Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У.Пехцераў: Беларускамоўныя дэклярацыі цяпер маюць усе мытні


Радыё Свабода, Гомель Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Гомелю мелі разглядаць другую адміністрацыйную справу на моладзевага актывіста Сяргея Сямёнава — за непадпарадкаваньне мытнікам. Суд перанесьлі на 4 кастрычніка.

Як лічыць спадар Сямёнаў, хутчэй за ўсё, мытнікі ня ведаюць, што рабіць.

“На маю думку, супрацоўнікі беларускай мытні трошкі з адукацыяй не сябруюць. Яны проста ня ведаюць, што ёсьць Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, і што такое Закон аб дзяржаўных мовах Рэспублікі Беларусь”, — сказаў моладзевы актывіст.

Гомель, 24.09.2007. Сяргей Сямёнаў, які патрабаваў на мяжы беларускія блянкі мытных дэклярацыяў

9 верасьня праз пункт пропуску “Новая Гута” спадар Сямёнаў праходзіў беларуска-ўкраінскую мяжу.

Калі гомельскія мытнікі прапанавалі маладому чалавеку запоўніць дэклярацыю, ён папрасіў блянк на беларускай мове. Патлумачыў, што не хацеў бы нарабіць памылак у афіцыйным дакумэнце па-расейску. Мытнікі ўгледзелі ў гэтым “непадпарадкаваньне законным патрабаваньням”, склалі пратакол і накіравалі ў суд.

Акурат такі самы інцыдэнт адбыўся на мяжы і ў жніўні, калі спадар Сямёнаў ехаў ва Ўкраіну цягніком. За “непадпарадкаваньне” судзьдзя Марына Дамненка 30 жніўня аштрафавала актывіста на 930 тысяч рублёў — у эквіваленце гэта амаль 450 даляраў.

Справа набыла розгалас. Старшыня Канстытуцыйнага суду Рыгор Васілевіч на адной з канфэрэнцыяў назваў выпадак зь Сямёнавым “нематываваным уціскам беларускай мовы і яе носьбітаў” і нагадаў, што “адказнасьці за непавагу да дзяржаўнай мовы ніхто не адмяняў”.

Кіраўнік Дзяржаўнага мытнага камітэту Аляксандар Шпілеўскі.даволі хутка адрэагаваў на пазыцыю Канстытуцыйнага суду, заявіўшы, што адсутнасьць дакумэнтаў па-беларуску — ягоная асабістая памылка, якую ён хутка выправіць.

Аднак гомельскія мытнікі прэтэнзіяў да Сяргея Сямёнава пакуль не зьнялі, хаця фармуляры на беларускай мове на мытныя пункты нібыта ўжо накіравалі.

“Ад сёньняшняга дня мы ўжо будзем працаваць на ўсіх, напэўна, пунктах памежнага пераходу з улікам наяўных беларускіх дэклярацыяў”, — сказаў “Свабодзе” намесьнік начальніка Гомельскай мытні Міхаіл Мятлікаў.

Намесьнік начальніка ўпраўленьня Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Ўладзімер Пехцераў сьцьвярджае, што беларускамоўныя дэклярацыі цяпер маюць усе мытні:

“Ужо гэтай праблемы не існуе. Блянкі накіраваныя на пераходы і мяжу”.

Тым часам у судзе Цэнтральнага раёну Гомелю спадару Сямёнаву паведамілі, што пастанову пра пакараньне яго штрафам запатрабаваў абласны суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG