Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды накіруюць беларускіх міратворцаў?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Рота беларускіх міратворцаў гатовая да выкананьня міратворчай місіі ў любой кропцы сьвету,– рапартуюць беларускія генэралы. Як стасуюцца з законам пляны адпраўкі за мяжу беларускіх вайскоўцаў і ў якіх краінах яны могуць апынуцца?

Камандуючы сухапутнымі войскамі генэрал Аляксандр Нікіцін паведаміў, што міратворчая рота ў складзе беларускага войска завяршае сваю падрыхтоўку: паводле праграмы праведзеныя ўсе вучэбныя зборы, міратворцы атрымалі адпаведную амуніцыю, засталося толькі забясьпечыць роту сыстэмай спадарожнікавай сувязі і дачакацца загаду “На міратворчую апэрацыю крокам руш!”

Між тым, Канстытуцыя Беларусі забараняе адпраўку вайскоўцаў за мяжу для ўдзелу ў баявых дзеяньнях. Як удалося абыйсьці гэтую забарону? Спачатку Аляксандр Лукашэнка падпісаў адпаведны ўказ, а потым парлямэнт прыняў закон, які дазволіў удзел вайскоўцаў-кантрактнікаў выключна у міратворчых місіях. Прычым, паводле закону, у кожным пэўным выпадку парлямэнт мусіць зацьвярджаць адпраўку міратворцаў. Ці ёсьць ужо заяўкі на беларускіх міратворцаў?

Прэсавы сакратар міністэрства абароны Вячаслаў Раменьчык кажа, што яму невядома пра такія заяўкі.

"Наша задача – падрыхтаваць міратворцаў, а куды іх накіруюць –гэтых зьвестак мы не маем".

Вячаслаў Раменьчык нагадаў, што ў кастрычніку пройдзе сустрэча лідэраў краінаў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы, на якой плянуецца стварыць сумесныя міратворчыя сілы. Паводле плянаў, гэты міратворчы кантынгент можа дзейнічаць як на тэрыторыі краін СНД, гэтак і ў сьвеце.

Каардынатар міжнароднай праграмы “Wider Europe” Вячаслаў Пазьняк ў такіх вялікіх пэрспэктывах сумняецца:

“Нідзе ў сьвеце не чакаюць міратворцаў ад АДКБ. Прычынай таму ёсьць пэўныя прэтэнзіі з боку НАТО і Эўразьвязу. Таму ўся міратворчая дзейнасьць гэтага кантынгенту можа ажыцьцяўляцца толькі на прасторы СНД”.

Нагадаем, ў Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бясьпецы ўвайшлі Беларусь, Расея, Армэнія і чатыры цэнтральнаазіяцкія краіны былога СССР акрамя Туркмэніі. Гарачай кропкай на тэрыторыі гэтых краінаў назіральнікі лічаць толькі Чачэнію ў Расеі, якую ўрад гэтай краіны вызначае як зону антытэрарыстычнай апэрацыі.

“У Прыднястроўі на тэрыторыі Малдовы стаіць каля тысячы расейскіх міратворцаў, якіх паводле Стамбульскай дамовы трэба вывесьці”,– нагадвае Вячаслаў Пазьняк. Пры гэтым аглядальнік заўважае, што расейскі міратворчы мандат ў гэтай кропцы даўно закончыўся, але Расея адтуль не сышла і калі выканае дамову, невядома. “Застаецца Грузія, дзе таксама дзейнічаюць расейскія міратворцы. Але з вывадам іх адтуль сытуацыя ня больш пэўная”,– зазначае Вячаслаў Пазьняк.

Аглядальнік Раман Якаўлеўскі кажа, што міратворчая дзейнасьць даволі прыбытковы занятак, і краіны за яе канкуруюць.

“Гэта заробак, таму за гэткія заяўкі кандыдаты змагаюцца. Міратворац атрымлівае непараўнальна больш, чым заробак ў Беларусі,– некалькі тысяч даляраў. Прычым пэўны адсотак ад гэтых выплат атрымлівае дзяржава”.

Паводле спадара Якаўлеўскага, калі беларусаў праз нейкі час куды і запросяць, дык у Судан, “дзе Беларусь ведаюць і ёй давяраюць”.

У Міністэрстве абароны Беларусі карэспандэнту “Свабоды” пацьвердзілі, што падрыхтоўка міратворцаў улічвае і асаблівасьці Афрыкі.

• Беларусь рыхтуе роту для міратворчых апэрацый за мяжой , 17.11.2005
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG