Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Павінен застацца альбо Шэйман альбо Віктар Лукашэнка”


Віталь Цыганкоў, Менск Якія вэрсіі адстаўкі Уладзімера Канаплёва выглядаюць самымі праўдападобнымі? Ці гэта расплата за надта актыўныя пазыцыі ў бізнэсе ці гэта пашырэньне ўплыву Віктара Лукашэнкі? Ці ёсьць падставы лічыць, што надыходзіць чарга і Віктара Шэймана пакідаць уладу? Гэтыя ды іншыя тэмы абмяркоўваюць у “Экcпэртызе Свабоды” лідэр АГП Анатоль Лябедзька і шэф-рэдактар газэты “Народная воля” Святлана Калінкіна.



Цыганкоў: “Сёньня, на наступны дзень пасьля таго як Уладзімер Канаплёў падаў заяву з просьбай аб адстаўцы, мы паспрабуем прааналізаваць усе вэрсіі, якія прагучалі за гэты час. Адна з самых распаўсюджаных – тое, што Канаплёў ня здолеў стрымаць сваіх інтарэсаў у бізнэсе. Гэта вэрсія, як і кожная іншая, мае права на існаваньне, але не пакідае адказу на пытаньне, чаму менавіта зараз пайшоў Канаплёў. Бо свае інтарэсы ў бізнэсе ён мае як мінімум з 96-га году, і гэта не замінала яму быць адным з найбліжэйшых да Лукашэнкі людзей. Што адбылося, ён пераступіў нейкую рысу?”

Сваёй актыўнасьцю ў нафтавым бізнэсе Канаплёў уступіў у канфлікт з самім Лукашэнкам

Калінкіна: “Вы цалкам слушна адзначылі, што Канаплёў заўсёды быў вельмі актыўным у бізнэсе ў якасьці лябіста нейкіх фірмаў. Але дагэтуль ягоныя канфлікты былі альбо з бізнэсмэнамі альбо з чыноўнікамі. Зараз мы маем прынцыпова іншую сытуацыю, бо крымінальныя справы былі заведзеныя ў нафтавым бізнэсе. Як вядома, нафтавы бізнэс – гэта менавіта тое, што стварае прэзыдэнцкі пазабюджэтны фонд. Таму Канаплёў уступіў у канфлікт не з нейкім шараговым чыноўнікам, а менавіта з самім Лукашэнкам. Бо калі на нафце адмываюцца грошы, то яны не даходзяць да кіраўніка краіны.

Я лічу, што ў першую чаргу менавіта гэта – тыя апэтыты, якія ня здолеў стрымаць сам Канаплеў і яго партнэры па бізнэсу – і стала галоўнай прычынай ягонай адстаўкі”.

Цыганкоў: “Але калі Ўладзімер Канаплёў падаў у адстаўку, як ён можа абараніць сваіх партнэраў па бізнэсу, ня маючы ўжо пасады. Адстаўкай ён ім не дапаможа, -- можа, лягічней было застацца і абараняцца?...”

Калінкіна: “Канаплёў цяпер проста бароніць самога сябе. Гэта ж ня першыя такія справы з сябрамі Канаплёва. І гісторыя сьведчыць, што ён бароніць іх такім чынам, што дапамагае ім зьехаць з краіны, каб іх не пасадзілі. Напрыклад, так было з фірмай “Евроопт” і Сяргеям Літвіным, які цяпер у Польшчы. Думаю, што і сам Канаплёў паспрабуе зьехаць у Расею – ён ратуе зараз сябе і больш нікога”.

“Канаплёва з вялікай асалодай здалі ўсё, хто мог”

Лябедзька: “У адстаўцы Ўладзімера Канаплёва ёсьць некалькі складальнікаў. І найбольш тлустая праслойка ў адстаўцы – эканамічная. За гэтую вэрсію галасуюць канкрэтныя факты. За апошнія месяцы кропкавыя ўдары былі нанесеныя менавіта па тых людзях, што былі вельмі зь ім блізкімі і займаліся бізнэсам. Некранутым застаўся толькі аўтабізнэс Ваганава – і тое даю гэтаму тлумачэньне: гэты праект мае палітычны падтэкст, тут разам з іранцамі выпускаюць новы аўтамабіль.

Калі паглядзець мінулае, прыклады папярэдніх адставак гавораць за эканамічныя вэрсіі. Як сыходзілі Ціцянкоў, Жураўкова? Менавіта таму, што Лукашэнку на стол клалі інфармацыю, доказы таго, што яны рабілі больш чым ім дазвалялася і абкрадвалі -- ня тое, што дзяржаву, але галоўнага правіцеля.

Я думаю, зараз, пасьля таго, як скончыліся допыты людзей, якія эканамічна былі зьвязаныя з Канаплёвым, на стале ў Лукашэнку засталося столькі тамоў, што гэтага хапіла б на некалькі крымінальных справаў. І гэта было той кропляй, якая пераважыла на чашы вагаў” Цыганкоў: “Анатоль, калі мы з вамі абмяркоўвалі адстаўку старшыні КДБ Сухарэнкі, Вы заявілі, што барацьба клянаў заканчваецца, і будзе стварацца адзіная супэрмоцная сілавая структура. Ці трапляе адстаўка Канаплёва ў гэтую схему?”

Лябедзька: “Гэта якраз другі важны складнік адстаўкі Канаплёва. Вядома ж, зачышчаецца прастора для новага палітыка – Віктара Лукашэнкі. Сам Канаплёў паводле многіх сваіх парамэтраў не падпадаў пад тое, каб быць інтэграваным у новую каманду. Разам з Віктарам Лукашэнкам працуюць усё ж такі разумныя людзі, і калі будзе рэалізоўвацца гэты сцэнар (пакуль ён запасны), будуць прадстаўленыя новыя людзі, больш таго, будзе прад’яўлена пэўная імітацыя зьменаў у Беларусі.

Лукашэнка малады павінен прыйсьці з нейкім знакам таго, што за ім ідуць нейкія перамены. І тут Канаплёў быў чужынцам, ён разумеў, што зьяўленьне Віктара Лукашэнкі азначае зьніжэньне яго эканамічных мажлівасьцяў, яго палітычных мажлівасьцяў. Ён прымаў нейкія крокі. Штурхаўся локцямі, і яго з вялікай асалодай здалі ўсе, хто мог – я маю на ўвазе інфармацыю пра эканамічныя справы Канаплёва”.

Цыганкоў: “ Тое, што Аляксандра Лукашэнка расчышчае дарогу свайму пераемніку, свайму сыну Віктару – такую вэрсію выказаў у нашым эфіры Аляксандар Фядута. “Тыя былыя паплечнікі Лукашэнкі, якія больш за ўсіх пра яго ведаюць і памятаюць яго сына ў якасьці перапалоханага хлапца, што выглядаў з-за бацькавага пляча – яны разумеюць, што ім трэба адыходзіць”, -- заявіў Фядута і патлумачыў, што Канаплёў зьняты, каб ён ня мог уплываць на вынікі парлямэнцкіх выбараў. Святлана, наколькі пераканаўчай вам здаецца гэта вэрсія?”

Калінкіна: “У мяне ўражаньне, што Аляксандар Іосіфавіч не да канца сфармуляваў сваю вэрсію. Сапраўды, мы ўсе ведаем, што зараз Віктар Лукашэнка набірае сваю каманду і яна набірае ўплыў. Але ўявіць Канаплёва, які будзе ўплываць на фармаваньне гэтай каманды альбо на вынікі парлямэнцкіх выбараў – гэта з галіны фантастыкі.

Я думаю, прычына ў іншым. Тыя, хто зараз прыходзіць да Віктара Лукашэнкі, яму дапамагае, яны ня могуць стаць уплывовымі палітыкамі, седзячы ў сваіх кабінэтах. Ім трэба кантраляваць сур’ёзныя напрамкі палітыкі і эканомікі. Нафтавы бізнэс тут будзе заўсёды стаяць на першым месцы.

У гэтым сэнсе Канаплёў стаў замінаць на гэтай дарозе. А не ў палітычным сэнсе, нібы ён пачне нейкую сваю гульню і будзе перашкаджаць праекту “пераемнік”

“Павінен застацца альбо Шэйман альбо Віктар Лукашэнка”

Цыганкоў: “Цяпер у некаторых аналітыкаў на вуснах такая фраза – “наступны -- Шэйман”. Ці бачыце вы лёгіку ў такім разьвіцьці падзеяў?”

Калінкіна: “Віктар Лукашэнка і Віктар Шэйман сыходзяцца на адным полі, і нехта зь іх павінен сысьці. Зь іншага боку, Аляксандар Лукашэнка баіцца і ня хоча заставацца адзін. Яму патрэбны чалавек, на якога заўсёды можна сьпісаць і зьнікненьні палітыкаў і арышты – усё. Таму правай рукой Лукашэнка гатовы падпісаць указ ад адстаўцы Шэймана, а левай яго камечыць і выкідвае ў сьметнік. Гэта для яго будзе вельмі цяжкае палітычнае і псыхалягічнае рашэньне, але лёгіка падзеяў менавіта такая – павінен застацца альбо Шэйман альбо Віктар Лукашэнка”.

Цыганкоў: “Калісьці ў 90-х казалі,што Аляксандар Лукашэнка ніколі ня з здасьць трох чалавек: Ціцянкова, Канаплёва і Шэймана. Ціцянкоў і Канаплёў ужо далёка ад улады. Чарга Шэймана?”

Лябедзька: “Шэйман і сам ужо ня першы тыдзень і месяц просіць Лукашэнку адпусьціць яго на пакой. Яго зараз вабіць дыпляматычная кар’ера, ён не аднойчы ўжо зьезьдзіў у Вэнэсуэлу, быць амбасадарам у гэтай краіне – быў бы вельмі добры працяг кар’еры для Шэймана. Месца райскае, там можна працягваць бізнэс, краіна цікавая, рэжым вельмі падобны – гэта бясьпека і цішыня. Думаю, Шэйман знасіўся ў значнай ступені, выконваючы далікатныя просьбы Лукашэнкі. Пытаньне адстаўкі Шэймана ўжо ўзьнікала, і ёсьць такая вэрсія на ўзроўні чутак, што ён нібыта ўспрыняў у свой час гэта вельмі хваравіта, і заявіў, што проста адстаўку ён ня прыме і гатовы ахвяраваць сваім жыцьцём.

Але ёсьць рэальнае сутыкненьне на той палітычнай дзялянцы, якая не пацерпіць некалькі людзей, што прэтэндуюць на асаблівы ўплыў на Лукашэнку. Да нядаўняга часу Шэйман кантраляваў усё – спэцслужбы, “доступ да цела” Лукашэнкі – гэта была яго манаполія. Са зьяўленьнем Віктара Лукашэнкі ён губляе гэтую манаполію. І для яго зараз самы ідэальны варыянт – знайсьці месца ўтульнае, бясьпечнае, з гарантыямі працягненьня і бізнэсу і пэўнага ўплыву”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG