Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дуаен дыпкорпуса ў Беларусі пакідае сваю пасаду


Уладзімер Глод, Менск Ільля Вяльджанаў – амбасадар Туркмэністану ў Беларусі і адначасова сталы паўнамоцны прадстаўнік гэтай краіны пры статутных ды іншых органах СНД адпраўлены ў адстаўку. Адпаведныя дакумэнты падпісаў прэзыдэнт Туркмэністану Гурбангулы Бердымухамэдаў.

Спадар Вяльджанаў узначальваў дыпляматычнае прадстаўніцтва Туркмэністану ў Менску цягам 12 гадоў запар. Апошнюю палову гэтага тэрміну ён фармальна зьяўляўся і дуаенам, то бок кіраўніком дыпляматычнага корпусу ў краіне знаходжаньня, які прадстаўляе усіх акрэдытаваных у Беларусі дыпляматаў. Гэтая пасада аўтаматычна пераходзіць да амбасадара, якіх раней за іншых акрэдытаваўся ў краіне знаходжаньня.

Аднак кіраўнікі дыпмісіяў шэрагу краінаў не лічылі спадара Вяльджанава сапраўдным дуаенам, паколькі ён мае, акрамя туркмэнскага, яшчэ і беларускае грамадзянства. Акрамя таго, ён не аднойчы выступаў у падтрымку палітыкі беларускіх уладаў, не ўзгадняючы свае ацэнкі з калегамі.

Ільля Вяльджанаў мае званьне генэрал-лейтэнанта Вайсковых сілаў СССР. У савецкія часы ён быў намесьнікам камандуючага Чырванасьцяжнай Беларускай вайсковай акругі, курыраваў вайсковыя навучальныя ўстановы. Паводле ягоных уласных словаў, ён стаў першым туркмэнам, які скончыў Акадэмію Генштаба Савецкай Арміі.

Новым амбасадарам Туркмэністану ў Беларусі стане Ата Гундагдзіеў. Раней ён узначальваў дыпмісію сваёй краіны ў Таджыкістане.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG