Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксей Лукашэвіч: “На першы фэст хацелася адабраць самых лепшых”


Юрась Бушлякоў, Прага Госьць “Начной Свабоды” – Аляксей Лукашэвіч, адзін з арганізатараў фэстывалю беларускай рок-музыкі ў Луцку "Права быць свабодным".

Бушлякоў: “Чаму беларускі рок-фэстываль менавіта ў Луцку, чаму выбралі менавіта гэты горад?”

Лукашэвіч: “Па-першае, мы думалі правесьці фэстываль ва Ўкраіне і шукалі тое месца недалёка ад мяжы зь Беларусьсю, дзе ўлады пойдуць нам насустрач... І Луцк стаў менавіта тым месцам, дзе ўлады зрабілі ўсё мажлівае для нас”.

“Ідэя фэсту ва Ўкраіне належыць Віталю Супрановічу”

Бушлякоў: “Ці цяжка арганізаваць ва Ўкраіне беларускі фэстываль?”

Лукашэвіч: “Канечне цяжка, ведаеце, чужая краіна, дзе проста ўлады далі дазвол, і трэба ўсё шукаць, дамаўляцца... Але мы стараліся”.

Бушлякоў: “Сярод арганізатараў фэстывалю – ці ёсьць украінцы, альбо гэта чыста беларуская ініцыятыва?”

Лукашэвіч: “Гэта была ініцыятыва беларуская, сама ідэя фэсту ва Ўкраіне належыць Віталю Супрановічу, кіраўніку БМА, і на стадыі яе распрацоўкі далучылася ініцыятыва "Студфармат", і пазьней – Эўрапейскае радыё для Беларусі. З украінскага боку ёсьць дапамога ад мясцовых уладаў, мы супрацоўнічалі на нейкім этапе з “Нацыянальным альянсам”.

“Мэта фэстывалю – даць магчымасьць выступіць гуртам, якія забароненыя ў Беларусі”

Бушлякоў: “Як бы вы акрэсьлілі задачы фэстывалю "Права быць свабодным"?”

Лукашэвіч: “Ідэя фэстывалю – даць магчымасьць выступіць гуртам, якія забароненыя ў Беларусі, даць ім права выявіць сваю творчасьць і рэалізаваць яго, а беларускім слухачам – пачуць свае ўлюбёныя гурты і рэалізаваць права слухаць тое, што яны хочуць”.

Бушлякоў: “Паводле якіх крытэраў вы адбіралі ўдзельнікаў фэстывалю?”

Лукашэвіч: “На першы фэст хацелася адабраць самых лепшых прадстаўнікоў беларускай рок-сцэны”.

Бушлякоў: “Ёсьць фэстываль "Басовішча", які праходзіць кожнае лета... "Права быць свабодным" – гэта разавы праект ці ў вас ёсьць намер зрабіць яшчэ адзін традыцыйны, штогадовы фэстываль беларускай рок-музыкі за межамі Беларусі?”

“Ёсьць задумка кожны год праводзіць фэстываль у новым месцы недалёка ад мяжы зь Беларусьсю”

Лукашэвіч: “Фэстываль "Права быць свабодным" і задумваўся, як штогадовы, і вось ужо на стадыі падрыхтоўкі гэтага першага фэстывалю мы ўпэўніліся, што трэба праводзіць гэты фэстываль надалей ва Ўкраіне”.

Бушлякоў: “Кожны год – у Луцку?”

Лукашэвіч: “Тут ёсьць некалькі ідэяў. Адна зь іх – менавіта такая, але можа не ў самім Луцку, а недалёка ад яго. Да Луцку найлепш дабірацца празь Берасьце, зь Берасьця цягнікі ідуць да Ковеля, і з Ковеля ідуць маршруткі да Луцку кожныя 10 хвілін – гэта самы просты і недарагі шлях.

Другая ідэя – вандраваць па тэрыторыі Ўкраіны недалёка ад мяжы зь Беларусьсю, і кожны год праводзіць фэстываль у новым месцы”.

Бушлякоў: “Як выглядала рэклямная кампанія напярэдадні фэстывалю?”

Лукашэвіч: “Больш за тыдзень ішла рэкляма на мясцовым радыё, паралельна віселі афішы ў Луцку і бліжэйшых гарадах – Рыўне, Львове, Ковелі. Мы раздавалі флаеры мясцовай моладзі з унівэрсытэту, яны казалі, што чулі пра фэстываль... Ёсьць афіцыйны сайт фэстывалю, festsvabody.org, таксама старонка ў Жывым журнале http://fest-svabody.livejournal.com/. Фэст інфармацыйна падтрымалі "Тузін гітоў", сайт studfarmat.org і Эўрапейскае радыё для Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG