Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КДБ цікавяцца падрыхтоўкай “Эўрапейскага маршу”


Любоў Лунёва, Менск Рэгіянальных актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” пачалі выклікаць у КДБ. Іх папярэджваюць пра крымінальную адказнасьць за падрыхтоўку і ўдзел у “Эўрапейскім маршы”.

Кіраўніка Бабруйскай філіі “Маладога фронту” Валера Мацкевіча супрацоўнікі КДБ папярэдзілі пра крымінальную адказнасьць, калі ён не адмовіцца ад падрыхтоўкі да “Эўрапейскага маршу”, які пройдзе ў Менску 14 кастрычніка.

Валер Мацкевіч паведаміў “Свабодзе”:

“Мяне палохалі крымінальнай справай. Толькі гэтым разам акрамя 193-га артыкулу фігураваў і 342-гі. Гэта падрыхтоўка акцыі, якая прывяла да масавых беспарадкаў. На маю думку, КДБ папросту атрымала чарговую дырэктыву запалохаць актывістаў, каб ня ехалі на “Эўрапейскі марш”, каб яны не распаўсюджвалі інфармацыйнай прадукцыі.

Іх цікавіла літаратура, якім чынам трапляе ў горад, сетка распаўсюду... Палохалі мяне крымінальнымі справамі, якія цяпер распачынаюцца на Гомельшчыне. Казалі, што наступным рэгіёнам будзе магілёўскі”.

У КДБ 21 верасьня мусіць прыйсьці 17-гадовы Кірыл Атаманчык са Жлобіна. Кірыл вучыцца ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце ў Вільні. Ён не выключае, што яму могуць выставіць афіцыйнае абвінавачаньне.

“У мяне забралі мой сыстэмны блёк, а таксама шэсьць бел-чырвона-белых сьцягоў і нават літаратуру — кнігі Зянона Пазьняка і Паўла Севярынца. Дарэчы, кніжка Севярынца “Фэнамэналёгія Беларусі” была падпісаная аўтарам, і іх менавіта гэта й зацікавіла.

Заўтра мяне выклікаюць на допыт пакуль у якасьці сьведкі, але не выключаю, што мяне могуць перавесьці ў шэраг падазраваных. Мяркую, што гэта будзе новая хваля рэпрэсіяў супраць “Маладога фронту”.

Арсен Ягорчанка са Сьветлагорску таксама мусіць наведаць сьледчых КДБ. 17 верасьня ў кватэры хлопца зрабілі ператрус.

Актывісты “Маладога фронту” лічаць, што супрацоўнікі КДБ распачынаюць крымінальныя справы за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі — пасьлядоўна ва ўсіх рэгіёнах.

Спачатку судзілі шасьцёх менскіх актывістаў. Потым дваіх у Менскай вобласьці і аднаго ў Берасьцейскай.

Цяпер крымінальныя справы пагражаюць гомельскім рэгіянальным актывістам. На чарзе, паводле выказваньняў саміх супрацоўнікаў КДБ, — Магілёўшчына.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG