Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пройдзе месяц, і прызвычаяцца да нашых цэнаў”


Сяргей Астраўцоў, Горадня Цэны на прадукты ў гарадзенскіх крамах павялічыліся, на першы погляд, ненашмат. На хлеб — на тры адсоткі, на гарэлку — настолькі ж, на малако — на два. Але пакупнікі заўважаюць і больш істотнае падаражаньне, напрыклад, алею або шынкі.

Карэспандэнт: “Мы ў самым буйным у цэнтры Горадні гандлёвым цэнтры “Нёман”. Я зьдзіўлены, што каля каўбаснага аддзелу мала людзей, у чым прычына?”

Маладая спадарыня: “Магчыма гэта таму, што цэны апошнім часам вырасьлі. Я была, напрыклад, у іншай краме сёньня. Раней самая танная шынка каштавала чатырнаццаць тысяч, цяпер — амаль васемнаццаць. Калі я спыталася, мне адказалі, што ў іх нацэнка падвысілася, сямнаццаць адсоткаў стала”.

Карэспандэнт: “Я зьвярнуў увагу на гэтак званыя “бессартавыя” каўбасы.

Маладая спадарыня: “Яны па дваццаць адной – па дваццаць дзьве тысячы каштуюць, гэта даволі дорага. Я днямі купляла алей, таксама зьдзівілася: украінскі шукала, нідзе не знайшла, ён каштаваў трошку больш за тры тысячы, давялося набыць расейскі — “Залатая семка”, ён каштуе амаль што пяць тысяч”.

Спадарыня: “Неяк усё патроху даражэе, але куды падзецца: купляеш, есьці трэба кожны дзень”.

Спадар: “Наконт падаражаньня нічога не магу сказаць, я тут нічому не зьдзіўляюся. А каўбасу я ня ем, раніцай ем кашу аўсяную з разынкамі і фінікамі, на абед — мяса і суп. Калі каўбаса падаражэла, значыцца і мяса падаражае. Шчыра кажучы: жонка па крамах ходзіць, я толькі грошы даю”.

Карэспандэнт: “Вінная крама на вул.Савецкай. У вас стала менш пакупнікоў, праўда?”

Прадавец: “Гішпанскія віны цяпер самыя танныя ў нас — трынаццаць тысяч, малдаўскія — дзевяць-дзесяць. Цэны падняліся, людзі сталі менш купляць, спадзяюцца, што знойдуць яшчэ недзе таньней. Хаця пройдзе месяц, і прызвычаяцца да нашых цэнаў. Цэны ў любым разе меншымі ўжо ня будуць, на ўсё растуць цэны”.

Карэспандэнт: “Гандлёвы дом “Баторыя”, маладая сям’я выбірае прадукты”.

Маладая спадарыня: “Ужо столькі падвышаюць гэтыя цэны, што нават не арыентуесься, што табе прымальна, а што не. Літаральна на ўсё падвышаюць, але ня хочацца пра гэта гаварыць”.

Спадарыня: “Ну, як можна рэагаваць на падвышэньне цэнаў?! Хаця я, шчыра кажучы, у апошнія дні ў крамах не бывала”.

Карэспандэнт: “У вас поўны халадзільнік?”

Спадарыня: “Не, папросту ў мяне няма часу”.

• Рост цэнаў востра адчуе кожная пятая беларуская сям’я, 7.09.2007 • Чаму даражэюць тавары першай неабходнасьці?, 30.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG