Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: супольная праца беларускіх і польскіх мытнікаў cкончыцца 15.10


Радыё Свабода, Берасьце Зь 15 верасьня польскія памежныя службы мелі намер сысьці зь берасьцейскага прапускнога пункту “Варшаўскі мост” на пункт пропуску ў Тэрэспалі, на польскай тэрыторыі. Аднак, паводле інфармацыі з Галоўнай управы памежнай службы ў Варшаве, перанос адтэрміноўваецца роўна на месяц. Сыход польскіх мытнікаў абгрунтаваны тым, што Польшча як чалец Эўразьвязу мусіць прыводзіць мяжу зь Беларусьсю да агульнага стандарту.

Крыніца ў мытні “Заходні Буг” паведаміла, што супольны мытны дагляд быў у свой час уведзены зыходзячы з інтарэсаў польскага боку. Маўляў, палякі везьлі ад нас шмат лядоўняў, побытавых тавараў, і, каб не выгружаць дабро для дагляду два разы, польскія службы “прысуседзіліся” да нас. Паводле словаў адмыслоўца, цяпер польскі бюджэт зэканоміць на камандзіровачных.

Людзі ў чарзе, як палякі, так і беларусы, кажуць, што такі перанос пагоршыць сытуацыю на прапускным пункце. Па-першае, перасячэньне мяжы з-за падвойнага дагляду зойме ў два разы больш часу, а па-другое, калі транспарт не прапусьцяць і “завернуць” назад, вяртацца за некалькі кілямэтраў нязручна.

Спадарыня Ажгірэвіч, намесьнік начальніка мытні “Заходні Буг” па арганізацыі мытнага нагляду, сказала, што для беларускага боку праблемы не існуе, таму што на выезьдзе памежны нагляд і так паасобны; існуюць 9 так званых “зялёных палосаў”, і толькі адна з абавязковым кантролем – каб не вывозілі прадметы мастацтва, каштоўныя мэталы, наркотыкі, зброю.

“Больш важны для краіны кантроль на ўезьдзе”, сказала далей спадарыня Ажгірэвіч. “Крок палякаў – лепш ім будзе ці горш – я камэнтаваць ня буду. Мы на ўезьдзе выконваем задачу па абароне эканамічных інтарэсаў дзяржавы, і мы ў поўным аб’ёме выконваем тое, што нам прадпісваецца. А што да таго, што камусьці нязручна вяртацца, дык трэба добрасумленна выконваць усе патрабаваньні пры перасячэньні мяжы. Добрасумленным грамадзянам не давядзецца вяртацца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG