Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Новая зямля” Якуба Коласа выйшла па-ўкраінску


Севярын Квяткоўскі, Менск Аўтар перакладу — беларускі ўкраінец Валеры Стралко. Кніжка выйшла ў выдавецтве “Ўкраінскі пісьменьнік” накладам 5000 асобнікаў. “Новую зямлю” ўкраінскай моваю нельга купіць у кнігарнях — практычна ўвесь наклад будзе скіраваны ў бібліятэкі Ўкраіны і Беларусі.

Валеры Стралко працаваў над перакладам два гады:

“Канечне, я ведаў, што гэта рэч вельмі вядомая. Лічыцца адным зь лепшых твораў ХХ ст. Прынамсі, такія думкі я не аднойчы чытаў. Яе любяць беларусы, і ня толькі беларусы. Проста мне падабаецца сам гэты твор, таму рызыкнуў узяцца. Ужо ёсьць водгукі. Прынамсі, гэтыя ацэнкі мяне задавальняюць”.

Стан беларуска-ўкраінскіх літаратурных дачыненьняў спадар Стралко ацэньвае як нездавальняючы: беларусы і ўкраінцы слаба абазнаныя ў клясычнай і сучаснай літаратурах адзін аднаго.

“Я прыяжджаў у Кіеў у Саюз пісьменьнікаў гадоў шэсьць-сем таму, беларуская мова гучала там ужо як экзатычная. У кожнай краіне свае праблемы. І няма спрыяльных прычынаў, якія б панукалі на тое, каб стасункі ўзмацняліся”.

Зрэшты, Валеры Стралко адзначае, што пошнім часам беларуска-ўкраінскія літаратурныя кантакты актывізаваліся:

“Андрэй Хадановіч выдаў кніжку ва Ўкраіне, бывае там… Я ведаю, што Эдуард Акулін стварыў анталёгію ўкраінскай паэзіі. Яна пакуль ня выдадзеная, але там сто паэтаў перакладзеныя — магутны крок наперад”.

Украінскае выданьня “Новай зямлі” прэзэнтуецца ў амбасадзе Ўкраіны ў Менску 25 верасьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG