Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усё слабейшы й слабейшы. Гэта – пра даляр


Вольга Караткевіч, Прага Курс даляра усё меншае і меншае. Сёньня за адзін эўра даюць адзін даляр і 39 цэнтаў. Некаторыя эканамісты прагназуюць, што кошт эўра вырасьце яшчэ на 4 амэрыканскія цэнты да канца году.

Сёньня даляр яшчэ больш змарнеў на фоне эўра, а брытанскі фунт каштуе ўжо больш за два даляры. Амэрыканская валюта слабела на фоне беспарадкаў на гіпатэчным рынку ЗША, што выклікала звужэньне крэдытаваньня і шырэй можа распаўсюдзіцца на эканоміку краіны.

Выглядае, няма пакуль спадзяваньняў на вяртаньне да старога курсу даляра. Аналітыкі задаюцца пытаньнем, што выклікала такі нізкі курс амэрыканскай валюты адносна адзінай эўрапейскай?

Эканамістаў, напрыклад, зьдзівіла жнівеньскае скарачэньне ў ЗША працоўных месцаў не ў галіне сельскай гаспадаркі.

Ян Стэнард з BNP Paribas – банку ў Лёндане кажа, што гэта важны індыкатар стану эканомікі ЗША:

"Гэта вельмі паказальная падзея, якая дазваляе меркаваць, што амэрыканская эканоміка дэманструе сыгналы пачатку аслабленьня. Міністар фінансаў ЗША Генры Полсан мяркуе, што цяперашні крызыс зацягнуўся насуперак прагнозам рынку. Усё гэта відаць па эканамічным разьвіцьці, і рынак настроены супраць даляру, бо інвэстары баяцца, што цяперашнія праблемы зацягнуцца. Мы б прагназавалі яшчэ большае паслабленьне даляра".

Іншымі словамі, праблемы, якія пачаліся ў сфэры жыльлёвага крэдыту, цяпер пачаліся ў іншых сфэрах эканомікі. Усё, што выклікала спадзяваньні Цэнтрабанку ЗША, Фэдэральнай рэзэрвовай сыстэмы, хутка зробіць даляр менш цікавым для інвэстараў, якія шукаюць лепшых прыбыткаў. Эканамісты прагназуюць, што за адзін эўра трэба будзе плаціць 1 даляр і 40 цэнтаў. Але ўжо згаданы намі Ян Стэнард зь лёнданскага банку BNP Paribas называе лічбу адзін даляр сорак тры цэнты за эўра да канца гэтага году.

Тым часам Нацыянальны банк Беларусі мерыцца з 2008 году адмовіцца ад курсавай прывязкі беларускага рубля да расейскага і ў далейшым выкарыстоўваць у якасьці арыентыра толькі даляр ЗША. Эканамічны экспэрт Яраслаў Раманчук выказаў меркаваньне, што такім чынам Нацбанк Беларусі можа прыступіць да больш актыўнай дэвальвацыі беларускай валюты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG