Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Імёны Свабоды”: ад Тадэвуша Рэйтана да Аўгіньні Дзянісавай


Ганна Соўсь, Менск Выйшла ў сьвет кніга Ўладзімера Арлова “Імёны Свабоды” — дванаццатае выданьне ў сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе”. У кнігу ўвайшоў 261 гістарычны партрэт герояў беларускай свабоды XVIII-XI стагодзьдзяў.

Ад 1 студзеня 2006 году да Дня Волі 2007 году ў ранішнім эфіры “Свабоды” Ўладзімер Арлоў расказваў пра беларускіх патрыётаў, змагароў за волю й незалежнасьць. Першым у эфіры Радыё Свабода прагучала эсэ пра журналіста і палітыка Ігара Гермянчука. А ў кнізе нацыянальны пантэон адкрывае Тадэвуш Рэйтан, змагар за незалежнасьць Вялікага княства Літоўскага. Гаворыць Уладзімер Арлоў:

“Ён быў дэпутатам Сойму, і разам зь нешматлікімі, на жаль, паплечнікамі пратэставаў супраць зацьвярджэньня вынікаў першага падзелу Рэчы Паспалітай, калі ў кіпцюры двухгаловага расейскага арла трапілі ўсходнебеларускія землі. Дарэчы, Тадэвуш Рэйтан у нашай гісторыі быў першым палітыкам, які абвяшчаў на соймавым пасяджэньні галадоўку.

Змаганьне за свабоду і дзяржаўную незалежнасьць не перапынялася ад канца XVIII стагодзьдзя, калі гістарычны гадзіньнік радзімы нашых продкаў -- Вялікага Княства Літоўскага -- быў спынены і Беларусь была захопленая Расейскай імпэрыяй”.

“Арлоў перайшоў мяжу стагодзьдзяў”

Адным зь першых чытачоў кнігі “Імёны свабоды” быў пісьменьнік Адам Глобус.

“Калі выйшла ягоная знакамітая кніга “Краіна Беларусь”, тады я Арлова папракнуў, што мне не хапае XX стагодзьдзя. Самае плённае ў беларускай культуры, самае эфэктнае на сёньняшні дзень з усяго тысячагадовага існаваньня славянскага сьвету для беларусаў усё ж было XX стагодзьдзе. І нарэшце Валодзя перайшоў мяжу стагодзьдзяў і зрабіў кніжку пра гонар нашай нацыі менавіта ў XX стагодзьдзі. Гэта большая частка кнігі”, -- кажа Адам Глобус.

“Гэта -- аўтарская энцыкляпэдыя”

Першай беларускай нацыянальнай энцыкляпэдыяй XXI стагодзьдзя назваў кнігу “Імёны Свабоды” старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.

“Але адрозна ад старых савецкіх і постсавецкіх энцыкляпэдыяў яна мае цэлы шэраг унікальных асаблівасьцяў. Па-першае, гэта аўтарская энцыкляпэдыя. Напісаў яе адзін чалавек, вядомы беларускі пісьменьнік, які мае гістарычную прафэсійную адукацыю, і пабудаваў ён яе не паводле імяннога паказьніка, як звычайныя энцыкляпэдыі, ці паводле альфабэту, а паводле пэрыядаў. Такім чынам мы маем зрэз нашай гісторыі ад першага падзелу Рэчы Паспалітай да сёньняшняга дня”.

Створаны Уладзімерам Арловым паказьнік многія ўжо назвалі ўнікальным. Пісьменьнік стварыў новую пэрыядызацыю нацыянальна-вызвольнага руху, распрацаваў крытэры, зрабіў адпаведную клясыфікацыю.

261-ы, апошні партрэт у кнізе “Імёны Свабоды” -- Аўгіньні Дзянісавай, бабулі Уладзімера Арлова. Безь яе не было б яго, вандроўніка ў прасторы і часе, безь яе не было б і пісьменьніка Уладзімера Арлова, а значыць і гэтай кнігі, -- кажа аўтар.

Больш водгукаў на “Імёны Свабоды” -- новую кнігу з сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе” – чытайце на нашым сайце, а таксама слухайце ў ранішнім і вечаровым эфіры ад панядзелка да пятніцы.

У сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе” ўжо выйшлі кнігі “Верш на Свабоду”, “Дарога праз Курапаты”, “Быкаў на Свабодзе”, “Дуліна ад Барадуліна”, “Прыгоды Ара ў Беларусі”, “Вострая брама”, “Беларуская атлянтыда”, “Плошча” і “Альбом сямейны”.


Прэзэнтацыя ў Менску і інтэрнэце – ў пятніцу, 21 верасьня. Адрас ў Менску – “Варвашэні”, 8, пачатак а 18:00. Адрас ў інтэрнэце – svaboda.org

• Захар Шыбека: “Арлоў валодае ўнікальнай здольнасьцю паэтычнага ляканізму”, 17.09.2007 • Алег Гардзіенка: “Уладзімер Арлоў стварыў малую энцыкляпэдыю беларускай свабоды” , 17.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG