Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перасьлед у прафэсіі: «мобінг»


Юлія Дранчук, Менск Паводле энцыкляпэдыі працоўнага права, “мобінг – ад ангельскага слова mob (натоўп) – гэта псыхалягічны ўціск, найперш групавы, на супрацоўніка з боку працадаўцы ці іншых супрацоўнікаў, які ўлучае ў сябе пастаянныя нэгатыўныя выказваньні, крытыку на адрас супрацоўніка, яго сацыяльную ізаляцыю ўнутры арганізацыі, выключэньне зь ягоных службовых дзеяньняў сацыяльных кантактаў, распаўсюджваньне пра яго лжывай інфармацыі і гэтак далей”. У Беларусі ўзмацняецца палітычны мобінг.

Шчыльна вывучаць зьяву мобінгу навукоўцы сталі ў 1970-х. Хаця гісторыя сьведчыць, што цкаваньне натоўпам аднаго чалавека – як правіла, не падобнага да іншых, – існавала заўсёды.

У Беларусі апошнім часам найперш заўважны мобінг палітызаваны.

Як гэта можа выглядаць, распавядае Натальля Бордак. Сёньня – жыхарка Нясьвіжу, карэспандэнтка газэты “Нясьвіскі час”. Раней яна працавала ў Доме культуры Сьветлагорску мастачкай.

«Вы крычалі гучней за ўсіх»

“Пачалося з таго, што скасавалі гуманітарны ліцэй, дзе вучылася мая дачка. Мы амаль тыдзень пікетавалі ля будынку гарвыканкаму. Там былі шматлікія журналісты, якія асьвятлялі гэтую падзею. І ўрэшце, калі я прыйшла на працу, высьветлілася, што мяне бачылі па тэлевізіі. І мой тагачасны шэф, дырэктар Дому культуры энэргетыкаў спадар Ярашэнка сказаў, што я крычала гучней за ўсіх. З таго часу пачаліся праблемы. Татальны кантроль – колькі часу я затрымалася на абед, з кім я гавару, пра што – усё гэта дакладалася дырэктару. Кантралявалі мой працоўны дзень па хвілінах – дзе затрымалася з абеду, чаму не зрабіла болей, чым магла. Працоўны час даходзіў да 12 гадзін, але ўсё адно я не выконвала норму, таму што мне давалі невыканальныя аб''ёмы працы. А дагэтуль я была досыць знакамітай мастачкай у Сьветлагорску, час ад часу адбываліся мае выставы…”

Урэшце Натальлю звольнілі, гэтак і не дачакаўшыся ад яе заявы пра звальненьне па ўласным жаданьні. Але за ўпартасьць палітычных поглядаў сп-ня Натальля расплацілася здароўем – ад псыхічных зрываў узьніклі сур''ёзныя праблемы ўнутраных органаў.



Калектыў тым часам, паводле Натальлі, збольшага маўчаў. Хто маўчаў «за яе», хто маўчаў «супраць», хто маўчаў, проста так – каб чаго ня здарылася.

Іншы ахвяра палітычнага мобінгу, Віктар Сырыца, страціў працу выкладчыка ў Баранавіцкім эканоміка-юрыдычным каледжы пасьля арганізацыі сустрэчы студэнтаў з кандыдатам у прэзыдэнты Аляксандрам Мілінкевічам. Раней ён выкладаў гісторыю Беларусі, паліталёгію, асновы дзяржавы і права.

«Ці Вы – ці 32 чалавекі»

Сырыца: «Майго кіраўніка папросту прымусілі. Стала вядома, што я быў ініцыятарам сустрэчы студэнтаў і Мілінкевіча. Пачаўся страшэнны ўціск – і на мяне, і на студэнтаў. Урэшце наш каледж павінен быў прайсьці працэдуру атэстацыі, кіраўніка каледжу выклікаў намесьнік міністра адукацыі Жук, я ня ведаю яго ініцыялы, - і сказаў – калі ты ня звольніш гэтага выкладчыка, вы атэстацыю ня пройдзеце. Пасьля гэтага мой кіраўнік сабраў усеагульны сход калектыву, дзе абвясьціў – маўляў, Віктар, калі Вы не напішаце заяву па ўласным жаданьні, мы ўсе страцім працу. Усе мы. Мне не заставалася нічога, як напісаць тое, што мяне прасілі. Цяпер я аформіў ІП, займаюся з моладзьдзю перад паступленьнямі, пішу кантрольныя завочнікам і гэтак далей.Пішу артыкулы ў незалежную прэсу. Прыстасаваўся».

Калегі Віктара тым часам падзяліліся на два лягеры – адны казалі – не здавайся, не звальняйся, мы падтрымаем. Іншыя – проста маўчалі.

Шмат хто з псыхолягаў прытрымліваецца думкі, што ў барацьбе з мобінгам усё бессэнсоўна – лепей для нэрвовай сыстэмы звольніцца, знайсьці лепшую працу і падняць нос угору – маўляў, хай Вам будзе горай. Почасту кандыдату, па-за прафэсійнымі якасьцямі, адмаўляюць у працы раз за разам.

Скарацца – ці змагацца?

Псыхоляг Жанна Міцкевіч лічыць, што ў кожным разе нельга ў выпадку прыкметаў мобінгу апускаць рукі і здавацца. Трэба змагацца і адстойваць правы.

Міцкевіч: «Лепш не сварыцца наконт палітычнага крэда, а супрацьстаўляць свае прафэсійныя вартасьці. Толькі яны могуць пераканаць працадаўцу. Зь іншага боку, кожны мае права на ўласныя палітычныя погляды. Але ян трэба іх дэманстраваць на працоўным месцы. Неабавязкова гэта».

А вось палітоляг Уладзімір Мацкевіч лічыць, што псыхалягічныя нюансы ў сытуацыі палітычнага мобінгу не маюць сэнсу. Бо сутнасьць глыбока ў іншым.

«Да сёньняшняга часу людзі на постсавецкай прасторы не ўсьвядомілі, што савецкі лад жыцьця і канцлягерскі – вельмі падобныя. Адных людзей прымушаюць рабіць нешта супраць іншых, карыстаючы інструмэнтам - страх. І справа ня ў тым, каб толькі законы зьмяніць. Трэба, каб людзі зьмяніліся. Каб яны разумелі, што толькі чалавек – асабіста – нясе адказнасьць асабістую за ўласныя ўчынкі. А савецкі лад жыцьця прадугледжваў калектыўную адказнасьць. На гэтым базуецца цкаваньне адных людзей – іншымі. Выйсьце тут патрабуе высілкаў. Павінна быць адмысловае выхаваньне іншых каштоўнасьцяў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG