Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяўчыну з фотаапаратам закулі ў кайданкі і кінулі ў “бобік”


Радыё Свабода На сёньня ў Берасьці быў прызначаны суд над моладзевай актывісткай Кацярынай Бельскай — за ўдзел у прэзэнтацыі кнігі Паўла Севярынца “Лісты зь лесу”, які міліцыя палічыла несанкцыянаваным сходам. Аднак сёньня суд над Кацярынай не адбыўся. Перашкодзілі затрыманьні іншых грамадзкіх актывістаў.

Раніцай у бацькоўскім доме міліцыянты затрымалі сябра руху “За Свабоду”Андрэя Шарэнду. Крыху пазьней пад прымусам даставілі ў аддзел міліцыі Маскоўскага раёну і юрыста Рамана Кісьляка. Абодвух вінавацяць у тым, што ўхіляюцца ад яўкі ў міліцыю.

“Мяне затрымалі і цяпер складаюць пратакол аб адміністрацыйным парушэньні, – паведаміў нашаму радыё Раман Кісьляк. – Раней мяне ўжо затрымлівалі па гэтым факце. Трымалі сем гадзінаў. А цяпер яны заяўляюць, што мяне шукалі. Нібыта я паводле позваў не зьяўляўся і на тэлефанаваньні не адказваў”.

А 15-й гадзіне абодвух даставілі з Маскоўскага райаддзелу ўнутраных справаў у суд.

У судовым дворыку падчас спробы сфатаграфаваць затрыманых міліцыянты затрымалі Паліну Панасюк. Удалося атрымаць яе тлумачэньні:

“У дадзены момант мае рукі — у кайданках. Хацела сфатаграфаваць затрыманых. Але тут жа падбягае міліцыянт Сьцяпанаў, пачынае крычаць: “Што вы тут фатаграфуеце!? Гэта рэжымная зона! Ён махае рукамі, імкнецца выхапіць з рук фотаапарат. Я не аддаю. Тады ён выклікае міліцыянтаў і загадвае: “Усё, у “бобік” яе!”

Суд над Кацярынай Бельскай, які меў адбыцца сёньня а 15-й, перанесьлі на заўтра. Яе камэнтар:

“Я працую і, шчыра кажучы, гэта непавага да маёй асобы. Некалькі разоў адкладаўся працэс, у тым ліку і зь віны міліцыянтаў. І вось цяпер зноўку. У такіх выпадках вельмі цяжка плянаваць нешта. Ну, ня вельмі радасна”.

Справы Андрэя Шарэнды і Рамана Кісьляка разглядае судзьдзя Сьмірнова. На гэты час паседжаньне яшчэ ня скончылася.

• Берасьце: затрыманы праваабаронца Раман Кісьляк, 26.09.2007 • Берасьце: міліцыя затрымала актывіста руху “За Свабоду” Андрэя Шарэнду , 26.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG