Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Класкоўская: другую Віку Мароз з маёй дачкі ня зробяць


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Беларуская журналістка Вольга Класкоўская (Народная Воля, Дойчэ Вэле, Эўрапейскае радыё для Беларусі), дачка вядомага журналіста Аляксандра Класкоўскага, якая жыве цяпер у Польшчы, зьвярнулася да польскіх уладаў, польскай і міжнароднай грамадзкасьці з заклікам абараніць яе ад беларускіх праваахоўных органаў, які патрабуюць ад Польшчы выдачы ў Беларусь шасьцігадовай дачкі Вольгі – Міраславы.

Вольга Класкоўская, якая два гады таму разам з дачкой Міраславай атрымала ў Польшчы статус уцекача, наладзіла ў Варшаве прэсавую канфэрэнцыю, у часе якой заявіла, што ёй, яе маці і дачцэ зь Беларусі пагражаюць расправай, калі Міраслава ня вернецца на радзіму.

“Гэта палітычны працэс, несумненна. Хочуць зрабіць з гэтага працэс паказальны, каб паказаць іншым, што, маўляў, для беларускай дзяржавы няма асобы, а ёсьць толькі прыватная ўласнасьць”, – кажа журналістка.

Летась у траўні Вольга Класкоўская паехала разам з дачкой ва Ўкраіну, дзе, паводле яе словаў, ейны былы муж, выкраў Міраславу і невядомым спосабам празь мяжу перавёз ізноў у Беларусь. Неўзабаве ў Менску адбыўся суд, у часе якога судзьдзя Любоў Валевіч, вядомая, срод іншага, выракамі ў справе незалежнай прэсы і апазыцыйных актывістаў, пазбавіла Вольгу Класкоўскую бацькоўскіх правоў.

Бабуля Міраславы – Людміла Класкоўская – змагла сустрэцца з унучкай у Беларусі толькі праз 10 месяцаў і адразу ў дзень спатканьня вывезла яе ў Маскву, дзе перадала сваёй дачцэ, якая ўжо чакала ў расейскай сталіцы. Пасьля гэтага Людміла Класкоўская таксама адразу паехла ў Польшчу і папрасіла ў гэтай краіне палітычнага прытулку.

Цяпер беларускія праваахоўныя ворганы парабуюць выдачы Міраславы паводле “Гааскай канвэнцыі аб вяртаньні выкрадзеных дзяцей”, прынятай у 1981 годзе.

Вольга Класкоўская, якая разам з маці і дачкой цяпер практычна хаваецца ў Варшаве, зьмяняючы адрасы кожныя некалькі тыдняў, заўяляе, што дачку ніколі не аддасьць, тым больш, што яна таксама мае ў Польчшы статутс уцекача.

“Другой Вікі Мароз ня будзе. Ніколі так ня будзе, што маё дзіця вернецца ў Беларусь у небясьпечнае месца. Дачка застанецца са мной ў бясьпецы”, – заяўляе Вольга.

Людміла Класкоўская ўпэўненая, што патрабаваньні выдаць Міраславу – гэта перасьлед за прафэсійную і грамадзкую дзейнасьць яе дачкі: ужо ў Польшчы Вольга была адным з галоўных ініцыятараў падрыхтоўкі прынятай сёлета ў лютым ухвалы польскага Сэнату ў справе вызваленья Аляксандра Казуліна.

“Прадзеды Волі па бацькоўская лініі былыі рэпрэсаваныя ў 1937 годзе і згінулі недзе ў Сыбіры, мы ня ведаем нават дзе. Ніколі ня думала, што цяпер гэты самы 37-мы год вернецца для маёй сям’і”, – кажа бабуля Міраславы.

Вольга Класкоўская зьвярнулася па дапамогу да польскіх уладаў, дэпутатаў эўрапарлямэнту, праваабарончых арагнізацыяў. Паводле яе, ліст у гэтай справе да прэм’ер-міністра Польшчы Яраслава Качыньскага рыхтуе таксама Аляксандар Мілінкевіч.

Лёс Міраславы вырашыць польскі суд, які павінен неўзабаве прызначыць тэрмін разгляду запыту беларускага боку. Варшава, 21.09.2007. Прэсавая канфэрэнцыя Вольгі Класкоўскай. Вольга Класкоўская з маці і дачкой Вольга Класкоўская з маці і дачкой

 Варшава, 21.09.2007. Прэсавая канфэрэнцыя Вольгі Класкоўскай. Вольга Класкоўская з дачкой Вольга Класкоўская з дачкой

• Хто і ў каго скраў 6-гадовую Міраславу?, 26.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG