Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія тэнісісты пазмагаюцца з пэруанцамі за месца ва ўсясьветнай эліце


Ігар Карней, Менск Гульцы зборнай Беларусі па тэнісе прыбылі ў Пэру для матчу за месца ва Ўсясьветнай групе. Сёньня будзе абвешчаны канчатковы склад камандаў. Гульні пройдуць 21-23 верасьня ў Ліме на акрытым грунтовым корце “Rinconada Country Club”, які зьмяшчае 4 тысячы гледачоў.

Пераможца пары Пэру–Беларусь працягне змаганьне за Кубак Дэвіса ў наступным сэзоне. А той, хто пацерпіць паразу, выправіцца ў рэгіянальны дывізіён. У выпадку Беларусі гэта Эўра-Афрыканская зона, адкуль з вялікімі цяжкасьцямі каманда трапіла ў тэнісную эліту.

На падтрымку заўзятараў беларусам разьлічваць асабліва не даводзіцца. Ваяж у прывязцы да матчу, які прапануе фірма “Экстрым-тур”, выліваецца ў немалыя грошы. Экскурсійная праграма з пражываньнем у 1-мясцовым нумары – 425 даляраў, пералёт Масква-Ліма – яшчэ 1200 даляраў. Плюс аплата паслугаў турфірмы, страхоўка, квіткі на гульні. У выніку – каля 2 тысяч даляраў.

Ня будзе на трыбунах і кіраўніка Беларускай асацыяцыі тэнісу, старшыні Менгарвыканкаму Міхаіла Паўлава. Паводле крыніцы ў беларускай дэлегацыі, ягоная паездка плянавалася, аднак не атрымала падтрымкі кіраўніка краіны. Замежныя камандзіроўкі высокіх чыноўнікаў зацьвярджае асабіста Аляксандар Лукашэнка. А група чыноўнікаў і журналістаў афіцыйных СМІ адляцела ў Пэру яшчэ пры канцы мінулага тыдня. У якасьці бонусу дэлегацыя атрымала 4-дзённыя вакацыі на Кубе, потым праз Панаму – падарожжа да Лімы.

Вяртацца ў Эўра-Афрыканскую зону ніхто не жадае

У беларускай зборнай пад кіраўніцтвам Дзьмітрыя Татура да матчаў стадыі плэй-оф ужо традыцыйна рыхтуюцца Максім Мірны – 98-ы ў рэйтынгу АТР і Ўладзімер Валчкоў (542-гі), а таксама адносна новыя спартоўцы -- Андрэй Каратчэня (924) і бязрэйтынгавы Ўладзімер Ігнацік. У пэруанцаў у папярэдняй заяўцы такі квартэт: 86-ы ў рэйтынгу АТР Луіс Орна, Іван Міранда (229), Матыяс Сылва (715) і Маўрысіё Эшасу (1116).

У папулярнай спартовай газэце “Прессбол” за матчам Кубку Дэвіса будзе сачыць аглядальнік Барыс Тасман. Ён падкрэсьлівае важнасьць матча і дае роўныя шанцы сапернікам:

“Матч ня будзе шараговым, таму што гэта сустрэча за захаваньне месца ва Ўсясьветнай групе. Зараз калі гэтае месца страціць, то значыць, апусьціцца ў Эўра-Афрыканскую зону і там зноў праходзіць усе адборы. Мірны і Валчкоў займаліся гэтым 10 гадоў. Але калі яны былі маладыя, ім гэта было цікава. Цяпер, калі Мірнаму стукнула 30, Валчкову на год меней і за плячыма ўжо столькі пройдзенага, таму ня думаю, што ў іх будзе вялікі стымул зноў прабівацца наверх. То бок, паўтараць ужо дзесяцігодзьдзем пройдзенае – з псыхалягічнага гледзішча гэта вельмі важна. Таму захаваць месца ва Ўсясьветнай групе яны вельмі зацікаўленыя”.

Як кажа Барыс Тасман, ці не ўпершыню ў безальтэрнатыўных Мірнага і Валчкова зьявіліся “падпоркі”. На трэці і чацьвёрты нумары, Андрэя Каратчэню і Ўладзімера Ігнаціка, можна рабіць далёкі стратэгічны разьлік. Сёлета ў юніёрскім разрадзе Ігнацік выйграў “Ралан Гарос”, быў фіналістам Уімблдону і дайшоў да чвэрць-фіналу US Open. Каратчэня выявіў сябе ў парных паядынках (чэмпіён “Ралан Гарос” зь італьянцам Фабіяна), а таксама стаў чэмпіёнам Беларусі ў адзіночным разрадзе.

Ці “падапруць” вэтэранаў маладыя?

Аднак пакуль няма асабліва чым пахваліцца шматгадовым лідэрам каманды: другі нумар, Уладзімер Валчкоў, пачаў сэзон з 900-х пазыцыяў. Рэзка ўпалі індывідуальныя вынікі і ў Мірнага, што лягічна можна сьпісаць на выдаткі шматгадовай стомленасьці. Як кажа Барыс Тасман, дзесьці яны з бацькам (трэнэрам Мікалаем Мірным) прапусьцілі час, калі трэба было зьменшыць апэтыты і скараціць колькасьць удзелаў у турнірах.

Тым ня меней, як лічыць мой суразмоўца, ці ня ўпершыню падрыхтоўка беларусаў была арганізаваная на сур’ёзным узроўні: загадзя сплянаваныя зборы, каманда знаходзілася пад пільным кантролем мэдыкаў. І трэніруюцца практычна ў тым жа часавым поясе, што і Пэру – у Маямі, дзе жывуць Мірныя. Але вынік прагназаваць складана. Бо калі, словамі Тасмана, у Менску на хуткім пакрыцьці Пэру маглі б “размазаць” і з сухім лікам, то...

“...на грунце ўсё будзе інакш. Орна – клясны грунтовы гулец. І калі ўзяць, дапусьцім, выключна грунтовую клясыфікацыю, дык ён, пэўна, уваходзіць у лік 20 лепшых. У яго ёсьць перамогі ў турнірах АTP у адзіночцы і ў пары на грунце, што пра многае кажа. Ён праходзіў гульцоў усясьветнай дзесяткі, да прыкладу, Рабрэда, таксама заўзятага грунтавіка. Гэты хлопец можа элемэнтарна даць сваім два ачкі. Значыць, у якасьці супрацьвагі трэба мець астатнія тры. Перадусім трэба перамагаць Міранду. А Міранда -- гэтаксама ня просты. 220-ы нумар, але за апошні год ён узьняўся ў рэйтынгу на 100 пунктаў. Таксама чыста грунтовы гулец, і пара ў іх згуляная: Орна-Міранда”.

Сярод гучных перамог зборнай Беларусі ў Кубку Дэвіса – хатнія перамогі над камандамі Расеі і Аргентыны, а таксама валявая перамога на выезьдзе супраць Канады. Кульмінацыяй стала трапляньне ў паўфінал Кубку Дэвіса тры гады таму, дзе ў гасьцях беларусы без асаблівай барацьбы саступілі амэрыканцам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG