Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захар Шыбека: “Арлоў валодае ўнікальнай здольнасьцю паэтычнага ляканізму”


Ганна Соўсь, Менск Выйшла ў сьвет кніга Ўладзімера Арлова “Імёны Свабоды” — дванаццатае выданьне ў сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе”. У кнігу ўвайшлі выбраныя перадачы аўтарскага цыклю “Імёны Свабоды”, якія гучалі на хвалях Радыё Свабода ад 1 студзеня 2006 году і да Дня Волі 2007 году. Кнігу склаў 261 гістарычны партрэт герояў беларускай свабоды XVIII—XXI стагодзьдзяў.

Напісаная Ўладзімерам Арловым і выдадзеная “Свабодай” кніга “Імёны Свабоды” вартая некалькіх тамоў. Гэтак лічыць яшчэ адзін рэцэнзэнт кнігі — доктар гістарычных навук прафэсар Захар Шыбека:

“Ужо з той прычыны, што пра кожную постаць можна пісаць асобную кнігу. І гэта, дарэчы, будзе штуршком да далейшых дасьледаваньняў нашых нацыянальных герояў.

Другім важным стымулам працягнуць тое, што пачаў Уладзімер Арлоў, зьяўляецца навуковая каштоўнасьць гэтай кнігі. Аўтар ня толькі зьбіраў матэрыял, але і многія біяграфіі стварыў сам, распытваючы сьведак, ужываючы гэтак званы мэтад “вуснай гісторыі”. А ў тыя біяграфіі, якія ўжо створаныя, рабіў удакладненьні, факты зь іх жыцьця”.

Захар Шыбека лічыць, што Арлоў зьдзейсьніў, здавалася, неверагоднае — зьмясьціў пад адной вокладкай 261 партрэт беларускіх патрыётаў.

“Я думаю, што іншаму наўрад ці гэта ўдалося б, паколькі Ўладзімер Арлоў валодае ўнікальнай здольнасьцю паэтычнага ляканізму. І таму гэтая кніжка і інфармацыйная, і ў той жа час цікавая. Я думаю, што яна знойдзе шырокі водгук у чытача”.

Захар Шыбека зьвяртае ўвагу на навацыю — паказьнік, складзены Ўладзімерам Арловым, у якім адлюстроўваецца ўласнае бачаньне пэрыядызацыі беларускага руху.

“Гэта зроблена ўпершыню, — адзначае спадар Шыбека, — раней была неверагодная сумесь розных меркаваньняў, а цяпер гэта стройная сыстэма, якую выбудаваў аўтар”.

Прэзэнтацыя ў Менску і інтэрнэце – ў пятніцу, 21 верасьня. Адрас ў Менску – “Варвашэні”, 8, пачатак а 18:00. Адрас ў інтэрнэце – svaboda.org
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG