Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: якія праблемы вы ўзьнялі б з трыбуны ААН?


Іна Студзінская, Менск У Нью-Ёрку адбываецца сэсія Генэральнай Асамблеі ААН, з трыбуны якой будуць выступаць лідэры краінаў сьвету. Каб вы мелі магчымасьць прадстаўляць Беларусь, пра якія праблемы казалі б з трыбуны ААН? Гэтае пытаньне нашая карэспандэнтка задавала на вуліцах Менску.

Спадарыня: “Больш за ўсё хвалюе лёс чалавека, абарона старых, бездапаможных, самотных, хворых людзей”.

Юнак: “Мяне найбольш хвалююць праблемы ў нашай краіне, а не ва ўсім сьвеце. Па-першае, палітычная сытуацыя ў Беларусі. А па-другое, моладзевыя праблемы. Моладзі вечарамі няма куды пайсьці, і яна сядзіць і п’е піва. Вось гэта больш за ўсё хвалюе”.

Дзяўчына: “Хутчэй за ўсё, закранула б праблемы шматдзетных сем’яў. Няма ніякага нармальнага закону аб абароне шматдзетных, тым больш адзінокіх мацярок”.

Спадарыня: “Найперш экалягічную праблему, зьвязаную з тым, што наша Беларусь вельмі пацярпела ад чарнобыльскай аварыі. І другая праблема — гэта, канечне ж, неабароненыя слаі насельніцтва: шматдзетныя сем’і, дзеткі ў дзіцячых дамах, пэнсіянэры зь мізэрнай пэнсіяй”.

Карэспандэнтка: “Калі б вас дапусьцілі да трыбуны ААН, якое пытаньне вы б узьнялі?”

Юнак: “Магчымасьць абмену студэнтамі паміж ВНУ сьвету. На мой погляд, студэнту даволі складана выбіць стажыроўку за мяжу. Мне, да прыкладу, як студэнту, які вывучае замежныя мовы, гэта было б вельмі карысна”.

Спадарыня: “Я пішу рэфэрат на тэму “Экалягічная культура чалавека”, таму, напэўна, я ўзьняла б менавіта гэтае пытаньне”.

Спадарыня: “Я хацела б сказаць, што ў Беларусі душыцца свабода слова, у нас няма эканамічнай свабоды, няма эканамічных рэформаў, мы ізаляваныя ад усяго сьвету. Увесь сьвет ідзе іншым шляхам, а мы знаходзімся ў поўнай ізаляцыі”.

Спадар: “Мяне хвалюе праблема, так бы мовіць, разбэшчанасьці моладзі. Я гляджу на яе, і мне становіцца іншым разам сорамна за тое, што няма выхаваньня”.

Юнак: “Перш за ўсё, пытаньні экалёгіі, аховы навакольнага асяродзьдзя, выкідаў у атмасфэру шкодных рэчываў. У наш час гэта вельмі актуальная тэма”.

Дзяўчына: “Напэўна, пра тое, што ў Беларусь прыяжджаюць вельмі шмат іншаземцаў — арабаў, кітайцаў, і яны паводзяць сябе як гаспадары ў нашай краіне. Яны павінны ведаць, што яны ні ў якім разе не гаспадары”.

Спадарыня: “Я б узьняла праблему экалёгіі. Я пішу працу, параўноўваю твор Крысты Вольф “Аварыя” пра Чарнобыль і творы беларускіх пісьменьнікаў, да прыкладу, Алеся Разанава. Мяркую, што экалягічныя праблемы павінны быць разгледжаныя”.

Спадарыня: “Праблемы самаідэнтыфікацыі маленькіх нацыяў, кшталту беларусаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG