Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэпартамэнт ЗША: "Беларускі ўрад абмяжоўвае свабоду рэлігіяў"


Валер Каліноўскі, Прага У пятніцу апублікаваная справаздача Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША аб стане свабоды рэлігіяў у сьвеце. Частка справаздачы, прысьвечаная Беларусі, налічвае 22 старонкі.

У справаздачы Дзярждэпартамэнту аб свабодзе рэлігіяў сьцьвярджаецца, што ў Беларусі ў мінулым годзе сытуацыя ў гэтай сфэры пагаршалася, што беларускі ўрад абмяжоўваў свабоду веравызнаньняў, карыстаючыся законам 2002 году, які аддае перавагу праваслаўнай царкве. Пры гэтым пратэстанты цярпелі ад нэгатыўнага стаўленьня ўладаў, у тым ліку таму, што яны маюць сувязі са Злучанымі Штатамі.

Апрача таго за мінулы год у Беларусі адбыўся шэраг антысэміцкіх актаў, апаганьваньня манумэнтаў, будынкаў і магіл, якія не атрымалі належнай рэакцыі ўладаў.

Многія рэлігійныя грамады вымушаныя гадамі чакаць рашэньня ўладаў наконт іх рэгістрацыі альбо вяртаньня маёмасьці. Улады парушалі правы і штрафавалі прадстаўнікоў шэрагу рэлігійных груп, а замежныя місіянэры, сьвятары і гуманітарныя супрацоўнікі паўставалі перад створанымі ўладамі перашкодамі ў іхнай дзейнасьці, у тым ліку цярпелі ад дэпартацыяў і адмоваў ў атрыманьні візаў.

Да пазытыўных момантаў Дзярждэпартамэнтам ЗША аднесеная дзейнасьць грамадзкіх актывістаў дзеля ўмацаваньня свабоды веравызнаньня ў Беларусі.

У справаздачы зазначаецца, што ўрад ЗША уздымаў пытаньне свабоды рэлігіяў на перамовах зь беларускімі ўладамі разам з іншымі пытаньнямі аб выкананьні правоў чалавека. Аднак афіцыйны Менск неаднаразова адхіляў запыты абмеркаваць гэтыя парушэньні.

У справаздачы прыводзяцца шматлікія канкрэтныя выпадкі парушэньняў беларускімі ўладамі правоў вернікаў і роўнасьці канфэсіяў, уціску рэлігійных меншасьцяў і закрыцьця іх грамадаў. У тым ліку згадваюцца выпадкі з менскай пратэстанцкай царквой "Новае жыцьцё", у якой улады хочуць забраць малітоўны будынак, адмовы ў рэгістрацыі грамад лютэран, крышнаітаў і іншых канфэсіяў.

Паводле сацыялягічных зьвестак, каля 50 працэнтаў грамадзян Беларусі адносяць сябе да той ці іншай канфэсіі, аднак беларускія ўлады настойваюць, што 80 адсоткаў жыхароў краіны зьяўляюцца праваслаўнымі, 14 – каталікамі, 2 – пратэстантамі.

Паводле стану на студзень 2007 году ў Беларусі было зарэгістравана 3103 рэлігійныя грамады 25 канфэсіяў, у тым ліку 1399 – праваслаўных, 493 – эвангельскіх хрысьціян, 440 – католікаў, 267 баптыстаў, 74 – адвэнтыстаў, 29 – іўдзеяў, 27 – лютэран, 24 – мусульман.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG