Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: “Для пэнсіянэраў амаль усе тавары недаступныя”


Галіна Абакунчык, Менск У Беларусі растуць кошты. Падаражэньне якіх тавараў і паслугаў хвалюе людзей найбольш? Гэтым пытаньнем нашая карэспандэнтка цікавілася ў мінакоў на вуліцах Менску.

Карэспандэнтка: “Рост коштаў на якія тавары альбо паслугі хвалюе вас найбольш?”

Спадарыня: “На жыльлё, канечне, на электрычнасьць, на зямлю і нерухомасьць. Бо маем лецішча, і там ужо вялікія налічэньні”.

Спадар: “Калі глядзець аб’ектыўна, то пэнсіянэрам недаступна ўсё. Гэта і транспарт, і харчаваньне, і іншыя паслугі. Ну, ужо адзеньня пэнсіянэры не набываюць, даношваюць яшчэ з савецкага часу. Яны гэтую тэму абмяркоўваюць і хваравіта ўспрымаюць”.

Спадарыня: “На тыя харчы, якія неабходныя нам штодня. Гэта і малако, і тварог, і масла, і хлеб, і цукар”.

Юнак: “Я ежджу на аўтамабілі — і адчуў, што падаражэў бэнзін, вельмі па кішэні ўдарыла. Мэтро падаражала, увогуле ўвесь транспарт. Словам, такія вось дробныя моманты заўважыў. А што тычыцца харчаваньня ці квартплаты, то яшчэ не давялося сутыкацца”.

Спадарыня: “Найперш — алей. Настолькі падаражэў, проста ўдвая. Шмат што даражэе, пра ўсё і ня скажаш. А вось алей — асабліва”.

Юнак: “На жыльлё і больш ні на што. На іншае заробку хапае, а вось на жыльлё — не”.

Спадарыня: “Душа баліць за ўсё, бо растуць кошты й на паслугі. Да прыкладу, цырульні. Вось я шукаю, каб таньней. Я чалавек высокага становішча, прафэсар, а адзеньне набываю ў Ждановічах. Там усё параскладана на сталах, і я адтуль выбіраю, нешта рамантую. А хочацца набываць адзеньне ў годных крамах і абслугоўвацца ў годных месцах”.

Спадар: “Найбольш мяне хвалююць тавары штодзённага попыту. Бо я чалавек сталы і маю што апрануць. А вось харчаваньне, алей — гэта ўжо цяжка”.

Юначка: “На аўтамабілі. Бо мы хацелі набыць аўтамабіль, а яны надта падаражэлі. На харчаваньне яшчэ неяк можна выкруціцца — на рынак паехаць, нешта гуртам набыць. А вось на астатняе — не”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG