Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Івашкевіч застанецца на волі, пакуль не пераробяць пратакол


Любоў Лунёва, Менск Старшыню аргкамітэту ў правядзеньні Эўрапейскага маршу “За Свабоду!” Віктара Івашкевіча адпусьцілі пасьля 19-гадзіннага затрыманьня. Учора ўвечары яго спынілі на ганку кавярні “Эль Памідора”. Пасьля няўдалых спробаў зьмясьціць апазыцыянэра ў медвыцьвярэзьнік міліцыянты ўрэшце склалі пратакол за тое, што Івашкевіч нібыта распаўсюджваў улёткі сярод супрацоўнікаў міліцыі.

Каля будынку ЖЭСу на вуліцы Астрашыцкай, 7, дзе знаходзіцца кабінэт судзьдзі Першамайскага раёну Менску Юр’я Гарбатоўскага, сабралася каля двух дзясяткаў чалавек.

Сярод іх амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан, журналісты, праваабаронцы, сваякі й паплечнікі Віктара Івашкевіча.

Нагадаем, яго затрымалі разам з Валерам Ухналёвым, старшынём аргкамітэту “Сацыяльнага маршу”, на ганку кавярні “Эль Памідора”, дзе яны адзначалі дзень народзінаў Івашкевіча.

Спэцназаўцы адвезьлі іх спачатку ў медвыцьвярэзьнік, дзе вёўся відэазапіс. Віктар Івашкевіч заявіў, што затрыманьне ёсьць спробай сарваць правядзеньне масавай акцыі.

Валера Ўхналёва адпусьцілі, а на Віктара Івашкевіча склалі пратакол “за распаўсюд улётак сярод супрацоўнікаў раённага ўпраўленьня ўнутраных справаў”. Падставай для такога запісу сталі ўлёткі “Эўрапейскага маршу”, якія знайшлі ў партфэлі Івашкевіча.

Віктар Івашкевіч паведаміў “Свабодзе” ў чаканьні судовага разбору:

“Гэта спробы дробных правакацыяў з да канца не зразумелай мэтай. Мне падаецца, што яны самі ня ведалі, для чаго гэта робяць. Затрымаць за ўлёткі?.. Дык, прабачце мяне, на выхадзе з управы БНФ забірай Івашкевіча і садзі за арганізацыю... Чамусьці робяць на вуліцы нейкія засады. З боку ўладаў нейкая несур’ёзная пазыцыя — ні дыялёг, ні рэпрэсіі, а абы-што”.

Судзьдзя Юры Гарбатоўскі доўга раіўся па тэлефоне. Адначасова тэлефонныя перамовы з кіраўніцтвам вёў міліцыянт, які суправаджаў Віктара Івашкевіча. Нарэшце затрыманаму паведамілі, што пратакол накіравалі на дапрацоўку, і адпусьцілі.
”З боку ўладаў нейкая несур’ёзная пазыцыя — ні дыялёг, ні рэпрэсіі, а абы-што.”
“Я думаю, што ўсё вырашаюць не міліцыянты, не судзьдзя, а тыя, зь якімі яны цяпер так доўга стэлефаноўваліся. На якім канкрэтна ўзроўні прымаецца рашэньне пра мяне, я ня ведаю. Але факт, што там, дзе прымаецца рашэньне, канчатковага рашэньня пакуль няма”, – гаворыць Віктар Івашкевіч.

Супрацоўнік міліцыі не паведаміў Івашкевічу ні пра недапрацоўкі ў пратаколе, ні пра наступнае паседжаньне.

Назіральнікі лічаць, што суд найхутчэй адбудзецца на пачатку кастрычніка, каб ізаляваць старшыню аргкамітэту на час падрыхтоўкі й правядзеньня “Эўрапейскага маршу”.

Тым часам штодня затрымліваюць новых распаўсюднікаў эўрапейскай сымболікі ды інфармацыйных матэрыялаў пра акцыю.

У Менску ў турме на вуліцы Акрэсьціна арышт адбываюць ужо шасьцёра актывістаў дэмакратычнага руху.

• Віктара Івашкевіча будуць судзіць за некалькі ўлётак да Эўрапейскага маршу, 26.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG