Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: “У заходняй Беларусі адны здраднікі жывуць”


Радыё Свабода, Віцебск Чым адрозьніваецца ўсходняя Беларусь ад заходняй? На пытаньне Радыё Свабода адказваюць віцебскія мінакі.

Карэспандэнтка: “Чым адрозьніваецца ўсходняя Беларусь ад заходняй? Як на вашую думку, ці ёсьць такія адрозьненьні?”

Спадарыня: “У заходняй Беларусі людзі больш выхаваныя ў веры ў Бога. Таму яны адрозьніваюцца сваімі якасьцямі: яны больш працавітыя, і такія якасьці, як гонар, сумленьне, годнасьць у іх больш разьвітыя, чым у тых, хто з усходняй часткі — там людзі бязь веры, годнасьці ў бальшыні”.

Спадар: “На мой погляд, людзі з усходняй і заходняй Беларусі нічым не адрозьніваюцца. І калі нехта адрозьненьняў шукае, то гэта ўсё інсынуацыі... Таму што адна краіна, адзін народ, і якая розьніца, з усходу ты ці з захаду. Ад геаграфічнага месцазнаходжаньня якасьці чалавека не мяняюцца”.

Дзяўчына: “Усё адно нейкія адрозьненьні ёсьць. У нейкіх звычаях і нават, напэўна, у зносінах”.

Спадар: “Канечне, адрозьніваюцца! У заходняй Беларусі адны здраднікі жывуць. Якія толькі на Захад і глядзяць!”

Дзяўчына: “Я думаю, што людзі нічым не адрозьніваюцца. Людзі ў нас у Беларусі гасьцінныя, добразычлівыя. І я ня думаю, што дужа адрозьніваецца ўсходняя Беларусь ад заходняй”.

Другая дзяўчына: “У адных мясьцінах больш праваслаўных, а ў другіх — каталікоў. Я думаю, толькі ў гэтым адрозьненьне. У мяне ў Браслаўскім раёне сваякі жывуць. Звычайныя, здаецца: людзі й людзі”.

Хлопец: “У заходняй частцы Беларусі нашмат больш беларушчыны. У вёсках і ў райцэнтрах яшчэ часта можна пачуць беларускую мову. Напрыклад, у Мёрскім раёне, ці ў Глыбоцкім, ці ў Пастаўскім беларуская мова ёсьць натуральнай зьявай. І яшчэ заўважна, што заходнія беларусы — людзі больш адкрытыя і гаспадарлівыя. Ва ўсходняй частцы людзі больш скутыя”.

Спадарыня: “Людзі, што жывуць ў заходняй частцы нашай краіны, адрозьніваюцца ад жыхароў усходняй часткі тым, што яны больш актыўныя. Тым, што больш спадзяюцца самі на сябе. Таму там больш прыватных прадпрымальнікаў — прыватны сэктар эканомікі, здаецца, больш разьвіты дзе-небудзь на Берасьцейшчыне...”

Дзяўчына: “Я шмат не падарожнічала па Беларусі, але лічу, што розьніца ёсьць. У сьветапоглядзе, па-першае. А яшчэ... У традыцыях ёсьць нейкія адрозьненьні”.

Спадар: “Захад больш спавядае каталіцтва, усход — праваслаўны. Але ўсе мы складаем мазаіку адной маці-краіны: кожны прыносіць сваю частку, і гэтай краіне патрэбныя мы ўсе”.

Радыё Свабода
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG