковыя ступені з разьліку базавых велічыняў (цяпер базавая – 31 тысяча рублёў). З Новага году даплаты будуць з разьліку стаўкі першага разраду (цяпер гэта 65 тысяч). Указам прадугледжваюцца яшчэ і даплаты за званьні прафэсара і дацэнта – адпаведна 4 і 2 стаўкі першага разраду. Даплаты за ступень і званьне суміруюцца (то бок доктар навук, прафэсар можа атрымаць да 10 тарыфных ставак, больш за 600 тысяч толькі даплаты да заробку).

Цяпер даплачваюць усім кандыдатам і дактарам паводле дакумэнту Вышэйшай атэстацыйнай камісіі аб абароне дысэртацыі. У новым указе напісана: “Даплаты прызначаюцца з улікам унёску пазначаных асобаў у падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў, у навуку і інавацыйнае разьвіцьцё краіны”. Вось толькі хто будзе вызначаць гэты ўнёсак, пакуль не зразумела.

Кандыдат гістарычных навук, выкладчык Беларускага ўнівэрсытэту культуры Алег Трусаў выказаў такое меркаваньне наконт даплат:

“Яны ж фіксаваныя. Нельга ж камусьці прызначыць даплату адну стаўку, камусьці чатыры. Бо тады павінна быць плаваючая стаўка. А як і хто будзе ўклад ацэньваць? Па якіх катэгорыях – па публікацыях, па колькасьці асьпірантаў? Значыць, тады павінен зьявіцца нейкі падзаконны акт. То бок лёгікі няма ў гэтым ўказе. А хутчэй за ўсё, так зроблена, каб адным даваць, другім не даваць”.

Начальнік аддзелу зарплаты прафэсарска-выкладчыцкага складу БДУ Натальля Варывончык таксама пакуль мэханізму прызначэньня даплат ня ведае:

“Мы яшчэ нічога ня маем, ня ведаем. Пакуль гэта зусім няясна – як гэта будзе выглядаць”.

Няма пэўнасьці пакуль і ў Міністэрстве адукацыі. Усе чакаюць тлумачэньняў указу. Дарэчы, у самім указе ёсьць і ўказаньне: “Савету Міністраў ў трохмесячны тэрмін забясьпечыць прывядзеньне актаў заканадаўства ў адпаведнасьць з Указам і прыняць іншыя захады па яго рэалізацыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG