Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Працоўна-аздараўленчы турызм, альбо як два тыдні пражыць на балоце”


Радыё Свабода Агляд некаторых публікацый недзяржаўных СМІ 24 верасьня.

У сьвежым нумары “Белгазеты” апублікавана інтэрвію неўязнога ў Беларусь польскага журналіста Міхала Кацэвіча, які напісаў чарговую кнігу пра беларускага кіраўніка “Лукашэнка – дыктатар у калгасе Беларусь”. Кніга выйшла накладам у 200 тысяч асобнікаў. Чытачы атрымалі яе разам з чарговым нумарам часопіса “Newsweek Polska”. Паводле словаў аўтара, галоўны матыў кнігі – біяграфія кіраўніка Беларусі. Прычым, аўтар аналізуе ня толькі самога галоўнага героя, але і вынікі ягонага кіраваньня, тую Беларусь, якую ён стварыў. Міхал Кацэвіч кажа, што “не хацеў усю Беларусь выставіць калгасам”. Ён хацеў паказаць, што “калгас – гэта сыстэма ўлады ў Беларусі”.

“Ганцавіцкі час”. “Працоўна-аздараўленчы турызм, альбо як два тыдні пражыць на балоце”. Балота ўвосень – месца, дзе беларус можа падзарабіць. У Ганцавіцкі раён па журавіны прыяжджаюць людзі з розных рэгіёнаў. Жыхары Баранавічаў разьбілі каля балота намётавы лягер, дзе жывуць больш дзесятка чалавек. Распавядае рэдактар “Ганцавіцкага часу” Пятро Гузаеўскі:

“Там ёсьць і 70-гадовыя пэнсіянэры, і маладыя, і нават жанчына-лекар з вышэйшай адукацыяй, якая ў Баранавічах працуе афтальмолягам. Яна кажа, што лёс прымусіў яе падзарабіць такім чынам. Кошт кіляграму ягад складае 4 тысячы рублёў, і калі зьбіраць не разгінаючы сьпіны, за дзень можна зарабіць ад 50 да 80 тысяч рублёў”.

“Інфа-кур’ер” паведамляе, што ў Слуцку адкрыты помнік вязьням гета, у якім 8 лютага 1943 года было расстраляна і спалена больш за 3 тысячы мірных жыхароў.

“Вечерний Брест”. “Край непалоханых неплацельшчыкаў”. Жыхары глухой вёскі Радзьдзялавічы вінныя камунальнікам больш за 40 мільёнаў рублёў. Імкненьне ў савецкі час сьцерці мяжу паміж горадам і вёскай праявілася тут у даволі дзіўнай форме: у глухамані, на балоце, пабудавалі тры пяціпавярхоўкі. Некалі перадавы СВК “Адраджэньне” зараз на мяжы банкруцтва, заробкі ў гаспадарцы – 60 – 80 тысяч, а плата за кватэру ўзімку – 100 тысяч рублёў. Нават калі справа злоснага неплацельшчыка даходзіць да суду, і суд прысуджае пагашаць запазычанасьць у памеры 20% ад заробку, то камунальнікі атрымліваюць ад неплацельшчыка 12 тысяч рублёў. То бок сума запазычанасьці пасьля суду не памяншаецца, а расьце...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG