Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званок на Свабоду: “Кошты нагадваюць тэлефонныя нумары”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 25 верасьня, аўторак.

Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Пачынаючы ад гэтага тыдня мы уводзім прыз - падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы буду абвяшчацца кожную нядзелю у тыднёвым аглядзе “Званкі на Свабоду”. Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон "Свабоды" ў Менску 266-39-52 працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24

Спадар, Менск: “Паважаная “Свабода,” паведаміце, калі ласка, у якім стане знаходзіцца рэчыцкі інвалід-чарнобылец, які хацеў пагутарыць з Лукашэнкам, але трапіў у рэанімацыю? Сёньня гэтай інфармацыі не было. Дзякую”.

Васіль Сіліверст, чарнобыльскі ліквідатар, інвалід 2-й групы, Рэчыца: “Добры дзень. Я хацеў бы задаць пытаньне. Хто ў Беларусі цяпер увёў надзвычайнае становішча? Зь якой гэта мэтай зрабілі і чаму нашы лідэры не зьвяртаюцца ў Канстытуцыйны суд і да міжнароднай супольнасьці, каб даць прававую адзнаку гэтай надзвычайнай сытуацыі, якая склалася ў гэтыя дні?! Шмат арыштаў, шмат затрыманьняў беспадстаўных. Ідзе расправа над “Маладым фронтам,” над ліквідатарамі, над прадпрымальнікамі. Хто можа даць ацэнку, калі ласка, растлумачце нам”.

Алена, Менск: “Прывітаньне, “Свабода”! Учора ў адной зь перадачаў пачула такое меркаваньне, што калі б Віктар Лукашэнка паехаў вучыцца ў Сарбону ці Кэмбрыдж, то ў краіне маглі б адбыцца нейкія перамены. Стала неяк разам і сьмешна, і сумна. Бацька Віктара Лукашэнкі мае дзьве вышэйшыя адукацыі, адна зь іх гістарычная. Тым ня менш, ён на ўсю краіну перад тэлекамэрамі распавядаў, што Францішак Скарына жыў і працаваў у Санкт-Пецярбурзе. Але ж усім вядома, што Санкт-Пецярбург быў пабудаваны амаль праз 150 гадоў пасьля сьмерці Францішка Скарыны. Так што сыны Лукашэнкі ўжо даўно і добра ўсьвядомілі: каб добра жыць і быць пры ўладзе, вышэйшая адукацыя – гэта толькі фармальнасьць. Як пісаў Рыгор Барадулін, “гарбатую сьпіну выправіць магіла, гарбатага душою – аніякая сіла”. Але ж пакуль ёсьць у Беларусі наша цудоўная моладзь, такія, як Севярынец, Дашкевіч, Фінькевіч, Хведарук, Палажанка, Азарка, Вячорка, іх шмат, усіх не пералічыць, будучыня ў Беларусі ёсьць. Жыве Беларусь!”

Ларыса, Менск: “Наконт павышэньня коштаў. На Ракаўскім кірмашы назіраю, як людзі ўсіх узростаў ня столькі купляюць, а больш вывучаюць кошты. Каўбасаў шмат, розных вырабаў. Кошты напісаныя вялікімі літарамі, каб не пыталіся. Кошты нагадваюць тэлефонныя нумары. З прадаўцоў хто размаўляе па мабільніку, а хто, сабраўшыся па двое, сядзяць і адменьваюцца ўражаньнямі, як правялі выходныя. Вось такая карцінка. У мяне ўзьнікае пытаньне, куды потым ідуць гэтыя каўбасныя вырабы. Іх за прылаўкам сабралася вельмі шмат”.

Вадзім, Салігорск: “Берасьцейскія “чаўнакі” ня згодныя з указам № 760. Ім за 10 гадоў спадабалася эксплюатаваць чужую працу без усялякай адказнасьці за сацыяльную абароненасьць рэалізатараў. Калі Вы на самой справе хочаце называцца прадпрымальнікамі, адкрывайце свае прадпрыемствы, куды набірайце, колькі хочаце, людзей. Але пры гэтым больш махляваць на чужой абароненасьці ня зможаце, бо гэта ўжо патрабуе іншай арганізацыі працы, спалучанай як за ўсё грамадзтва, так і за прадпрыемства. А не як цяпер: абы набіць кішэні, а да іншых няма справы Вам. Усе дзеяньні чалавека павінны быць маральнымі. У Вас іх хапае толькі на сябе”.

Васіль Цюхай, Беразіно: “Добры дзень. На месцы Лукашэнкі я б ня стаў так часта друкавацца ў дзяржаўных газэтах, бо “Советскую Белоруссию” большасьць падпісчыкаў выпісваюць для гаспадарчых патрэбаў. Нешта загарнуць, недзе пасьцяліць… А там жа Лукашэнкаў твар амаль у кожным нумары і дзяржаўная сымболіка. Ён сам правакуе блюзьнерства. Лепш друкавацца ў незалежнай прэсе. Да яе стаўленьне ў людзей больш паважлівае, перафразуючы біблейныя словы, з адной і той жа паперы вырабляюцца газэты для нізкага і для высокага выкарыстаньня”.

Віктар Бутто, Менск: “Я маю невялікую прапанову да Аляксандра Мілінкевіча. Неабходна ў Менск на 14 кастрычніка 2007 году запрасіць расейскіх журналістаў, прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі, прадстаўнікоў чыноўніцкіх клянаў з Расеі. Яны павінны быць гледачамі ў першых радах, бо відовішча мае быць павучальным ці забаўляльным. На адным з такіх аказаўся ў турме і надоўга нават кандыдат на прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Дзякуй”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG