Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званок на Свабоду: "Мы рабы ў сваёй краіне"


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за 20 верасьня, чацьвер. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды": 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньне пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам можна дасылаць смс-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі: 391-22-24.

Павел Васільевіч: “Радыё Свабода, па календару “Родны край” за 1996 год 19 верасьня, аўторак, абазначаны як Дзень міру. І ў гэты дзень быў суд над Аляксандрам Казуліным. Дзеля міру ў нашым грамадзтве ў будучыні зьвяртаюся да прэзыдэнту і яго правасудным і праваахоўным органам з просьбай вызваліць зь месца зьняволеньня Аляксандра Казуліна, бо так званая яго справа была сфальшаваная, прычэплена да якогасьці хулігана. Аляксандра Казуліна як аднаго зь лепшых выніковых працаўнікоў, інтэлігентнага, эрудыраванага і законапаслухмянага грамадзяніна, добра ведаюць у Беларусі і далёка за яе межамі. Ён павінен быць здаровым і вольна працаваць на карысьць Радзімы, а здароўе яго цяпер там дрэннае. Трымаць у зьняволеньні хворага бязьвіннага чалавека – ганьба ўладзе і вялікі грэх вінаватым”.

Ларыса, Менск: “Не магу быць абыякавай пасьля таго, як пачула па радыё ад самой Ірыны Казулінай пра тое, што яна хварэе. Гэта ўсё вынік нэрвовага ўзрушэньня, зьвязанага з арыштам і прысудам Аляксандру Казуліну. Многа было просьбаў і з боку Эўразьвязу, і з боку амбасадараў, акрэдытаваных у Беларусі і асабіста грамадзянаў Рэспублікі Беларусь. Але маўчыць прэзыдэнт. Маўчыць урад. Хай бы ўзялі прыклад зь Ельцына і Гарбачова, калі яны даравалі гэкачэпістам. І ўсе гэкачэпісты засталіся на волі. У іх было цяжкое становішча, яны хацелі зьдзейсьніць пераварот. Тут нічога такога не было. Казулін сваё ўжо адседзеў”.

Спадар: “У вёсцы Ляскавічы Петрыкаўскага раёну ёсьць тартак, які належыць Кіраўніцтву справамі ўсенародна абранага. Дошкі і паркеты ідуць на экспарт за валюту, а іхны брак проста паляць на адкрытым паветры, не дазваляючы людзям купіць сабе па зьніжанай цане. Відаць, дэкрэты аб энэргазьберажэньні іх не датычацца, бо, як кажуць тыя, хто працуе тут, гэта “дзяржава ў дзяржаве”. Але ж галоўнае тое, што драўніна сюды возіцца з Прыпяцкага былога заказьніка, якія цяпер у статусе Нацпарку. Апавядаюць, там пілуюць ужо маладняк. І зусім нікога не цікавіць, што Прыпяцкія землі былі калыскаю ўсходніх славянаў, адсюль пайшлі карані беларусаў, украінцаў і рускіх. Аднак, сыстэма ўлады чхаць хацела на гістарычную прыродную спадчыну. Ёй найважней эўра і даляры для свайго існаваньня".

Васіль Цюхай, Беразіно: “Добры дзень. У савецкія часы хадзіў такі анэкдот: “Паведамленьне ТАСС: Генэральны сакратар Савецкага Саюзу Чарненка, не прыходзячы ў сьвядомасьць, прыступіў да выкананьня службовых абавязкаў”. Я лічу, што народ мае права ведаць пра здароўе прэзыдэнта, бо інакш можа здарыцца сытуацыя, як у Паўночнай Карэі, дзе ніхто ня ведае, ці жывы той Кім Чан Ір, ці даўно лапці адкінуў. Па тэлевізіі неяк паказвалі журналісцкае расьсьледаваньне, у якім сьцьвярджалася, што расейскія навукоўцы вынайшлі цудадзейны сродак для амаладжэньня. Але ён вельмі дарагі, таму што вырабляецца з чалавечых камлёвых клетак і дазволіць яго сабе могуць толькі прэзыдэнты і кіраўнікі спэцслужбаў. Нельга выключаць, што і Лукашэнку на гэта падсадзілі, бо відавочная заканамернасьць: як толькі пагаршаюцца дачыненьні паміж Масквой і Менскам, у Лукашэнкі пагаршаецца здароўе, ён па некалькі месяцаў запар не зьяўляецца на экране. Лукашэнка можа быць залежны. А залежны чалавек дзеля чарговай дозы што заўгодна гатовы аддаць, нават паўцарства”.

Спадар: “Ёсьць такія натарыяльныя канторы. Гэта зноў такі лютасьць нашага Лукашэнкі, які прыдумаў іх. Яны павінны быць. Але вы б бачылі, што гэта за канторы! Па-першае. Чалавек хворы, інвалід, 80 гадоў, пазваніў: “Мне трэба аформіць тое і тое. Скажаце, калі ласка, якія дакумэнты я павінен Вам прынесьці, каб аформіць?” Памочніца кажа: “Ты прыйдзі, дзед. Мы з табою пагаворым, параім тут, што табе трэба, а потым толькі пачнём разглядаць тваю справу”. Настолькі ўсё люта. Настолькі бюракратычна ўсё зроблена! Ня тое, каб людзям дапамагчы, не для людзей, не для народу, а для таго, каб грэць высакароднае самалюбства калгасьніка Лукашэнкі. Гэта ўсё яго выверты. Нехта там кажа, што міліцыя пакрыўдзіла… Ды ні міліцыя пакрыўдзіла! Гэта яго ясныя ўстаноўкі начальнікам падразьдзяленьняў міліцыі. Ня трэба шукаць, у чым міліцыянт вінаваты. Ён выконвае тое, што Лукашэнка празь іх начальнікаў ім кажа. Таму несправядлівасьць паўсюль. А справядлівасьці не бывае без законнасьці. Не дай бог сунуцца ў нейкую дзяржаўную ўстанову па любым пытаньні, захварэеш на сухоты, але не праб’еш”.

Уладзімер Зьвернік: “Хачу задаць пытаньне судзьдзі Баранавіцкага суда, якая засудзіла маладога актывіста Алеся Мелянца да адбываньне сутак за тое, што ён выклікнуў: “Жыве Беларусь!” Дык што, спадарыня судзьдзя на хоча, каб наша і яе Беларусь жыла? Жыла і квітнела? Не разумею, тым больш калі гэтая падзея зьдзейсьнілася напярэдадні 16-й гадавіны зьмены Вярхоўным Саветам 12-га скліканьня назвы нашай краіны з “БССР” на “Рэспубліку Беларусь” з адначасовай зьменай дзяржаўнай сымболікі. Тады над краінай годна залунаў бел-чырвона-белы сьцяг і на ўсіх дзяржаўных установах быў замацаваны герб “Пагоня”. Дарэчы, аб сымболіцы. Чаму б спадару Лукашэнку не лічыць чырвона-зялёны сьцяг, калі гэта яму так спадабаецца, дзяржаўным сьцягам на пэўны час, але ж адначасова гістарычны бел-чырвона-белы сьцяг лічыць “нацыянальным”. Зрабіўшы такі крок, ён быў падмацаваў сваё апошняе выказваньне наконт сваёй апантанасьці да незалежнасьці Беларусі. Усё роўна ж прагу сумленных беларусаў да нацыянальнай сымболікі не разьбіць, не спыніць, не стрымаць”.

Міхаіл, пэнсіянэр, Менск: “Хачу выказацца наконт заможнага жыцьця беларусаў. Цяжка, бедна нам жывецца. Век капаемся ў сьмецьці. Беларускі люд наш гіне, Мы рабы ў сваёй краіне. І ня чуе стогну, енку, Добры “бацька” Лукашэнка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG